Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За некалькі мінулых дзён колькасьць хворых на сьвіны грып у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, узрасла на 20 чалавек. Многія людзі ўстрывожаны. Асабліва ў сувязі з паведамленьнямі з Украіны, дзе абвешчана эпідэмія грыпу і колькасьць хворых ідзе на дзесяткі тысяч.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Драгічыне памерла настаўніца, якая наведвала Ўкраіну


Сёньня галоўны ўрач Драгічынскага раённага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Міхаіл Стахейка пацьвердзіў інфармацыю пра раптоўную сьмерць 37-гадовай настаўніцы з Толкаўскай базавай школы.

“У ноч зь пятніцы на суботу ў нас ад пнэўманіі памерла жанчына. Ёй было толькі 37 гадоў. Яна памерла ад пнэўманіі! Зьвязваць хваробу са сьвіным грыпам я не магу. Вы зразумейце гэта правільна. Неабходныя матэрыялы мы накіравалі ў Берасьце. І пакуль гаварыць нешта канкрэтнае я ня маю права. У мяне пакуль няма афіцыйнага заключэньня”.

І ён жа ўдакладніў, што нябожчыца раней наведвала Ўкраіну:

“Жанчына, якая памерла ад пнэўманіі, была 10-га верасьня ва Ўкраіне. Разумееце? Мяркую, што там яна заразілася. Чым заразілася? Мы гэта ня можам цьвёрда патлумачыць, пакуль не атрымаем вынікі дасьледаваньняў зь Берасьця”.

Настаўнікі Толкаўскай базавай школы, зь якімі таксама ўдалося пагутарыць, паведамілі, што калега захварэла яшчэ ад мінулай пятніцы.

За адзін тыдзень па дапамогу зьвярнуліся 310 чалавек — у 2,5 раза больш, чым за такі ж пэрыяд летась.
“Яна прыйшла на працу, хаця дрэнна пачувалася. Прайшлі заняткі і клясная гадзіна. І толькі тады яна паехала дахаты. Па мэдычную дапамогу адразу не зьвярнулася. Зрабіла гэта толькі ў панядзелак. Вось каб адразу зьвярнулася да ўрачоў, то, магчыма, тым самым выратавала б сябе…”

Літаральна за тыдзень згасла жыцьцё жанчыны. Тым часам у Драгічыне, як канстатуе галоўны санітарны ўрач Міхаіл Стахейка, павялічваецца колькасьць хворых на грып:

“У нас цяпер ёсьць уздым у захворваньнях на грып і вострыя рэсьпіраторныя захворваньні. І ўздым гэта значны. Да прыкладу, за мінулы тыдзень зьвярнуліся па дапамогу 310 чалавек. Гэта шмат. Гэта ў 2,5 раза больш, чым за адпаведны пэрыяд у мінулым годзе”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На памежным пераходзе Новая Гута і ў аэрапорце выстаўлены санітарна-кантрольныя пасты


На Гомельшчыне на мяжы з Украінай, дзе ў дзевяці рэгіёнах абвешчана эпідэмія “сьвінога грыпу”, вядзецца санітарны кантроль. У прыватнасьці, на беларуска-ўкраінскім пераходзе Новая Гута і ў аэрапорце Гомеля.

Паведамляе супрацоўніца санітарна-эпідэміялягічнай службы рэгіёну:

“Стаіць санітарна-кантрольны пост, дзе вядзецца кантроль тых, хто захварэў, у сувязі з пачаткам захворваньняў у суседзяў на высокапатагенны грып. Ажыцьцяўляецца тэрмамэтрыя тых, хто прыяжджае ў аэрапорт і кантрольна-прапускны пункт Новая Гута. На аўтапераходзе Камарын супрацоўнікаў мэдычнай службы няма. Там ніякага кантролю няма, бо там, у асноўным, едуць нашыя гомельскія людзі — туды й назад”.

Карантын уведзены ў памежных зь Беларусьсю рэгіёнах Украіны.
Тым часам у дзевяці абласьцях Заходняй Украіны ўведзены карантын у зьвязку з эпідэміяй грыпу, у тым ліку й новай ягонай формай — А/H1N1.

На тры тыдні зачыненыя ўсе навучальныя ўстановы й адменены ўсе масавыя мерапрыемствы.

Карантын уведзены і ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны. Пра тамтэйшую сытуацыю апавядае жыхарка Дубноўскага раёну Ровенскай вобласьці спадарыня Давыдзюк:

“У нашай вёсцы мы жывём, як і раней, звычайным жыцьцём. У горадзе гандляры ў масках, у аўтобусе людзі езьдзяць у масках. А звычайна — хто як. Між сабой людзі гавораць толькі пра грып. У нашым раёне “сьвіны грып” не пацьверджаны, бо аналізы не рабілі на новы від грыпу. Але людзі хварэюць, у шпіталі ляжаць, у рэанімацыі ляжаць. Сьмяротных выпадкаў ад грыпу ў раёне няма”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне людзі скупляюць лекі супраць грыпу


У Магілёве ў сувязі з павышаным узроўнем прастудных і вострых рэсьпіраторных захворваньняў школьныя канікулы падоўжаныя на тыдзень. За кастрычнік па мэдычную дапамогу зьвярнулася больш за пятнаццаць тысяч чалавек, звыш 60 працэнтаў зь іх — дзеці.

У абласной управе аховы здароўя заяўляюць, што афіцыйна эпідэміі грыпу ў Магілёве не абвяшчалі:

“Тое, што дзеці не пайшлі ў школу, — гэта можа быць больш ініцыятыва ўправы адукацыі. Так, узровень захворваньняў павялічыўся, але парогавы ўзровень не пераадолены”, — паведаміла супрацоўніца ўправы.

Вострая сытуацыя на сёньня ў Магілёве й Бабруйску.
Напярэдадні выходных ніякіх афіцыйных распараджэньняў у друку адносна падаўжэньня школьных вакацыяў яшчэ не было. У абласной управе адукацыі паведамілі, што такое рашэньне прымалася на экстраннай нарадзе позна ўвечары ў пятніцу.

“У нас сытуацыя з захворваньнямі самая вострая ў Магілёве й Бабруйску. Паводле працэнтных адносін у Магілёве хворых значна больш. Гэта нават не карантын, а гэта проста працяг канікул. Пакуль што нельга казаць, што гэта эпідэмія. Дзеці будуць прышчэпленыя адпаведнай прышчэпкай францускай вытворчасьці”, — зазначыў супрацоўнік управы адукацыі.

Колькі ў рэгіёне хворых на грып, афіцыйнай інфармацыі няма. Вядома, што ў Магілёве іх больш за 15 тысяч і што 60 працэнтаў зь іх — дзеці.

У абласным цэнтры вострага дэфіцыту супрацьгрыпавых лекаў няма. Так запэўніваюць у мясцовых аптэках. Аднак попыт на іх вырас.

Не хапае ў рэгіёне марлевых павязак і некаторых прэпаратаў.
“Узрос разы ў чатыры. Езьдзілі раніцай на склад і ўсё, што ёсьць на складзе, прывезьлі. Ня ведаю, на колькі хопіць, але пакуль усё ёсьць, акрамя рэмантадыну ў пілюлях”, — кажа аптэкарка Вольга.

Нестае ў магілёўскіх аптэках марлевых павязак і некаторых прэпаратаў, напрыклад, аксалінавай мазі.

У Бабруйску дзеці сёньня пайшлі ў школу, аднак у аптэках ажыятаж на лекі ня меншы за магілёўскі. Гаворыць бабруйская аптэкарка Сьвятлана:

“Наша аптэка працуе па выходных днях. У нядзелю рэалізацыя ўзрасла ў пяць разоў на ўсе гэтыя сродкі”.

Сытуацыя зь лекамі штогод паўтараецца, лічыць бабруйскі фармацэўт Данута Чыгір. Попыт на лекі ўзрастае акурат у кастрычніку й лістападзе. Сёлета ж сытуацыя крыху іншая, і лекавы ажыятаж будзе абвастрацца:

“Зараз абвясьцілі, што эпідэмія сьвінога грыпу. Людзі адразу ж пабеглі набываць аксалінку, маскі марлевыя. У інтэрнэце ўсё стракаціць: “Людзі, дзе набыць, усё аббегаў”. Нашая аптэчная сетка не спраўляецца з сытуацыяй. Яны не пасьпяваюць набываць гэтыя лекі ў пастаўшчыкоў гуртам. Попыт вялікі, а магчымасьці аптэкаў малыя”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Гарадзенскай вобласьці школьных канікулаў не працягвалі


У школах Гарадзенскай вобласьці сёньня пачаліся заняткі. Ва ўправе адукацыі аблвыканкаму мне патлумачылі, што спэцыялісты сочаць за сытуацыяй з распаўсюджваньнем эпідэміі грыпу, увесь час яе аналізуюць і пакуль прыходзяць да высновы, што канікулы працягваць няма патрэбы.

Кажа загадчыца аддзелу агульнай і сярэдняй адукацыі Ўпраўленьня адукацыі аблвыканкаму Галіна Курганская:

“Пакуль у гэтым няма неабходнасьці, бо не зафіксаваны рост захворвальнасьці. І сёньня ў дзяцей працягваюцца заняткі ва ўсіх школах рэгіёну”.

Айчынныя лекі — 1000 рублёў, імпартныя — ад 10.000 да 30.000
А ці падрыхтаваліся да эпідэміі грыпу ў аптэках рэгіёну? Паўсюль сьцьвярджаюць, што ўсе неабходныя лекі ёсьць і даступныя паводле коштаў. Вось што, да прыкладу, сказала мне загадчыца адной з ваўкавыскіх аптэк:

“Сапраўды, цяпер вялікі наплыў людзей і шмат прэпаратаў разыходзіцца. Мы нават не пасьпяваем заказваць: заказваем, прадаем і зноў заказваем”.

Спадарыня Алена кажа, што антыгрыпозныя прэпараты даступныя: айчынныя можна набыць нават за 1 тысячу рублёў, ёсьць і імпартныя, якія па цане прыкладна ад 10 да 30 тысячаў рублёў.

У слонімскай аптэцы таксама пацьвердзілі, што з прэпаратамі праблемаў ня маюць і пакуль ажыятажу сярод людзей не назіраецца. Дзеля прафіляктыкі загадчыца аптэкі, спадарыня Алена, параіла мець у хаце аднаразавыя павязкі, якія можна набыць у любой аптэцы.

“Яны танныя — каштуюць усяго 250 рублёў. Праўда, падчас эпідэміі імі можна карыстацца толькі 2 гадзіны. Яны зробленыя з аднаразавых матэрыялаў, таму іх трэба выкідаць. А можна самому пашыць трохслойную з шырокага бінту павязку і праз 2-3 гадзіны прасаваць яе, і можна карыстацца пастаянна. Праўда, цераз суткі яе трэба перамываць”.
XS
SM
MD
LG