Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускія ўлады скардзяцца на Эўразьвяз?


Адсутнасьць дзеючага Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве Эўразьвязу зь Беларусьсю падрывае інтарэсы абодвух бакоў. Пра гэта заявіў сёньня начальнік галоўнага ўпраўленьня Эўропы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі Аляксей Скрыпко, выступаючы на навуковай канфэрэнцыі “Беларусь у сучасным сьвеце”. Спадар Скрыпко таксама спасылаўся на праблему атрыманьня беларускімі грамадзянамі шэнгенскіх візаў, на кватаваньне імпарту пэўных відаў беларускіх тавараў ды іншыя праблемы беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Хто на самой справе найперш вінаваты ў наяўнасьці такіх праблемаў, у чым першапрычына іх зьяўленьня? Ці сапраўды афіцыйны Менск прыкладае намаганьні, каб скасаваць гэтыя перашкоды? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных справах Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: “Сярод іншага Аляксей Скрыпко нагадаў, што пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве 1994 году так і не ўступіла ў сілу. “Таму цяпер мы вымушаны працаваць з Эўразьвязам на аснове заключанага яшчэ Савецкім Саюзам з ЭЭС пагадненьня 1989 году”, — сказаў ён. Ад гэтага церпяць гандлёва-эканамічныя адносіны, інтарэсы мытных службаў, ахова інтэлектуальнай уласнасьці, навукова-тэхнічнае, інавацыйнае, адукацыйнае, інвэстыцыйнае супрацоўніцтва і іншыя формы ўзаемаадносін, заявіў чыноўнік МЗС. Але чаму пагадненьне аб партнэрстве так і не ўступіла ў сілу? Хто адказны за цяперашні стан адносінаў?”

Алесь Лагвінец
Лагвінец: “Прычына вельмі простая. Эўразьвяз замарозіў ратыфікацыю гэтага пагадненьня, бо ў Беларусі тады ўзмацняліся аўтарытарныя тэндэнцыі. І самай галоўнай падставай стаў рэфэрэндум лістапада 1996 году, які прывёў да зьменаў у Канстытуцыі Беларусі, што скасавалі падзел уладаў. Паводле вынікаў гэтага рэфэрэндуму ў 1997 годзе Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне прыпыніць ратыфікацыю, бо беларускія ўлады не паважаюць фундамэнтальныя правы чалавека і дэмакратычныя свабоды”.

Цыганкоў: “Апошнім часам прадстаўнікі беларускіх уладаў розных узроўняў неаднаразова выступаюць з “скаргамі”, просьбамі да Эўразьвязу з мэтай зьмяніць сытуацыю ў эканамічным супрацоўніцтве. Але ці сапраўды афіцыйны
Калі Менск хоча гуляць паводле агульнаэўрапейскіх правілаў, то ён мусіць пайсьці на свабодныя выбары, нармальнае функцыянаваньне прэсы…
Менск прыкладае рэальныя намаганьні для скасаваньня гэтых перашкодаў, ці гэтыя заявы больш падобныя да прапагандысцкіх крокаў?”

Лагвінец: “Я лічу, што сам факт зьяўленьня такіх заяваў вельмі добры. Так ці інакш, яны фармулююць чаканьні беларускай эканомікі, беларускага грамадзтва. Але ў той самы час мне падаецца, што беларускія ўлады яшчэ не гатовыя рэальна рабіць нешта ў гэтым кірунку. Ім трэба зразумець, што эканамічныя адносіны моцна злучаныя з палітычнымі. Калі Менск хоча гуляць паводле агульнаэўрапейскіх правілаў, то ён мусіць пайсьці на свабодныя выбары, нармальнае функцыянаваньне прэсы, на ўсё тое, што было сфармулявана ў 12-ці пунктах Эўракамісіі яшчэ ў лістападзе 2006 году. Як слушна адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, гэты дакумэнт па-ранейшаму актуальны”.

Цыганкоў: “Але ці ня можа запанаваць такі падыход, што варта разьдзяляць эканамічныя і палітычныя дачыненьні і што эканамічныя павінны ісьці больш хуткімі тэмпамі, нягледзячы на палітычныя перашкоды?”

Лагвінец: “Часткова гэта зараз ужо і адбываецца. Але разам з тым — поўнафарматнае супрацоўніцтва, на якое прэтэндуюць беларускія ўлады, немагчымае бяз зрухаў у палітычнай сфэры. Беларускія дыпляматы гэта цудоўна разумеюць, і хаця ім даюць загады казаць такія рэчы, яны цудоўна ведаюць, у чым прычыны сёньняшняга стану дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG