Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Восеньскія канікулы для дзяцей ва ўстановах адукацыі Менску працягнулі на тыдзень — да 6 лістапада, паведамляецца на сайце сталічнай санітарна-эпідэміялягічгай службы.

Такое рашэньне прынятае камітэтам па адукацыі Менгарвыканкаму “з улікам зваротаў бацькоў, меркаваньняў санэпідслужбы й пэдыятраў, зважаючы на перадэпідэмічнае становішча, дзеля зьніжэньня рызыкі ўзьнікненьня лякальных эпідэмічных ускладненьняў у школах гораду й абмежаваньня ўцягненьня дзяцей у эпідэмічны працэс”.

У санітарна-эпідэміялягічнай службе Менску адзначаюць, што з 20 кастрычніка ў сталіцы паболела хворых на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі. Сумарны паказьнік захворваньня вырас на 40% зь і ў асобныя дні быў большым за гранічныя ўзроўні захворваньня.

Штодня па мэдычную дапамогу з вострымі рэсьпіраторнымі хваробамі зьвяртаюцца 5—6 і больш тысяч менчукоў. Дыягназ грыпу ставіцца ў сярэднім 5% хворых.

Паводле маніторынгу, найбольш значная група рызыкі — дзеці школьнага й дашкольнага веку, на іх долю прыпадае да 60% выпадкаў захворваньняў.

Каб засьцерагчыся й абараніцца ад вострага рэсьпіраторнага захворваньня, у тым ліку грыпу, мэдыкі раяць прымяняць прафіляктычныя і процівірусныя сродкі.

Калі позна зьвяртацца да доктара або спрабаваць лячыцца самастойна, ёсьць небясьпека атрымаць ускладненьні (найперш, пнэўманію).

Каб зьменшыць рызыку заражэньня, варта па магчымасьці не наведваць шматлюдныя мясьціны, рэгулярна праветрываць памяшканьні й рабіць у іх вільготную ўборку, пільнавацца правілаў асабістай гігіены.

Мэдыкі лічаць, што найбольш эфэктыўнай мерай прафіляктыкі зьяўляецца вакцынацыя. У Менску ўжо прышчапілі больш за 60 тысяч чалавек, піша БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG