Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча сябраваць “за”, а не “супраць”


“Беларусь не зьбіраецца сябраваць з Эўразьвязам супраць інтарэсаў іншых дзяржаваў і наадварот" – заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка.


Ён лічыць недапушчальным, каб удзел Беларусі ў агульнаэўрапейскіх працэсах перакрэсьліў усе выгоды ад інтэграцыі з Расеяй ды іншымі дзяржавамі СНД. Пра гэта кіраўнік дзяржавы казаў на паседжаньні ў пытаньнях разьвіцьця дачыненьняў з Эўразьвязам, перадае БелТА.

Сёньня, гэтаксама як і заўжды апошнім часам, кіраўнік дзяржавы казаў, што Эўразьвяз зьяўляецца моцным фактарам эканамічнага і навукова-тэхналягічнага разьвіцьця Беларусі. Таксама Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму паўтараў, што Беларусь – надзейны партнэр ЭЗ у сфэры транзыту энэрганосьбітаў і трансэўрапейскіх грузаў, што яна мае значны ўнёсак у барацьбу транспамежнай злачыннасьцю, нелегальнай міграцыяй. Таму, падкрэсьліў ён, ня толькі Эўразьвяз карысны для Беларусі, але і Беларусь ня менш карысная для Эўропы.

Спадар Лукашэнка заявіў, што Беларусь стала паўнавартаснай удзельніцай "Усходняга партнэрства". Але пры гэтым ён адзначыў, што "сур'ёзны эфэкт ад гэтага, такі, які можна было б памацаць рукамі, пакуль невідавочны". У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што Беларусь будзе кіравацца выключна нацыянальнымі інтарэсамі, а не чыімі б там ні было геапалітычнымі амбіцыямі, "нават калі яны зыходзяць ад нашых бліжэйшых саюзьнікаў".

"Кожны крок насустрач Беларусі контрагенты абумоўліваюць патрабаваньнямі ўступак з нашага боку, у эканамічнай гэта ці ў палітычнай сфэры", - канстатаваў ён. Беларускі лідэр са шкадаваньнем заўважыў, што ў асобных эўрапейскіх сталіцах да гэтага часу ёсьць схільнасьць "рухацца па інэрцыі" ў адносінах з Беларусьсю, выкарыстоўваючы інструмэнты палітычнага і эканамічнага націску. Да гэтага часу захоўваецца шэраг абмежаваньняў, прычым даволі адчувальных для нашай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG