Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – палкоўнік у адстаўцы, народны дэпутат СССР, сябра Цэнтральнага Камітэту ПКБ, актывіст з Коханава Талачынскага раёну Мікалай Петрушэнка.

Карэспандэнт: Вы былі настолькі баявым палкоўнікам, што на сваім танку літаральна ўварваліся ў вышэйшую дзяржаўную палітыку…

Петрушэнка: Я стаў дэпутатам таму, сярод іншага, таму, што трапна адказаў на адным зь перадвыбарчых сходаў кабеце, якая крытыкавала мяне – маўляў, ён мае ўсяго двух сыноў. “Не турбуйцеся – як стану дэпутатам, дык нараджу трэцяга, абяцаю!”

Карэспандэнт: Па-вайсковаму: сказаў – зрабіў! Так?

Петрушэнка: Ну а як яшчэ? Роўна празь 9 месяцаў пасьля абяцанага!

Карэспандэнт: Колькі вам тады гадоў было?

Петрушэнка: Пад сорак.

Карэспандэнт: Ну – самае яно… Дарэчы, на апошнім зьезьдзе партыі вы былі якраз з малодшым сынам – ён пайшоў па сьлядах бацькі?

Петрушэнка: І жонка, і ён – камуністы. Сын вучыцца ў БДУ і ЭГУ адначасова. Журналістыцы.

Карэспандэнт: Стаўленьне да камуністаў у людзей засталося ня самае лепшае…

Петрушэнка: Я гэта адчуваю, але заўсёды адказваю так: не дачакаюцца!

Карэспандэнт: Патлумачце?

Петрушэнка: Ну, добра ведаю й бачу… Але ж, вядома, як камуніста мяне ніхто не перавыхавае, як і я не зьбіраюся абарочваць у сваю веру тых самых бэнээфаўцаў ці лібэралаў. Лукашызм – вось з гэтай зьявай патрэбна змагацца!

Карэспандэнт: А за што вы змагаліся, калі былі дэпутатам?

Петрушэнка: Тады, прызнаю, быў цьвёрдым, калі не цьвёрдалобым –за адзінства Савецкага Саюзу. Гэта вялікая памылка, што партыйна-савецкая намэнклятура разваліла СССР. Цяпер доўга-доўга будзем нешта падобнае адбудоўваць, і ў тых лясах прыйдзем да Эўразьвязу.

Карэспандэнт
: Парадокс: Лукашэнка таксама ж займаецца будоўляй – пэўнай саюзнай дзяржавы… А вы супраць лукашызму!

Петрушэнка: Адзіная дзяржава патрэбна бізнэсоўцам, рабочым, насельніцтву, а Лукашэнка баіцца яе, як чорт ладану! Проста яму патрэбен той туман, пад якім лягчэй захоўваць сваю ўладу.

Карэспандэнт: Вы добра гаворыце па-беларуску, хоць усё сьвядомае жыцьцё былі па-за межамі краіны. Адкуль тое?

Петрушэнка: Тут трэба падзякаваць спадару Трусаву: ён упарта пераконваў мяне, што дэмакратызацыя магчымая толькі празь беларускую мову. Ня верыў, спрачаўся. А ўрэшце падумаў: зрэшты, чаму б мне не падвучыцца? Пачаў, і вось зараз ужо нават вершы на матчынай пішу!

Карэспандэнт: Можаце прадэклямаваць колькі радкоў?

Петрушэнка: Ды запраста:

Стаяць калоды на пагорку,
Пчаліны водар вецер дзьме,
Пчаляр са мной завёў гаворку
І да сябе на мёд заве!

Спрадвеку пчолы тут вяліся,
Калоды ў лесе дзед трымаў,
Аднойчы рой на воз прывіўся,
Дык дзед прывёз і зь сена зьняў…

Зараз гэтаму дзеду-пчаляру 91 год, і ён вось побач, слухае нашую размову.

Карэспандэнт: Бацька або цесьць?

Петрушэнка: Бацька – Сямён Адамавіч.

Карэспандэнт: Якія перакананьні яшчэ памяняліся ў вас зь цягам часу?

Петрушэнка: Нам трэба будаваць сваю дзяржаву, сваё грамадзтва – зьнізу. Для чаго найперш важна ратыфікаваць Эўрапейскую хартыю мясцовага самакіраваньня.

Карэспандэнт: Вы, дарэчы, не аднойчы спрабавалі абрацца дэпутатам мясцовага савету, але – безвынікова. Дзякуючы ўладам?

Петрушэнка: Пры гэтай сыстэме мяне не прапусьцяць і ў сельскі савет… Зь іншага боку – у сучасных умовах не асабліва гэты мандат і патрэбен. Хто хоча – той змагаецца і безь яго.

Карэспандэнт: Маеце саюзьніцкія адносіны з тымі, хто цяпер у іншых партыях, блёках?

Петрушэнка: Сябрую з усімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмсілаў. У тым ліку нам няма чаго дзяліць і з кіраўніком мясцовага БНФ Алесем Шутавым. Вельмі шчыльна супрацоўнічаю з актывам грамадзянскай кампаніі “Наш дом”, дзе лідэрам Вольга Карач, сябра АГП. Мы таварышы з праваабаронцам Валерам Шчукіным.

Карэспандэнт: Вось вы зараз будзеце грамадзкім рэдактарам тыдня Радыё Свабода: дзе патрэбная дапамога?

Петрушэнка: Каб быў вашым начальнікам, то паставіў бы задачу: хутчэй на станцыю Слаўная – там жанчына ёсьць, якая 30 гадоў лічылася псыхічна хворай, а зараз вось праз суд дабілася аднаўленьня ў правах! І зараз яна – грамадзянка.

Мяне надзвычай хвалюе сацыяльная неабароненасьць насельніцтва. Чыноўная ўседазволенасьць – татальная і глыбінная. Таму больш трэба езьдзіць, езьдзіць і езьдзіць у глыбінку. Менск ёсьць Менск, а вось вёскі, раённыя цэнтры – там зашмат працы нам усім.

Карэспандэнт: Ну а што сёньня вас хвалюе больш за ўсё, спадар Мікалай?

Петрушэнка: Лёс атамнай электрастанцыі. Я даўні і пасьлядоўны прыхільнік ядзернай энэргетыкі. Але зараз – сумняваюся… Бо штосьці занадта хутка навукоўцы з Акадэміі навук, якія былі супэррашуча былі настроеныя супраць пяць-шэсьць год таму, занадта хутка крутануліся ў супрацьлеглы бок. Вось гэта мяне й непакоіць. Бо тут менавіта тое пытаньне, якое патрэбна абмяркоўваць. У тым ліку – і ў эфіры Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG