Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 25 — 31 кастрычніка


Belarus -- Minsk thermal power station, 13Dec2008

Belarus -- Minsk thermal power station, 13Dec2008

29 кастрычніка ў Беларусі адменена абмежаваньне гандлёвых надбавак на большасьць тавараў. Раней агульная нацэнка не павінна была перавышаць 30% да ўзроўню коштаў вытворцы, цяпер жа гэты ўзровень скасаваны нават на імпартныя тавары. Іншымі словамі, і дзяржаўны, і прыватны гандаль атрымаў права самастойна вызначаць рост надбавак ці іх зьніжэньне. Ці выклікала пастанова Міністэрства эканомікі № 141 прагназаваную “рэвалюцыю” на спажывецкім рынку?

У магілёўскіх крамах, як сьцьвярджаюць гандляры, цэтлікі пакуль не зьмяняліся. Людзі кажуць, што падвышаць цэны немэтазгодна, бо з-за крызісу значна ўпала пакупніцкая здольнасьць насельніцтва. Вось што паведамілі ў адміністрацыі адной з гандлёвых сетак:

Крызіс, беспрацоўе ёсьць, і частка прадпрыемстваў працуе ў няпоўную сілу, таму сэнсу вялікага павышаць цэны няма.
“Крызіс, беспрацоўе ёсьць, і частка прадпрыемстваў працуе ў няпоўную сілу, таму сэнсу вялікага павышаць цэны няма. Мы тады наагул адаб’ем пакупніка. Асноўныя ж тавары ўсё адно засталіся пад рэгуляваньнем дзяржавы, гэтак званы сацыяльны кошык. А дарагія тавары не заўжды даступныя для простага пакупніка”.

У магілёўскай арганізацыі таварыства спажыўцоў ня надта вераць у шчырасьць гандляроў. Гаворыць кіраўнік арганізацыі Васіль Чорны:

“Хоць і заклікаюць усіх, каб не накручвалі цэны, але ж я ўпэўнены: цэны падскочаць. На многія тавары цэны й так ужо падрасьлі з-за крызісу. Лядоўня расейская каштавала мільён рублёў, а цяпер — мільён чатырыста. Пральныя машыны таксама падаражэлі працэнтаў на трыццаць ужо сёлета. Калі цэны пусьцяць у свабоднае плаваньне, то, канечне, перагібы будуць”.

Прыватныя прадпрымальнікі і працаўнікі дзяржаўнага гандлю на Гарадзеншчыне практычна ніякім чынам не адрэагавалі на тое, што цэны ў краіне сталі вольнымі. У адной з найбуйнейшых будаўнічых крамаў дырэктар ведае пра сытуацыю з цэнамі, але рэагуе на гэта абыякава:

“Не, мы ня будзем больш павышаць цэны, бо і так слабыя продажы. Мы нічога кардынальна не зьмяняем, у нас нізкія цэны, і яны пакуль такімі застаюцца”.

У мэблевай краме дырэктарка кажа, што пакуль на адмену памеру надбавак тут ніяк не адрэагавалі:

“Нічога мы не падвышаем, усё стаіць як ёсьць, сядзім, чытаем пастанову. У нас нармальныя цэны, трэба толькі, каб людзі прыходзілі і куплялі. А цэны трэба было рабіць вольнымі раней, цяпер трэба толькі апускаць цэны”.

На рынку “Карона” нешматлюдна. Спадар, які гандлюе адзеньнем, кажа, што наагул невядома, што будзе далей з цэнамі:

“Цэны пакуль засталіся тыя самыя. Гандаль ідзе вельмі слаба. Відаць, што ў людзей няма грошай. Мне здаецца, што падымаць іх ужо няма куды, і апускаць не выходзіць, паколькі збанкрутуюць вытворцы”.

Камэнтар Віктара Гарбачова — старшыні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Суразмоўца лічыць, што цяперашняя частковая лібэралізацыя мусіць набываць працяг:

Віктар Гарбачоў
“Зараз трошкі адпадуць штрафныя санкцыі. Раней прадпрымальнікаў штрафавалі на мільёны рублёў з-за таго, што надбаўка на тавары іншы раз перавышала 30-працэнтны бар’ер. Увогуле, крок наперад зроблены. Аднак гэты крок не настолькі значны і ўпэўнены, як гэта прапагандуюць чыноўнікі”.

Тым часам улады заклікаюць не баяцца свабоднай канкурэнцыі на спажывецкія тавары і прадукты харчаваньня. Чыноўнікі абяцаюць падвышэньне заробкаў — праўда, не называючы канкрэтнай даты, калі яны вырастуць. Дэпутата Ігара Карпенку перадусім хвалюе, як адпусканьне цэнаў адаб’ецца на бюджэтніках зь іх мізэрнымі заробкамі? 28 кастрычніка, падчас сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, дэпутацкае хваляваньне суцішыў намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Патупчык:

Уладзімер Патупчык
“Ва ўмовах канкурэнцыі гэтага проста ня трэба баяцца. Мы бачым, што ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэньня, там, дзе дзяржава вельмі сур’ёзна займаецца антыманапольным рэгуляваньнем, сур’ёзных перакосаў не ўзьнікае. У нас дастаткова сілаў, каб не дапусьціць змовы гандлёвых сетак на манапольнае ўсталяваньне цэнаў на асобныя тавары. Гэты шлях мы павінны былі прайсьці, як усе цывілізаваныя краіны. І на дадзеным этапе разьвіцьця нашай эканомікі, нашай дзяржавы, я думаю, гэта будзе карысным рашэньнем. Для бізнэсу, для дзяржавы. І для нашых людзей — таксама”.

Віцэ-прэм’ер Патупчык таксама сказаў пра намер ураду захаваць пакупніцкую здольнасьць заробкаў:

“Нашы разьлікі паказваюць, што для таго, каб гэта адбылося, трэба тарыфную стаўку першага разраду падвысіць з 77 да 81 тысячы рублёў. Калі і наколькі адбудзецца павышэньне, будзе залежаць ад таго, наколькі органы дзяржаўнага кіраваньня змогуць узгадніць гэтыя падыходы”.

Леў Марголін
Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што віцэ-прэм’ер не назваў дату падвышэньня заробкаў, бо яшчэ сам ня ўпэўнены, ці адбудзецца гэта наагул:

“Тая лічба, якую назваў Патупчык, гэта рост прыкладна на 5% ад тарыфнай стаўкі. Але ж мы ведаем і іншую лічбу — паводле самых сьціплых падлікаў, інфляцыя сёлета будзе ня меншая за 12%. І гэта калі браць па ўсім пераліку тавараў. А калі браць тавары першай неабходнасьці, то тут лічба можа дасягнуць і 20%. Таму такое падвышэньне тарыфнай стаўкі наўрад ці зможа захаваць пакупніцкую здольнасьць заробкаў, перадусім бюджэтнікаў”.

Старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч адпусканьне ў вольнае плаваньне цэнаў і магчымую іх карэляцыю ў бок росту таксама абяцае кампэнсаваць апераджальным ростам заробкаў.

Адрозна ад іншых дзяржаўных чыноўнікаў, якія ўжо прызвычаіліся да думкі пра існаваньне ва ўмовах эканамічнага крызісу, Пракаповіч трымаецца іншага погляду. Паводле яго словаў, крызіс пануе не ў Беларусі, а ў тых краінах, якія страцілі сваю платаздольнасьць. Маўляў, Беларусі прадаць ёсьць што, а вось у колішніх партнэраў няма грошай, каб набыць беларускія тавары. Пракаповіч абяцае ў наступным годзе “прырасьціць” ВУП на 11-12% — насуперак яшчэ нядаўнім прагнозам пра 2-3%:

Пётар Пракаповіч
“Крызіс, які ёсьць ва ўсім сьвеце, ён ня тычыцца Рэспублікі Беларусь. У нас усё працуе. Таму з гледзішча ўнутранай неабходнасьці, з пазыцыі ўнутранага попыту ў нас няма крызісу. У нас крызіс у зьнешнеэканамічных адносінах. Крызіс у тым, што мы рэзка скарацілі экспарт нашай прадукцыі, нашых тавараў у іншыя краіны — з-за таго, што ў іх радыкальна скараціўся попыт. То бок гэта ня нашы ўнутраныя праблемы, а так склаліся зьнешнія ўмовы з улікам крызісу”.

Пётар Пракаповіч таксама заявіў, што будзе трымацца мэтавага варыянту разьвіцьця эканомікі, які прадугледжвае ўжо згаданыя 12% росту ВУП, масавае прыцягненьне інвэстараў і мінімум 10-працэнтнае перавышэньне экспарту над імпартам. На яго перакананьне, базавы варыянт з нашмат сьціплейшымі паказьнікамі папросту не адпавядае патрабаваньням часу.

Адрозна ад спадара Пракаповіча, намесьнік прэм’ер міністра Ўладзімер Патупчык у размове з дэпутатамі апэляваў зусім іншымі лічбамі. Так, па выніках 8 месяцаў зафіксавана падзеньне ВУП на 0,5%, за 9 месяцаў зьніжэньне склала 0,3%. Паводле Патупчыка, адмоўнае сальда зьнешняга гандлю па выніках 9 месяцаў перавысіла 3,5 мільярды даляраў пры прагнозе не больш чым 1,5 мільярда. Чыноўнік лічыць, што гэта абумоўлена замарожваньнем на складах прадукцыі, прызначанай для экспарту — экспарт тавараў і паслуг да ўзроўню аналягічнага леташняга пэрыяду склаў 57%, а імпарт — 65,5%.

Пры гэтым у студзені-верасьні суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці на прамысловых прадпрыемствах склалі 77%. Паводле віцэ прэм’ера, узровень зарэгістраванага беспрацоўя за 9 месяцаў склаў 0,9%, колькасьць беспрацоўных на канец верасьня перавысіў 40 тысячы чалавек. У студзені-жніўні звыш 380 тысяч чалавек працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасьці, каля 15 тысяч адпраўленыя ў адпачынкі без захаваньня заробкаў па ініцыятыве наймальніка.

Ад 1 лістапада амаль на 10% падвышаюцца працоўныя пэнсіі. Гэта значыць, што ў сьнежні беларускія пэнсіянэры атрымаюць на 37 тысяч рублёў больш, чым дагэтуль — 434 тысячы рублёў замест 397 тысяч. Паказальна, што карэктаваньне пэнсій сёлета не плянавалася ў сувязі з дэфіцытам бюджэту.


Аляксандар Сасноў
Разам з тым, былы міністар працы Аляксандар Сасноў лічыць, што дэкляраванае падвышэньне пэнсій — гэта толькі кампэнсацыя за матэрыяльныя страты, якія людзі за апошні год рэальна адчулі. То бок, казаць пра рост прыбыткаў сталых людзей можна толькі ўмоўна:

“Трэба сказаць, што інфляцыя ў гэтым годзе ўжо складае больш за 8%. Гэта калі лічыць ад пачатку году. А якраз ад канца мінулага году беларускія пэнсіі не падвышаліся. Таму тое, што ўлады зрабілі, гэта проста кампэнсавалі пэнсіянэрам страты. І то новыя пэнсіі людзі атрымаюць толькі ў сьнежні, гэта колькі часу яшчэ павінна прайсьці. Таму ня выключана, што за гэты час інфляцыя зьесьць і тое, што дададуць”.

У суседняй Расеі ў 2009 годзе пэнсіі падвышаліся ўжо тройчы, чацьвёртае адбудзецца ў сьнежні. З 1 жніўня пэнсіі наблізіліся ў эквіваленце да 200 даляраў, істотна абышоўшы беларускія. Апроч вызначанага падвышэньня пэнсій, для расейцаў прадугледжаны дадатковы бонус за кожны год працы за савецкім часам. Таксама ва ўрадзе Расеі разглядаюцца папраўкі, якія дазволяць грамадзянам атрымліваць пэнсіі ў памеры 40% ад заробку: ад 2010 году будзе весьціся ўлік індывідуальнага заробку і людзі са стажам працы ня меней за 30 гадоў будуць атрымліваць заслужана высокія пэнсіі.

У рэгіёнах крызіс абцяжарваюць сацыяльныя канфлікты. Прыкладам, у Жодзіне, дзе пераважна жывуць працаўнікі аўтамабільнага гіганта БелАЗ, людзі скардзяцца на холад у кватэрах, патопы ў сутарэньнях пад камунальнымі дамамі, на не завершаны да ацяпляльнага сэзону рамонт будынкаў.

Распавядае жыхарка Жодзіна Сьвятлана: “Ад пачатку ацяпляльнага сэзону прайшло ўжо амаль тры тыдні, але атрымалася так, што ў нашай кватэры запоўненыя паветрам батарэі. Сантэхнікаў выклікаем кожны дзень, але яны прыходзяць нецьвярозыя і ніяк дапамагчы нам ня могуць”.

Чыноўнікі, у сваю чаргу, заяўляюць пра зьбяднелы бюджэт і недахоп сродкаў на сацыяльныя патрэбы. Дырэктар ЖЭУ Сяргей Ламака патлумачыў:

“Затапленьне склепу адбылося з-за аварыйнага становішча на цеплатрасе. Адтуль вада патрапіла ў склеп. Мы займаліся гэтай праблемай, але, шчыра кажучы, яе павінны вырашаць цепласеткі”.

Дзяжурная зь цепласетак паведаміла, што яны маюць зараз шмат заявак на рамонт у старых будынках:

“Ліквідуюцца аварыі, канечне. І іх вельмі шмат цяпер для гораду. Адбываюцца яны часьцей у старых дамах”.

У Жодзіне жывуць больш як 60 тысяч чалавек. Аснову жыльлёвага фонду складаюць дамы, пабудаваныя ў 1960-я, калі сюды перанесьлі зь Менскага аўтазаводу вытворчасьць 25-тонных самазвалаў МАЗ-525.

XS
SM
MD
LG