Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда свабоды

Горад Лёзна Віцебскай вобласьці, вуліца Дабрамысьлянская, 11, кацельня гароднінасушыльнага заводу.

На коміне кацельні Мірон — легендарны герой найноўшай гісторыі Беларусі — улетку 1995 году ўпершыню вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на знак пратэсту супраць скасаваньня дзяржаўнага статусу нацыянальнай сымболікі.

Неўзабаве пасьля рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які скасаваў дзяржаўны статус беларускай нацыянальнай сымболікі, высока ў небе над раённым цэнтрам Лёзна залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Той, хто яго павесіў, пакінуў цыдулку “Вярніце народу гістарычную памяць” і падпісаўся “Мірон”. Расказвае віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, найбольш абазнаны ў сотнях подзьвігаў няўлоўнага Мірона:

“Комін быў вышынёй мэтраў трыццаць-сорак, і на ім быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяг. А да яго прымацаваная каробачка з надпісам “замініравана”. Міліцыянты пабаяліся лезьці на комін і пачалі страляць з дробнакалібэрнай вінтоўкі па гэтай каробачцы. Яны думалі, што сапраўды там міна, а гэта аказаўся муляж. Была распачатая крымінальная справа за хуліганства. Шукалі гэтага Мірона, але так і не знайшлі. Так пачаў Мірон свой супраціў уладзе, каб паказаць ёй, што гэты сымбаль немагчыма зьнішчыць ніякімі рэфэрэндумамі, ніякімі ўказамі ці дэкрэтамі”.

Амаль паўтара дзесяцігодзьдзі Мірон рэгулярна вывешвае сьцягі да нацыянальных беларускіх сьвятаў, важных гістарычных датаў, вызначальных для лёсу краіны палітычных падзеяў. У 2008 годзе ў гонар 90-годзьдзя БНР ён вывесіў больш як два дзясяткі сьцягоў. Пасьля падпісаньня дамовы аб гэтак званай саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі ён папярэджваў: таго, хто першы падпіша дамову аб аншлюсе Беларусі, напаткае лёс Мусаліні. Дзейнічае Мірон ня толькі на Віцебшчыне, але і ў іншых гарадах і мястэчках краіны.

Вывешвае сьцягі дзёрзка, у цяжка даступных месцах, часта на дратах высакавольтных лініяў, на будынках дзяржаўных установаў. Другі раз адкрылі крымінальную справу супраць Мірона пасьля таго, як ён на будынку Віцебскага аблвыканкаму замяніў чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы. І зноў Мірона не злавілі. У 2000 годзе, пасьля таго як павесіў сьцяг на коміне Віцебскай ЦЭЦ, Мірон ледзь не папаўся, — узгадвае Барыс Хамайда:

“Калі ён спускаўся з коміна, яго ўбачыў вартаўнік. На твары ў Мірона была чорная хустка. Але падстрахоўваў Мірона Ўладзімер Плешчанка, які ўжо нябожчык. Ён падскочыў да вартаўніка, паказаў яму нейкую чырвоную кніжачку і сказаў, што зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі і што гэтага чалавека яны ўжо шмат гадоў шукаюць. І перашкодзіў вартаўніку пагнацца за ім. Я лічу, што Мірона ніколі ня знойдуць, бо і акцыі вельмі ўдала рыхтуюцца, і герой вельмі спрытны”.

Гэтым сьцягам Мірон у 2008 годзе адзначыў гадавіну рэфэрэндуму 14 траўня

У Мірона зьявілася шмат пасьлядоўнікаў. Дзёрзкія вывешваньні бел-чырвона-белых сьцягоў у самых нечаканых публічных месцах — адна з формаў супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мірон, якога можна параўнаць з гішпанскім Зора, — найярчэйшая легенда найноўшай гісторыі Беларусі. Яму нават верш прысьвяціў Рыгор Барадулін:

Дрыжэце і калхозны трон,
і падхалімскія капэлы,
калі вывешвае Мірон
сьцяг родны бел-чырвона-белы.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG