Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора - Усіх Сьвятых, сёньня - Дзень Задушны


Сёньня на Дзяды сотні людзей наведаюць могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх памерлых сваякоў, памаліцца за ўсіх тых, каго ўжо няма на сьвеце і за тых, хто жыве. 1 лістапада прадстаўнікі дэмакратычнага руху ладзілі шэсьце ў Курапаты. Сёньня там і ў іншых месцах адбудуцца мерапрыемствы, прысьвечаныя гэтай даце.

Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо паведаміў “Свабодзе”, што ён разам са сваімі паплечнікамі будзе працаваць у Курапатах. Яны будуць замацоўваць крыжы, якія на сваіх плячах прынесьлі туды і ўсталявалі ўдзельнікі шэсьця на Дзяды.

Нагадаем: 1 лістапада традыцыйна адбылося шэсьце на Дзяды. У калёне ў некалькі соцень чалавек былі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый і рухаў. Шэсьце пачалося ад парку Чалюскінцаў і завяршылася ва ўрочышчы Курапаты. Апроч партыйных і нацыянальных сьцягоў былі расьцяжкі з заклікам асудзіць камуністычны рэжым, які прывёў да гібелі мільёнаў людзей.

Спадар Юхо паведаміў:

“Мы дзяжурым увесь час і 2 лістапада таксама. Будзем замацоўваць крыжы, якія сёньня паставілі, каб іх было цяжэй выцягнуць. Мы іх унізе падбіваем на перакладзіну і замацоўваем з камянямі капітальна, каб яны ўжо стаялі ўвесь час”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна –Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі паедзе на могілкі, дзе пахаваныя ягоныя бацькі.

Юрась Беленькі і Мая Кляшторная
“Калі ёсьць такая магчымасьць, не заўжды яна выпадае, канешне, найперш трэба наведаць магілы родных. На жаль, час ідзе і лёс няўмольны. Сыходзяць блізкія. Гэты дзень успамінаў. Гэта такі шчымлівы дзень для мяне і маёй сям’і. Я пляную быць на могілках.

Лёс кожнага чалавека мусіць быць зьяднаны зь лёсам краіны. Калі гэтай формулы няма, калі ў рэальнасьці беларус не адчувае сваёй беларускасьці, калі беларус не шануе беларуса, не шануе памяці сваіх продкаў ці продкаў нацыі – гэта праблема. Калі ж, наадварот, то гэта нармальная формула – шанаваньне памяці сваіх родных, шанаваньне памяці тых пакаленьняў, якія жылі на гэтай зямлі да нас”.

Паплечнік спадара Беленькага Сяргей Папкоў традыцыйна 2 лістапада сустракаецца са сваімі братамі.

“Я паеду да сваіх бацькоў. Яны недалёка тут. За Малінаўкай вёсачка Новы двор, там могілкі. Трэба там парадак навесьці. Мае браты прыедуць, зьбярэцца наша сям’я. Гэта сямейны дзень”.

Навуковы кіраўнік гісторыка-культурнай каштоўнасьці “Курапаты” Мая Кляшторная апавяла:

“2 лістапада мы адзначаем 100-годдзе нашага шаноўнага пісьменьніка Максіма Лужаніна. На могілкі напачатку паедзем, там, дзе ён пахаваны разам са сваёй жонкай, у Паперні... Са сьвятаром, зразумела, паедзем туды. Потым у акадэмічнай бібліятэцы з нагоды гэтай даты будзе адбывацца сустрэча”.

Дзень Усіх Сьвятых – 1 лістапада і Дзень Задушны – 2 лістапада, які беларусы называюць Дзяды, 13 гадоў таму адменены як выходны. Але лічыцца дзяржаўным сьвятам. Нягледзячы на тое, што 2 лістапада зьяўляецца працоўным днём, шмат хто сёньня наведае могілкі. Некаторым не хапіла дня 1 лістапада, каб усё прыбраць, а іншым трэба зьезьдзіць не ў адну вёску. Людзі набывалі штучныя і жывыя кветкі на менскіх рынках, бо па панядзелках у Менску яны не працуюць.
XS
SM
MD
LG