Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі за нацыянальныя сьцягі


Суд над удзельнікамі вывешваньня сьцягоў

Суд над удзельнікамі вывешваньня сьцягоў

Суд Першамайскага раёну Менску пакараў траіх затрыманых актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” штрафамі. Іх затрымалі пасьля таго, як яны вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі на праспэкце Незалежнасьці. Праз тры гадзіны актывістаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. У пастарунак трапілі таксама фотакарэспандэнты, якія здымалі акцыю.

У суд Першамайскага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб падтрымаць актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Галіну Пярвушыну, Насту Аскерку і Алега Ладуцьку.

Наста Аскерка
29 кастрычніка а 7 вечара на праспэкце Незалежнасьці залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Ад будынка Нацыянальнай бібліятэкі да парку Чалюскінцаў удзельнікі акцыі вывесілі 100 сьцягоў — па два на кожным слупе.

Мінакі фатаграфавалі гэта відовішча камэрамі мабільных тэлефонаў. Калі ж міліцыянты пачалі здымаць сьцягі, гэта выклікала негатыўную рэакцыю відавочцаў. Раззлаваныя міліцыянты затрымалі фотакарэспандэнтаў Юлію Дарашкевіч і Ўладзя Грыдзіна і траіх актывістаў “Эўрапейскай Беларусі”.

Алег Ладуцька і Ўладзь Грыдзін паведамілі, што прапаршчык Аляксей Дзяшкевіч, супрацоўнік Дэпартамэнту аховы Першамайскага раёну Менску (праспэкт Незалежнасьці, 74б), зьбіваў іх падчас затрыманьня, у машыне, а потым у міліцыі.

Алег Ладуцька
Алег Ладуцька: “Прапаршчык і малодшы сяржант адразу, не прадставіўшыся, заламілі рукі за сьпіну і кінулі ў машыну. Адразу пачалі зьбіваць, пагражаць, абражаць. Білі па твары і прыкладам аўтамата па руцэ.

Застаўся сьлед ад удару. Прапаршчык так і не прадставіўся. Я ягонае імя пачую ў судзе і буду пісаць заяву на яго ў пракуратуру”.

Калі судзілі Алега Ладуцьку, малодшы сяржант Віктар Грыневіч у судзе казаў, што прычынай затрыманьня стала тое, што Алег вывешваў сьцягі. Ён паведаміў, што гэта дробнае хуліганства.

Аляксей Дзяшкевіч
Аляксей Дзяшкевіч сьцьвярджаў, што Алег нецэнзурна лаяўся і гэта стала падставай для складаньня пратаколаў.

Алега судзілі апошнім і пакаралі яго штрафам на 30 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў).

Першай суд пакараў штрафам на 525 000 рублёў Насту Аскерку. Наста паведаміла “Свабодзе”, што яе бацькі пэнсіянэры, а сама яна не працуе:

“Нас абвінавацілі ў дробным хуліганстве, што я лаялася матам, чаго насамрэч не было. Рабілі гэта толькі самі міліцыянты, што самае цікавае і дзіўнае.

У міліцыі папросту праз слова мат. Для іх гэта як звычайная мова”.

Міліцыянт Насянок складае пратакол на затрыманых, 29 кастрычніка.
На працэсе Галіны Пярвушынай сьведка-міліцыянт Насянок, які затрымліваў дзяўчыну, паведаміў, што быў разам з кіроўцам. Ён некалькі разоў сказаў, што больш нікога не было. Але ў справе быў рапарт таго ж Аляксея Дзяшкевіча, які напісаў, што таксама затрымаў Галіну Пярвушыну, але ўжо ў іншым месцы — на праезнай частцы праспэкту.

Адвакат Павал Сапелка зьвярнуў увагу на гэтую акалічнасьць і на іншыя істотныя супярэчнасьці. Судзьдзя Вольга Багам’ян абвясьціла перапынак, каб напісаць прысуд.

Тым часам сябры і бацькі Галіны чыталі ў судовай залі аб’явы: удзельнікаў працэсу — адвакатаў і прадстаўнікоў пракуратуры — прасілі не ляпіць жуйкі на стол і сядзеньні. Але, гледзячы на налепленыя жуйкі, можна было пераканацца, што на ўдзельнікаў працэсу гэтыя заклікі ня вельмі ўплывалі.


Урэшце абвясьцілі прысуд Галіне Пярвушынай — штраф на 15 базавых велічыняў.

Галіна паведаміла з судовай залі: “Я сюды патрапіла за сваю ідэю. Вось яна мяне й падтрымлівала. Я была на прыпынку, калі мяне затрымалі. Сказалі, што я падазроная ў вывешваньні сьцягоў”.

Адвакат Павал Сапелка прасіў суд спыніць справы супраць сваіх падабаронных:

Павал Сапелка
“Нечакана скончыліся ўсе тры працэсы. Я зь некаторым зьдзіўленьнем убачыў, што суд ня даў аб’ектыўнай ацэнкі той масе супярэчнасьцяў і, часам, бязглузьдзіц. Ня даў суд ацэнкі таму факту, што фактычна супрацоўнікі міліцыі зьдзейсьнілі некалькі незаконных затрыманьняў.

Яны затрымлівалі асобаў, якія не зьдзяйсьнялі адміністрацыйных правапарушэньняў.

У мяне склалася ўражаньне, што дзеля таго, каб апраўдаць незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, былі складзеныя пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэньні, якіх не было”.

Павал Сапелка запэўніў, што падасьць скаргі на прысуды ў Менскі гарадзкі суд, бо лічыць іх незаконнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG