Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяды ў рэгіёнах


У рэгіёнах Беларусі ў дзень памінаньня продкаў грамадзкія актывісты наведваюць месцы пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і барацьбітоў за свабоду Бацькаўшчыны.


ВІЦЕБШЧЫНА


Мітынг-рэквіем на Кабыляцкай гары


Імша па расстраляных на Кабыляцкай гары.

Вянкі ад партыйцаў.


Хвіліна маўчаньня.

Дэмакратычныя актывісты з Воршы правялі сёньня жалобную імпрэзу ва ўрочышчы Кабыляцкая гара. Гэта другое пасьля менскіх Курапатаў прызнанае на афіцыйным узроўні месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму.

У жалобнай імпрэзе ўзялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек — прадстаўнікі розных партый і звычайныя гараджане.

Моладзевы актывіст Ігар Казьмярчак: “Практычна ад кожнай апазыцыйнай партыі былі вянкі, кветкі. Ініцыятарамі імпрэзы былі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і Партыі БНФ. Аднак гэта быў мітынг-рэквіем, памінальная імпрэза. А таму — мінімум палітыкі. Больш гаварылі пра нашых забітых, расстраляных тут продкаў. Бо, як сказаў сябар КХП БНФ Юры Санько, калі тут ляжаць парэшткі каля 5 тысяч жыхароў Воршы, Аршанскага раёну ды бліжэйшага навакольля, то практычна ў кожнага з нас, кожнага аршанца, два-тры чалавекі з роду загінулі менавіта тут”.

Імшу па бязьвінных ахвярах таталітарызму правёў уніяцкі сьвятар айцец Аляксандар. Потым былі хвіліна маўчаньня і кароткія прамовы каля каменя-помніка, усталяванага тут у 1990-я гады.

Парэшткі забітых людзей на Кабыляцкай гары пачалі знаходзіць яшчэ ў 1972 годзе, калі будавалі чыгунку і станцыю Ворша-Паўночная. Мінула даволі шмат часу, пакуль улады афіцыйна прызналі, што тут месца масавай загубы ахвяраў сталінізму. На Кабыляцкай гары паставілі крыж і вялікі камень з мэмарыяльнай шыльдай.

Невядомыя вандалы некалькі разоў нішчылі і шыльду, і крыж. Цяпер, калі прадстаўнікі ўладнай вэртыкалі ўжо больш за 10 гадоў ніякім чынам не выяўляюць клопату пра гэты помнік, ім апякуюцца грамадзкія актывісты. Напярэдадні якраз яны прыбралі лісьце каля самаробнага мэмарыялу — вакол каменя-помніка і некалькіх дзясяткаў крыжоў, якія ставяць сваякі забітых на Кабыляцкай гары.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Магілёве ля крыжа над ярам згадвалі пра ахвяраў бальшавіцкага тэрору


Магілёўскі крыж памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў.

Віталь Макаранка

Ларыса Шукайла

Два дзясяткі чалавек прышлі да крыжа.
Сёньня ў Магілёве актывісты няўрадавых арганізацый і апазыцыйных палітычных партый прыйшлі да крыжа на праспэкце Дзімітрава, каб згадаць ахвяраў бальшавіцкага тэрору. На месцы, дзе цяпер крыж, людзей пачалі забіваць яшчэ ў 1918 годзе. Першымі палеглі тут праваслаўныя й каталіцкія сьвятары.

Праўда пра гэтае месца стала вядомая пры канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Будаўнікі для сваіх патрэбаў бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі.

“Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці, а таксама жыхары навакольных дамоў зьбіраюцца тут традыцыйна на восеньскія Дзяды, каб ушанаваць памяць нявінна забітых людзей вось у гэтым яры. Расстрэлы ў ім пачаліся ад 1918 году. Аднымі зь першых, хто тут палеглі, — сьвятары: айцец Максім, а таксама ксяндзы, сярод якіх быў Сьвятаполк-Мірскі. Потым бальшавікі пачалі расстрэльваць тут гэтак званы шкодны элемэнт”, — гэткімі словамі распачаў жалобны мітынг кіраўнік гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віталь Макаранка.

Колькі ў яры забілі людзей, невядома. Трэцяга ліпеня 1987 году Кастрычніцкі райвыканкам Магілёва пастанавіў стварыць камісію для дасьледаваньня і ўстанаўленьня фактаў зьнішчэньня тут людзей. Вынікі працы камісіі засакрэцілі.

Заўтра ў Магілёве адкрыюць помнік Тамары Раманьковай. Яна першай ушанавала месца забойства бязьвінных людзей.

Першы крыж па-над ярам у памяць пра забітых усталявала за свае грошы магілёўская актывістка Тамара Раманькова. Яна не дажыла да сёньняшняга дня. Заўтра на яе магіле будзе адкрыты помнік. Грошы на яго зьбіралі талакой.

Справу Раманьковай працягвае цяпер старшыня аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Ларыса Шукайла. Паводле яе, аблвыканкам прыняў рашэньне ўсталяваць памятны знак там, дзе цяпер крыж:

“У аблвыканкаме сказалі, што ён павінен мець сьвецкі характар, ніякіх рэлігійных знакаў. Я мяркую, да вясны мы канчаткова вырашым гэтае пытаньне, і, можа, увесну пачнецца працэс па стварэньні помніка і парадкаваньні тэрыторыі”, — паведаміла Ларыса Шукайла.

Да крыжа памяці леглі кветкі, вянкі, тутсама запалілі сьвечкі. Актывісты прачыталі супольную малітву.

Згадвалі сёньня ахвяраў сталінізму і ў магілёўскіх праваслаўных храмах. 9 лістапада паніхіды паўторацца.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Ушанавалі памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага


Сёньня пяцёра грамадзкіх актывістаў наведалі магілу паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў вёсцы Пацавічы Мастоўскага раёну. Помнік быў пастаўлены яшчэ да Другой сусьветнай вайны.

Я папрасіў расказаць больш падрабязна пра помнік палеглым паўстанцам Алеся Зарэмбюка — рэгіянальнага каардынатара руху “За свабоду” з Мастоў.

“Мы вырашылі наведаць гэтую магілу, аддаць даніну павагі тым людзям, якія змагаліся, якія спрабавалі зрабіць наш край незалежным, свабодным. Мы запалілі зьнічы і ўсклалі кветкі да гэтага помніка. Ён цяпер знаходзіцца ня ў самым лепшым стане, і мы плянуем у наступным годзе зрабіць дзьве маёўкі, пачысьціць, усталяваць крыж і памятную шыльду, дзе па-беларуску будзе напісана — хто тут пахаваны. Цяпер тут ляжыць камень, на якім напісана па-польску: “Героям, якія склалі свае галовы ў 1863 годзе ў змаганьні за незалежнасьць”.

Грамадзкі дзеяч, краязнаўца Язэп Палубятка патлумачыў, што помнік у Пацавічах грамадзкасьці стаў вядомы толькі сёлета:

“Тое, што ёсьць на Мастоўшчыне пахаваньне 1863 году ў Мінявічах, другое — у саміх Мастах, гэта вядома. А гэтае пахаваньне ў Пацавічах — пра яго ведалі мясцовыя людзі, я даведаўся пра яго ад сваіх сяброў. Яно патрабуе аднаўленьня, што будзе зроблена грамадзкасьцю. І яшчэ будзе адноўлена пахаваньне каля Мастоў. Помнік паўстанцам зруйнаваны, але яго выгляд нам вядомы з фотаздымкаў”.

У Пацавічах каля магілы паўстанцаў 1863 году.

“Застаецца яшчэ шмат невядомых і закінутых магілаў…”


На Гарадзеншчыне яшчэ шмат магілаў, на якіх няма імёнаў і прозьвішчаў, якія ніхто не даглядае і не ўшаноўвае памяць тых, хто там пахаваны.

Лявон Карповіч зь мястэчка Лунна Мастоўскага раёну, мясцовы краязнаўца, знайшоў у лесе ля дарогі вялікі камень з надпісамі, дзе чытаўся толькі год.

Ён кажа, што гэта відавочна магіла, але высьветліць у мясцовых старажылаў, чыя яна — не ўдалося, ніхто з тутэйшых ня памятае.

“Гэта ў Залеўскаўскім лесе, не на могілках. Там знаходзіцца камень, даволі вялікі, можа ў мэтар вышынёю, які ўвесь запісаны тэкстам, але тэкст не чытаецца, акрамя толькі году — 1828”.

Спадар Карповіч кажа, што спрабаваў перапісваць надпісы з каменя, але нічога не атрымліваецца. Ён лічыць, што гэтым павінны займацца навукоўцы, прычым з добрай тэхнікай.

Падобны камень ёсьць у Луньне на могілках, ён таксама з надпісамі, але закінуты. Спадар Карповіч кажа, што на каталіцкіх і праваслаўных могілках па-рознаму шануюць памяць.

“На каталіцкіх могілках наводзіцца парадак на ўсіх магілках, нават на тых, у каго няма ні родных, ні блізкіх, а на праваслаўных — родныя прыходзяць і прыбіраюць магілкі толькі сваіх блізкіх, а за астатнімі ніхто не прыглядае”.

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч распавядае, што старыя закінутыя могілкі на Гарадзеншчыне сустракаюцца даволі часта.

“Некаторыя могілкі так і засталіся закінутыя з ХVІІІ-ХІХ ст. Да прыкладу: у Адамавічах, Міцкевічах, Навумавічах, Пушкарах — там папросту каменныя слупы стаяць і не падпісана, хто пахаваны. Такіх вельмі шмат”.

Андрэй Вашкевіч таксама дадае, што ў нашай зямлі пасьля шматлікіх войнаў і паўстаньняў ляжыць шмат загінулых, чые імёны ніяк і нідзе не пазначаны.

“А калі казаць яшчэ пра ваенныя магілы нямецкіх, расейскіх жаўнераў, асабліва зь Першай сусьветнай вайны — яны ж нідзе не перапахаваныя. Тое тычыцца і нашых паўстанцаў. Да прыкладу, у вёсцы Кадыш, якая ў памежнай зоне, ёсьць магіла, а на пліце напісана — 1863 год. Натуральна, што туды дабрацца і ўшанаваць яе ніхто ня можа. А тут, магчыма, атрымаў раненьне Францішак Багушэвіч, калі паўстанцы адступалі ў Польшчу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG