Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендэрны камплімэнт Беларусі. На жаль, сумніўны


Алена Гапава

Алена Гапава

На мінулым тыдні Сусьветны эканамічны форум апублікаваў “Сусьветную справаздачу па дасягненьні гендэрнай роўнасьці”, у якой высока ацаніў заслугі Беларусі – 34 месца, ззаду засталіся яшчэ 100 краінаў.

Ідэалёгія гэтага дакумэнту наступная. Галоўным капіталам кожнай нацыі, калі яна ўдзельнічае ў сусьветным спаборніцтве за месца пад сонцам, ёсьць чалавечы талент, г.зн. адукацыя і навыкі яе працоўнай сілы. Жанчыны састаўляюць палову гэтага нацыянальнага багацьця, і таму выгодна, каб яны былі адукаваныя (дзеці адукаваных жанчын маюць вышэйшы рэйтынг выжываньня і дасягненьня сталага ўзросту) і ўвогуле мелі роўныя з мужчынамі правы і рэальныя магчымасьці ўдзелу ў рынку працы.

Здаецца, што міжнародныя мэдыі заўважылі зьяўленьне “Справаздачы” перш за ўсё дзякуючы “Рэйтынгу дасягненьня гендэрнай роўнасьці.” Гэта табліца, дзе кожная са 134-х краінаў займае месца згодна з памяншэньнем разрыву паміж мужчынамі і жанчынамі, які адследжваецца па 4-х параметрах: працоўным удзеле, адукацыйных магчымасьцях, ахове здароўя (у тым ліку мацярынскай сьмяротнасьці) і ўдзелу ў палітыцы.

Самыя першыя пазыці у рэйтынгу займаюць Ісьляндыя, Нарвэгія, Фінляндыя і Швэцыя: амаль “сацыялістычныя” краіны з высокімі падаткамі, добрым узроўнем сацыяльнага забеспячэньня і значнай роляй дзяржавы. Беларусь знаходзіцца на 34-м месцы, што ня так і блага, калі ўлічыць, што Амэрыка – адна з самых багатых і самая моцная краіна сьвету – на 31-м, а, напрыклад, Расія – на 51-м.

Але пазыцыя Беларусі патрабуе тлумачэньня, таму што такія рэйтынгі працуюць зь “вялікімі лічбамі.” Яны улічваюць працэнт жанчын і мужчын у розных галінах дзейнасьці, але не разглядаюць, як тыя ўзроўні былі дасягнутыя ці аб якіх працэсах на самой справе сьведчаць.

Беларускія “дасягненьні” – як і ў іншых краінах былога Саюзу – большай часткай зьвязаны са спадчынай сацыялістычнага пэрыяду. Да іх адносяцца даволі адукаванае насельніцтва, высокі ўдзел жанчын у працоўным рынку, у там ліку ў яго адукаваным сэгмэнце, агульнае мэдыцынскае абслугоўваньне і нават адносна добрае забесьпячэньне дзіцячымі садкамі. Гэта апошняе дазваляе сумяшчаць працу і мацярынства, г.зн. мець эканамічную незалежнасьць.

Нажаль, сусьветны рэйтынг не гаворыць напрамкі пра тое, што калі жанчыны робяцца “больш адукаванымі” за мужчынаў – як гэта ёсьць у нас – гэта ёсць сьведчаньнем паніжэньня адукацыйнага прэстыжу. Іншымі словамі, таго, што паміж адукацыяй і заробкам няма прамой сувязі. Больш адукаваныя не заўсёды больш зарабляюць, а часта і наадварот.

Ня ведае сусьветны рэйтынг і таго, што 30% жанчын у парлямэнце сьведчыць не пра дэмакратычныя магчымасьці, а пра тое, што дэпутатаў ня столькі выбіраюць, колькі “назначаюць”. Як сказаў у 2004г. Лукашэнка: “Жанчын у Парлямэнце не павінна быць менш як 30-40%. Тады парлямэнт будзе стабільным, спакойным," – так іх адразу столькі працэнтаў сярод дэпутатаў і зьявілася. Без аніякіх квотаў альбо іншых структурных зьменаў у грамадзтве. Таму гэтая лічба паказвае ня тое, што жанчыны у нашай краіне маюць высокія шанцы ў палітыцы, а тое, што выбары не зусім “чэсныя.”

Але сусьветны рэйтынг пра гэта ня ведае...

Алена Гапава - заснавальніца Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў ЭГУ, дацэнт катэдры сацыялёгіі Western Michigan University, сябра рэдакцыйнай рады часопіса The Slavic Review

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG