Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2 лістапада ў Беларусі пачалася камэрцыйная эксплюатацыя мабільнай сувязі трэцяга пакаленьня па стандарце UMTS.


Беларускі мабільны апэратар life:) (ЗАО «БеСТ»), які на 80% належыць турэцкай кампаніі Turkcell Group і на 20% беларускай дзяржаве, 2 лістапада пачаў аказваць паслугі па прадстаўленьні паслугаў сувязі ў стандарце трэцяга пакаленьня у стандарце UMTS. Паколькі трэцяе пакаленьне мабільнай сувязі ў стандарце CDMA2000 існуе ў Беларусі ўжо некалькі гадоў, то кампанія life:) стала чарговым беларускім апэратарам, які выйшаў на рынак мабільнай сувязі ў нішы хуткаснай бесправадной перадачы дадзеных.

Розьніца паміж CDMA2000 ад першага мабільнага беларускага апэратара БелСел (гандлёвая марка Diallog) і трэцяга GSM-апэратара life:) палягае ў тым, што CDMA2000 – гэта амэрыканска-азіяцкі стандарт, тады як у нас найвялікшай папулярнасцю карыстаецца мабільная сувязь, заснаваная на эўрапейскай тэхналёгіі GSM. Адпаведна, для GSM ёсьць велізарны выбар трубак у самым шырокім коштавым дыяпазоне, а мабільныя тэлефоны для CDMA2000 досыць дарагія і выбар іх невялікі. Асабліва ў тым варыянце, які існуе ў нас — на частаце 450 Мгц. Паколькі ў ЗША і азіяцкіх краінах выкарыстоўваюцца іншыя частоты, тут выбар яшчэ меншы, а кошты вышэй. Не забудземся і пра GSM-роўмінг, які даступны па ўсім сьвеце, тады як CDMA2000 у беларускім варыянце “ловіцца” ў лічаных краінах. Менавіта таму пра зьяўленьне 3G ад апэратара life:) гавораць як пра новы этап ў разьвіцьці мабільнай сувязі ў Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў дачыненьні да 3G гутарка ідзе ў першую чаргу пра хуткасную перадачу дадзеных, галоўным чынам, мабільны Інтэрнэт. 3G ад мабільных GSM-апэратараў існуе ў некалькіх вэрсіях, дзе UMTS – пачатковы ўзровень з хуткасьцю перадачы дадзеных да 384 кбіт/сэк. Больш высокі ўзровень – гэта тэхналёгія HSDPA, якая дазваляе павялічыць яе да 1,8 Мбіт/сэк. У сваю чаргу, HSDPA існуе ў трох версіях, адпаведна з хуткасьцямі 1,8 Мбіт/з, 3,6 Мбіт/з і 14,4 Мбіт/з.

Мяркуючы па тым, што ў некаторых месцах Менску некаторыя карыстальнікі зафіксавалі хуткасьць 9,6 Мбіт/сэк, можна зрабіць выснову, што life:) гатовы да аказаньня паслугаў ня толькі ў вэрсіі UMTS, але і ў апошняй вэрсіі HSDPA. Але па нейкіх прычынах апэратар абвяшчае менавіта пра запуск 3G у стандарце UMTS.

Для паспалітага карыстальніка гэта азначае, што ў залежнасьці ад мадэлі тэлефона і мясцовых умоваў прыёму, ён здолее мець доступ у Інтэрнэт на апісаных вышэй хуткасьцях. Такія хуткасьці дазваляюць у рэжыме онлайн глядзець відэа, слухаць інтэрнэт-радыё ў высокай якасьці, загружаць mp3-кампазыцыі, відэакліпы і фільмы. Апроч таго, упершыню ў Беларусі абанэнты 3G life:) цяпер могуць ня толькі чуць суразмоўцу, але й бачыць яго падчас гутаркі пры дапамозе новай паслугі "life:) “Відэазванок”.

XS
SM
MD
LG