Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Праўда пра Курапаты — найлепшая справа нашай апазыцыі”


Сёньня — Дзяды, дзень ушанаваньня памяці продкаў. Найноўшая грамадзкая традыцыя — згадваць у зьвязку з гэтым днём тых, хто стаў ахвярай палітычных рэпрэсій.


Спадарыня: “Я хачу выказаць вялікую падзяку нашай апазыцыі і Пазьняку за адкрыцьцё помніка ў Курапатах. За ўвесь час, за 15 год існаваньня апазыцыі нашай, адзін раз безумоўна добрую справу зрабілі! Гэта помнік будзе на ўсё жыцьцё, людзі цяпер будуць прыходзіць туды са сваім болем, са сьлязьмі на вачах, — плакала вось, каб вы толькі ведалі... Гэта ж столькі народу загінула за нішто”.

Сярод тых сталінскіх пакутнікаў і бацькі нашых слухачоў, якія сёньня ўжо самі сталі бабулямі ды дзядамі.

Ларыса, Менск: “Падчас вайны кіраўніком групы “Вера” быў мой бацька, Арцём Фёдаравіч. Асуджаны фашыстамі разам з маці і адпраўлены ў канцлягер у Нямеччыну, а пасьля вяртаньня ў Менск — трыбуналам у 1950 годзе паўторна асуджаны сваімі як здраднік радзімы на 25 гадоў у Сыбір. Адбыў 5 гадоў, рэабілітаваны, але неўзабаве памёр. Яму было ўсяго 54 гады”.

Учора ў Курапатах ды іншых падобных мясьцінах па ўсёй Беларусі прайшлі адмысловыя акцыі. Яны не засталіся па-за ўвагай уладаў, хоць у сталіцы, напрыклад, арганізатары шэсьця атрымалі на яго дазвол.

Спадар: “Зь якой пары сталічнае тэлебачаньне стала філіяй спэцслужбаў? Яго апэратар падыходзіў да кожнага маладога чалавека ў калёне, нахабна падносіў камэру, фатаграфаваў, а на выхадзе з тунэлю каля ляснога масіву Курапаты дзецюкі са спэцслужбаў чакалі маладых людзей, каб схапіць іх. Мы, дарослыя, ледзь адбілі аднаго хлопца. Хай Гасподзь заўжды дапамагае яму. Гэта сапраўдны беларус”.

Вось меркаваньне пра падобныя выпадкі:

Спадар: “Наконт ахвяраў рэпрэсій мяркую: патрэбна шукаць зьвесткі, зьмяшчаць у інтэрнэце, канкрэтна: прозьвішча, імя, праца”.

Слухач лічыць, што грамадзтва павінна ведаць ня толькі ахвяраў:

“…Жыхары маюць права ведаць, хто карнікі, міліцыянты, судзьдзі, пракуроры. Гэта жандары ад улады, і яны павінны панесьці кару”.

Чарговы званок падсумоўвае сёньняшні дзень памяці продкаў.

Спадар: “2 лістапада — дзень памяці. Уцешымся праўдай пра тое, што Бог любіць нас. Сапраўды, імёны народных герояў помніць. Але важна помніць і імя пана Езуса Хрыста, які пакутаваў за нас”.

І напрыканцы — падборка званкоў на іншыя тэмы дня:

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Апусьцілі гандлёвыя надбаўкі. Мне здаецца, што ўлада ў чарговы раз вырашыла, як кажуць, чужымі рукамі жар загарнуць. Зараз увядуць нейкія новыя падаткі гандлярам, а тыя хоцькі-няхоцькі падымуць кошты. А плаціць розьніцу будзе народ. І вінаватыя застануцца гандляры — толькі ня ўлада са сваёй нахабнай хітрасьцю”.

Зіноўеў: “У расейскага Ашчаднага банку, які купляе Белпрамбудбанк, рэпутацыя самая дрэнная, нават у расейскай банкаўскай сыстэме. І калі Сідорскі гэтага ня ведае, хай ідзе ў адстаўку. А Белпрамбудбанк трэба прапанаваць нейкаму эўрапейскаму банку”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG