Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыліся санкцыянаваныя ўладамі шэсьце і мітынг-рэквіем да дня ўшанаваньня памяці продкаў — Дзядоў.

У шэсьці ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.

Пасьля амаль трох з паловай гадзінаў руху па вуліцах Менску калёна спынілася ў Курапацкім лесе каля Крыжа Пакуты. Тут прасьпявалі “Магутны Божа”. Якраз 20 гадоў таму, 29 кастрычніка, ён быў усталяваны ў памяць аб расстраляных продках. Гэтую падзею згадаў у сваім пасланьні да ўдзельнікаў шэсьця лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк, якое каля Крыжа Пакуты зачытаў сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал.

“Гэты сямімэтровы крыж прынесьлі на руках тысячы людзей праз увесь доўгі шматкілямэтровы шлях. Яго паставілі тут усе разам пад гукі рэквіема. Сьвятары чатырох хрысьціянскіх канфэсій асьвяцілі яго і блаславілі памяць пра нявінна забітых.

З 1937 па 23 чэрвеня 1941 года энкэвэдысцкія каты — сталінскія камуністы з дня ў дзень, з ночы ў ноч стралялі тут людзям у патыліцу і скідвалі ў глыбокія ямы. У гэтых ямах закапаны цьвет беларускай інтэлігенцыі, пісьменьнікі і паэты, артысты, вучоныя і дасьледчыкі, інжынэры і рабочыя, сяляне і беларускія настаўнікі. Кожную ноч па навакольлі і па ўсёй Беларусі езьдзіў чорны хапун і хапаў людзей. Масква спускала ў Беларусь сваім уладам і катам плян па арыштах і расстрэлах. Вынішчэньне людзей у Беларусі яны рабілі па графіку, штомесячна і штоквартальна. Масква прымала штодзённыя справаздачы аб забітых ахвярах. Толькі ў Курапатах савецкія акупанты забілі каля чвэрці мільёна людзей. Такіх Курапатаў шмат па ўсёй Беларусі”.

Гэта нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы сьвет і будзе жыць Беларусь.
Паводле Зянона Пазьняка, з 1919 па 1953 гады сталіністы-русіфікатары забілі больш за 2 мільёны беларусаў.

“Гэта нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы сьвет і будзе жыць Беларусь. Савецкая акупацыя Беларусі пэрыяду Леніна-Сталіна павінна быць прызнаная як рэжым генацыду і пацыфікацыі беларускага народа”.

Таксама выступіў у Курапацкім лесе намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў:

“Нас сюды паклікалі ў 20-ты раз гэтае месца і гэты сьвяты крыж. Мы прыйшлі сюды аддаць даніну памяці нашым продкам, якіх забілі злачынцы і каты. Мы прыйшлі сюды, бо нашы продкі паклікалі нас. Яны паклікалі нас 20 гадоў таму. І мы прыйшлі і ўспомнілі, хто мы ёсьць. І мы здабылі свабоду і незалежнасьць. Але нас зноў імкнуцца зрабіць ніякімі, нічым, несвабоднымі і не незалежнымі. Сёньня рэжым, які ва ўладзе, шануе катаў і злачынцаў. Наш прыход сюды ёсьць наша сіла, якая гаворыць: “Гэта ім ня ўдасца”. Мы будзем незалежнымі і будзем свабоднымі! Таму мы тут. Мы памятаем нашых продкаў, іх словы, іх покліч да свабоды і незалежнасьці. Жыве Беларусь!”.

У шэсьці па праспэкце Незалежнасьці і шэрагу вуліц узялі ўдзел, апроч сяброў КХП-БНФ і звычайных грамадзянаў, сябры розных арганізацый — Партыі БНФ, Руху “За свабоду”, Маладога фронту, Маладой Беларусі, Маладых дэмакратаў, Эўрапейскай Беларусі, БХД, руху беларускай салідарнасьці “Разам” й іншых. Сярод палітыкаў — Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец і іншыя. Маладыя ўдзельнікі шэсьця несьлі расьцяжку “Не — палітычнаму тэрору”. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў адзначыў:

Якраз сёньня можна назіраць візуальнае яднаньне ўсіх нацыянальных незалежніцкіх сілаў.
“Якраз сёньня можна назіраць візуальнае яднаньне ўсіх нацыянальных незалежніцкіх сілаў. На гэтым шэсьці ўсе ідуць разам, няма разьбіўкі на розныя калёны. Над калёнай лунаюць і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі большасьці незалежніцкіх арганізацыяў. Вось такая візуальная дэманстрацыя адзінасьці незалежніцкіх сілаў у гэтым годзе атрымалася”.

Падчас шэсьця моладзевыя актывісты раздавалі ўлёткі з заклікам адзначыць дзень салідарнасьці 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы. Ішоў збор ахвяраваньняў на новыя крыжы. Сёньня ўдзельнікі сьвяткаваньня прынесьлі і ўсталявалі каля 20 крыжоў у Курапацкім лесе. Сябра КХП-БНФ Алесь Чахольскі сказаў:

“Па нашай замове прывезьлі гэтыя крыжы. Вось гэтыя сябры нашай партыі зрабілі. Некаторыя крыжы самі прынесьлі людзі”.

Выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі адзначыў, што сёлета на Дзяды прыйшло больш моладзі, чым летась. Дарэчы, напярэдадні шэсьця ўлады праз артыкул ў галоўнай дзяржаўнай газэце фактычна прызналі Курапаты. Камэнтуючы гэта спадар Беленькі адзначыў:

“Тут вельмі простая схема, пра якую пісалі яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Тры этапы. Першы этап — спрабавалі замоўчаць Курапаты. Другі этап — гэта зганьбіць ці зьнішчыць. Трэці этап — падпарадкаваць, узначаліць. Вось яны спрабуюць. Яны заўялюць, маўляў, ня трэба шэсьцяў на Курапаты, ня трэба мітынгаў. І давайце, маўляў, ня ўзгадваць тых катаў, якія забівалі. Але ўзьнікае пытаньне: а чаму сёньня працуюць арганізацыі, якія вышукаваюць нацыскіх злачынцаў? А ў нас культывуецца палітычнай уладай Сталін, які такі ж злачынца, як і Гітлер. І ўлада мусіць для сябе вырашыць: ці яна палітычна адмяжоўваецца ад гэтай ідэалёгіі і становіцца на шлях цывілізацыйны, чалавечы, ці яна рана ці позна сама прыйдзе да лавы падсудных”.

Міліцыянты, якія суправаджалі шэсьце і мітынг, не чынілі перашкодаў для ўдзельнікаў сьвяткаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG