Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны катастрофы польскага верталёта невядомыя


На беларускай тэрыторыі разьбіўся верталёт польскіх памежных войскаў - усе трое чальцоў экіпажу загінулі на месцы.

Месца катастрофы польскага верталёта, які ў суботу ўвечары выправіўся ў звычайны патрульны рэйс зь Беластоку да Мельніка, знайшлі раніцай каля 4.45 паводле менскага часу.

"У пошуку бралі ўдзел памежнікі і паліцыянты пры падтрымцы авіяцыі. Толькі раніцай мы змаглі знайсьці парэшткі верталёта, які, як аказалася, разьбіўся на беларускай тэрыторыі прыкладна за 200 мэтраў ад мяжы з Польшчай. Лекары адразу пацьвердзілі, што усе чальцы экіпажу загінулі", - заявіў намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы, генэрал Адам Рапацкі.

Ён дзякаваў беларускім памежнікам за ўсебаковую падтрымку, назваўшы іхную рэакцыю на просьбы польскага боку "вельмі прыязнай і добразычлівай". Паводле словаў генэрала, чальцы экіпажу ня мелі шансаў выжыць:

"Верталёт ішоў на зьніжэньне, але сесьці не атрымалася, нягледзячы на тое, што машынаю кіраваў пілёт з 15-ці гадовым досьведам. Верталёт з вялікай хуткасьцю ўпаў на зямлю і разваліўся на кавалкі".

Прычыны катастрофы пакуль невядомыя, іх высьвятленьнем займаецца адмысловая камісія пры дапамозе таксама і беларускіх адмыслоўцаў. На дадзены момант вядома, што верталёт "Каня" - гэта польскі варыянт вядомага верталёта МІ-2 - быў новы, зроблены ў 2006 годзе.

Вайскоўцы таксама адразу выключылі вэрсію аб тым, што верталёт мог быць перагружаны.
XS
SM
MD
LG