Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Толкаўскай базавай школы Драгічынскага раёну Васіль Дубовік удакладніў для Радыё Свабода сытуацыю, зьвязаную са сьмерцю ад пнэўманіі 37-гадовай тутэйшай настаўніцы.

Дырэктар школы паведаміў, што ўсе школьнікі цяпер на канікулах, падоўжаных да 9-га лістапада. Гэта не ініцыятыва школы. Канікулы падоўжылі ва ўсіх школах Берасьцейшчыны.

“У нябожчыцы засталася дачка. Яна вучыцца ў 9-й клясе. І тут усе мы вельмі ўсхваляваныя”, – расказаў Васіль Дубовік.

Пытаюся ў дырэктара, ці турбуюць яго школу й сем’і вучняў лекары альбо начальнікі са сфэры адукацыі. Суразмоўца кажа:

“Не, камісій ніякіх няма. Проста, як мне падаецца, для перастрахоўкі ва ўсіх у нас узялі мазкі з горла й носу. І ўсё. Яшчэ ўрач апытаў пра самаадчуваньне. Яшчэ санітарны ўрач паведаміў нам, што на аналіз узялі часткі цела нябожчыцы і адправілі на аналіз у Берасьце. Тут такія аналізы немагчыма зрабіць. А вынікі аналізаў стануць вядомыя празь некалькі дзён”.

Мы гутарылі з дырэктарам Толкаўскай школы і пра прычыны, якія вымушаюць настаўнікаў езьдзіць на рынкі ва Ўкраіну, ратуючыся ад галечы. Васіль Дубовік кажа:

“Калі ёсьць розьніца ў коштах ва Ўкраіне й Беларусі, то натуральна, што адбываецца ператок тавараў. Зрэшты, наша калега часта гэтым карысталася. Але цяжка меркаваць, ці з-за гэтага яна заразілася”.

Як паведамляла Радыё Свабода, настаўніца, якая раптоўна памерла ад пнэўманіі, напярэдадні вярнулася з Украіны, дзе разразілася эпідэмія сьвінога грыпу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG