Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ў ВІЧ-інфікаваных маці нарадзілася 158 дзетак


Сёньня Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA) правёў прэзэнтацыю праекта “Беларусь у тварах: моладзь 15 гадоў таму”. У 1994 годзе прадстаўнікі 197 краінаў сьвету на Міжнароднай канфэрэнцыі ў Каіры выступілі з ініцыятывай прасачыць, як мяняецца жыцьцё маладых людзей у розных сфэрах у розных краінах. Тут і гендэр, і дэмаграфія, урбанізацыя, рэпрадуктыўнае здароўе, сям’я.

На імпрэзу былі запрошаныя героі, якія сваім прыкладам разбурылі стэрэатыпы ў розных сфэрах жыцьця. Герой праекту Максім Сокал — актор, рэжысэр, клапатлівы муж і малады тата, узяў дэкрэтны адпачынак. Студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў Людміла Арлова абвяргае гендэрны стэрэатып пра тое, што тэлеапэратар — в мужчынская прафэсія. Нямецкі валантэр Ханс Пробст цэлы год дабрачынна працаваў у беларускім псыханэўралягічным дыспансэры ў Навінках.

А спадарыня Юлія распавяла пра сваё мацярынскае шчасьце — з дыягназам ВІЧ яна пасьпяхова выйшла замуж і нарадзіла здаровае дзіця. Праўда, кантактавалі журналісты, экспэрты зь Юляй па тэлефоне. У 2005 годзе Юля пазнаёмілася з маладым чалавекам, зь якім у яе адзін раз быў неабаронены сэкс. Потым яны разьбегліся ў розныя бакі. А Юля праз некаторы час даведалася пра свой небясьпечны дыягназ:

“Спачатку было вельмі складана, я плакала, мне здавалася, што гэта не са мной, што жыцьцё на гэтым скончылася. Сама пастаноўка дыягназу была вялікім ударам. Таму што я дзяўчына з добрай сям’і, не наркаманка, не прастытутка. Мне здавалася, што такое здарылася не са мной. Канечне, было цяжка”.

Юля сустрэла чалавека, якога не напалохаў дыягназ ВІЧ. Маладыя людзі пабраліся шлюбам, у іх нарадзіўся сын.
Але празь некаторы час Юля сустрэла чалавека, якога не напалохаў дыягназ ВІЧ. Маладыя людзі пабраліся шлюбам, у іх нарадзіўся сын, якому хутка адзін годзік. Юлі пашанцавала — яе падтрымалі блізкія людзі:

“І сябры мае некаторыя ведаюць, можа, гэта была праверка сяброўства. Але яны ад мяне не адвярнуліся, яны працягваюць са мной сябраваць. Маці мая ведае, і муж мой ведае, ён таксама мяне падтрымлівае”.

Усяго ў Беларусі за 20 гадоў ув ВІЧ-інфікаваных мацярок нарадзілася 1450 дзетак. ВІЧ-інфэкцыя пацьверджаная ў 149 дзяцей. 770 дзетак зьнятыя з дыспансэрнага ўліку як здаровыя. Частка дзетак яшчэ не дасягнула ўзросту, калі ставяць канчатковы дыягназ, і пакуль яны знаходзяцца пад наглядам. Усе дарагія імпартныя лекавыя прэпараты ВІЧ-інфікаваныя атрымліваюць бясплатна. Інфэкцыяніст Ларыса Касінская дадае:

“У нас памерла 8 ВІЧ-інфікаваных дзетак. А наагул зь дзетак, што нарадзіліся ў ВІЧ-інфікаваных мам, 61 дзіця памерла. З розных прычынаў: гэта і заўчасныя роды, і розныя цяжкія паталёгіі”.

Галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Барсукоў так ахаратарызаў людзей, якія адважваюцца на адказны крок:

У Эўропе амаль на 100% нараджаюцца здаровыя дзеці. Мы да гэтага пакуль яшчэ імкнемся.
“Гэта абсалютна адэкватныя, разумныя людзі, якія, як правіла, маюць вышэйшую адукацыю, якія цікавяцца гэтай праблемай. І цяпер мы да ВІЧ-праблемы ставімся так, як і да захворваньня на цукровы дыябэт. Гэта ня столькі захворваньне, колькі лад жыцьця. Калі пацыент разам з доктарам на адным баку, а ВІЧ — на другім, атрымліваецца, двое супраць аднаго. Канечне, шанец ёсьць. І ў Эўропе амаль на 100% нараджаюцца здаровыя дзеці. Мы да гэтага пакуль яшчэ імкнемся”.

Інфэкцыяніст Ларыса Касінская прывяла і трывожную статыстыку: 36,1% ВІЧ-інфікаваных жанчын, якія нарадзілі сёлета, гэта маці-адзіночкі. Да таго ж, ня ўсе жанчыны адказна ставяццца да нараджэньня дзіцяці:

“Але з гэтай групы частка жанчын мае шлях інфікаваньнья праз нарказалежнасьць. Гэта не азначае, што і нарадзіўшы, яны цалкам адмовіліся ад наркотыкаў. Я задавала пытаньне адной такой жанчыне: „Чаму вы адважыліся нараджаць?“ Яна адказвае: „А можа быць, тады я кіну наркотыкі“. Можа быць… Але калі дзіцяці будзе патрэбна харчаваньне, а ёй — наркотык, вы ж разумееце, што выбярэ яна”.

Мэдыкі перакананыя: пры правільных паводзінах, дакладным выкананьні рэкамэндацый, прыёме адпаведных лекавых сродкаў у ВІЧ-інфікаванай жанчыны можа нарадзіцца здаровае дзіця. Дарэчы, летась у Беларусі ў ВІЧ-інфікаваных маці нарадзілася 171 дзіця, а сёлета — ужо 158.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG