Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка чакае ад кіраўніка сваёй адміністрацыі Ўладзімера Макея прапаноў наконт кадравых перастановак у беларускім урадзе.

Гэткае даручэньне было дадзена ў часе сёньняшняй нарады пра эканамічны стан краіны, — паведамляе БелаПАН.

“Краіна жыве так, як быццам крызісу ў краіне няма. На чым езьдзілі — на тым і езьдзяць, куды езьдзілі — туды і езьдзяць. Што елі — тое ямо, што апраналі — то й апранаем”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Ніхто яшчэ ў крызісе ня жыў, апроч народу, якому толькі і прапануюць то на 10 даляраў, то на 5 падвысіць плацяжы па камуналцы. І не хадзіце да мяне і не прасіце: маўляў, давайце гэта павялічым, гэта паднімем. Шукайце шляхі зьніжэньня сабекошту. Працуйце над падвышэньнем прадукцыйнасьці працы”, — сказаў Лукашэнка.

“Міністраў папярэджваю, што я пачаў асабіста і пэрсанальна слухаць кожнага”, — нагадаў прэзыдэнт.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў галоўных абласных вэртыкальнікаў шчыльна заняцца сваімі рэгіёнамі. “Пытаньне нумар адзін — прамысловасьць. Губэрнатары асабіста з заўтрашняга дня павінны ўзначаліць кампанію па разгрузцы складоў усіх прадпрыемстваў. Хай што заўгодна робяць, але выходзяць на зададзены ўзровень. Ці альтэрнатыва: ня можаце — скажыце. Я буду шукаць іншых людзей, хто б гэта здолеў. Але прынятыя мной рашэньні — закон для ўсіх, тут прысутных”, — падсумаваў вынікі нарады Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG