Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінску прэзэнтавалі кнігу Івана Кірчука


Іван Кірчук, архіўнае фота

Іван Кірчук, архіўнае фота

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі лідэра этна-трыё “Троіца” Івана Кірчука “Аўтабаны і мэнэстрэлі”.

Аўтар кажа, што кніга сталася вынікам яго дарожных нататак, якія ён рабіў падчас вандровак гурту на фэстывалі розных краін. За дзесяць гадоў існаваньня “Троіцы” калектыў наведаў больш як 80 фэстываляў этнічнай музыкі, адзначыў Кірчук.

“Зразумела, усе нататкі ў кнігу ўвайсьці не маглі. У яе ўвайшлі найбольш цікавыя моманты, зьвязаныя з нашай творчасьцю, з паездкамі і фэстывалямі. Сустрэчы зь людзьмі, купля інструмэнтаў, экспэдыцыі. Нейкія моманты, якія прыходзілі ў вершаванай форме, проза. Бо проста рабіць апісаньне паездак і фэстываляў было б сумна”, — сказаў Кірчук.

“Здаралася, нам трэба было за два-тры дні пераляцець усю Эўропу — умоўна кажучы, з Босьніі на Паўночнае мора, — адзначыў музыкант. — Калі казаць пра назву кнігі, то нават у гэтым годзе за тры месяцы ў нас было восем канцэртаў. Аднак для ўдзелу ў іх мы праехалі 10 тысяч кілямэтраў. Таму мы бачылі шмат дарог: расейскіх, украінскіх, эўрапейскіх”.

Паводле слоў Кірчука, спачатку “гэта былі запісы толькі для сябе, я пісаў у сшытках, блякнотах — на ўсім, на чым было можна пісаць. Таму што мінае час, многае забываецца, а многае мяняецца ў маім сьветапоглядзе. Таму мне таксама было цікава зазірнуць у гэтую кнігу”.

Аўтар выказаў надзею, што кніга зацікавіць ня толькі прыхільнікаў “Троіцы” і іншых музыкантаў, але і пашырыць уяўленьні чытачоў пра стаўленьне да нацыянальнай культуры і фальклёру ў розных краінах.

Выданьне выйшла пры падтрымцы ТАА “ПАН-студыя” і будзе прадавацца ў кнігарнях.

XS
SM
MD
LG