Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менску цяжка знайсьці “залатую сярэдзіну” паміж Захадам і Ўсходам


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

“Удзел Беларусі ў агульнаэўрапейскіх працэсах не павінен перакрэсьліць выгады ад інтэграцыі з краінамі СНД”, — заявіў у панядзелак Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця адносінаў з Эўразьвязам. Ці магчыма збалянсаваць усходні і заходні вэктары ў беларускай замежнай палітыцы? Ці азначаюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, што афіцыйны Менск больш не жадае ісьці на палітычныя саступкі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.


Цыганкоў: Сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі вызначаюцца пэўнай “дыялектыкай” — з аднаго боку, Эўразьвяз добры, бо адносіны палепшыліся, Беларусь запрасілі ва Ўсходняе партнэрства, зь іншага боку — Эўразьвяз кепскі, бо дапамагае мала, і выгодаў ад таго ж Усходняга партнэрства пакуль не відаць. Які мэсыдж могуць несьці гэтыя супярэчлівыя выказваньні, як павінна іх разумець і Захад, і беларускія чыноўнікі?

Фёдараў: Гэтыя выказваньні ляжаць у рэчышчы ўсіх апошніх заяваў. Можна прыгадаць, што дзён 10 таму на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Эстоніі гучалі практычна тыя ж словы — “мы гатовыя да супрацоўніцтва, але ніякага ціску не пацерпім” і гэтак далей.

Мне здаецца, што гэта сьведчыць пра пэўную разгубленасьць беларускага кіраўніцтва. Вось фраза наконт таго, “каб удзел Беларусі ў агульнаэўрапейскіх працэсах перакрэсьліў усе выгоды ад інтэграцыі з Расіяй і іншымі дзяржавамі СНД”. Але, напрыклад, Расея хоча, каб Беларусь прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і ставіць гэта адной з умоваў, таксама ёй увогуле не падабаецца удзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”. Ды што — прызнаваць, нягледзячы на тое, як разьвіваюцца адносіны з Эўропай? Малаверагодна, што Менск на гэта пойдзе.

Напрыклад, Эўразьвяз дапамагае Беларусі атрымаць крэдыты МВФ, а гэта 3,5 мільярда даляраў.
Так, Усходняе партнэрства пакуль не дае практычных выгодаў Менску, але праграма гэтая толькі распрацоўваецца, яна яшчэ нікому выгодаў не дае. Аднак, напрыклад, Эўразьвяз дапамагае Беларусі атрымаць крэдыты МВФ, а гэта 3,5 мільярда даляраў.

У цэлым заявы Лукашэнкі сьведчаць, што беларускаму кіраўніцтву вельмі цяжка знайсьці “залатую сярэдзіну”, каб задаволіць і Захад і Ўсход.

Цыганкоў: “Кожны крок насустрач Беларусі контрагенты абумоўліваюць патрабаваньнямі ўступак з нашага боку, у эканамічнай гэта ці ў палітычнай сфэры” — заявіў на нарадзе Лукашэнка. Ці азначаюць гэтыя словы, што афіцыйны Менск больш не жадае ісьці на палітычныя саступкі ці гэтыя заявы больш для ўнутранага карыстаньня?

Фёдараў: Збольшага для ўнутранага карыстаньня. Па-першае, нідзе не гучала, што Эўразьвяз патрабуе адразу нейкія істотныя крокі. Наадварот, усе апошнія дзеяньні сьведчаць, што Эўропа згодная на невялікія, нават касмэтычныя зьмяненьні. Эўропа сама робіць значна больш істотныя крокі насустрач. Зь іншага боку, беларускія ўлады ўсё ж ідуць на пэўныя зьмены.

Заявы Менску часта робяцца для “ўнутранага карыстаньня”, а справы — зусім не такія, як пра гэта гучна сьцьвярджаецца

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG