Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пісталет, зь якога забілі Ганчара, будзе некалі ў музэі…”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — ня толькі тэлефанаваньні за пятніцу, але й тыя, якія мы не пасьпелі агучыць цягам тыдня, а таксама найбольш адметныя рэплікі, меркаваньні, пытаньні, што ўжо гучалі ад мінулага панядзелка на нашых хвалях.

Напачатку — зь пятнічнай аўдыёпошты. Слова нашаму слухачу Ўладзімеру Навагрудзкаму.

“Паштоўкі ў турму палітвязьням — гэта, вядома, добра. А вось у фашысцкай Германіі зараз былога эсэсаўца судзяць, які трох галяндцаў прыстрэліў у 1944 годзе. Зайздросна, аднак. Але выснова для сваёй краіны — асудзіць на дзяржаўным узроўні камунізм, як некалі нацызм, далей дакумэнтальна запоўніць справы выдатнікаў цяперашняга калгаснага ладу, і ўрэшце ўсім адплаціць. А паштоўкі… ну што ж? Хай будуць”.

Гэтай тэме пасуе вось такое атрыманае намі пытаньне:

Спадар: “Вось ужо 10 год, як узьнікае тэма зьніклых палітыкаў. Чаму была выкарыстаная гэтая зброя, якой праводзіцца сьмяротнае пакараньне? Лічу, яна калісьці апынецца ў Менскім музэі гісторыі, як, прыкладам, і ледаруб, якім зьнішчылі Льва Троцкага. Калі б гэта было звычайнае забойства, то выкарысталі б звычайны пісталет, і ўсё на гэтым скончылася б. Чаму менавіта выкарыстоўвалася зброя, якой выконваецца сьмяротнае пакараньне? Гэта што — рытуал?”

Адказвае кіраўнік праваабарончага цэнтру “Права і дапамога насельніцтву” Алег Воўчак.

Алег Воўчак
“Наконт гэтай зброі выступіў Алег Случак, мой калега з пракуратуры. Маўляў, тая ідэя нібыта належыць Сівакову з Шэйманам, каб надаць злачынству пэўную статутнасьць: бачыш, пакараньне робіцца законнай зброяй, Ганчар ды іншыя такім чынам нібыта расстраляныя імем закону… А па-другое, яны спадзяваліся, што пісталет той будзе надзейна ахоўвацца ў адным месцы, куды ніхто “збоку” ніколі не дабярэцца. У тым ліку й сьледчыя, каб правесьці ідэнтыфікацыю паводле гільзаў. Аднак раней ці пазьней доказы злачынства — любога — будуць знойдзеныя. І пісталет той самы будзе выкарыстаны як рэчавы доказ на судзе”.

На працяг палітычнага блёку — званок спадарыні Ціны, якая вярнулася з вандроўкі ў далёкую казахстанскую Караганду, пра высілкі беларускай прапаганды на міжнародным узроўні.

Спадарыня: “На экране тэлевізара з плоскім экранам, натуральна, японскага паходжаньня, адзін пусты, нецікавы канал. Аказваецца, Назарбаеў дазволіў беларускі канал БТ. Ніхто яго не глядзіць, сказала мне сяброўка, сярод таго, што паказваюць на іншых кнопках. А нават сьмяюцца з нашых вечна голых кабет, так званых зорак, якія вельмі нахабна сябе прэзэнтуюць. Прапануюць сябе надта. Але ўсё пустое”.

А вось назіраньне спадара Анішкевіча з Маладэчна:

Спадар: “Вось Лукашэнка на кожным кроку дэманструе звышнезалежнасьць, ускладняючы працу Сідорскаму. У дзяржаў Эўразьвязу з падпісаньнем новай Канстытуцыі нават міністар замежных спраў будзе агульны. Паводле заявы чэскага прэзыдэнта, некаторая страта абсалютнай незалежнасьці кампэнсуецца нашмат большай эканамічнай выгадай. Так мяркуюць разумныя кіраўнікі”.

Што да ўнутрыпалітычных рэалій, дык тут дамінуе тэма выбараў.

Cпадар: “Гарант Канстытуцыі выступіў з прывычным маналёгам: “Я прыхільнік справядлівых выбараў”. Нават лібэралізацыю абяцае і дадае: “у межах дзейнага закону”. Але ў якія межы зьмяшчаецца такое дзеяньне, як фальсыфікацыя выбараў? У гаранта Канстытуцыі ў гэтым дачыненьні вельмі вольныя ўяўленьні. Таму ягоныя словы даверу не заслугоўваюць”.

Cпадарыня: “Так дапёк сваёй несправядлівасьцю Лукашэнка… Зімой і летам рыюць і рыюць катэджы яго начальнікі, абіраюць нас, і вось зноў будуць цадзіць шампанскае выбарчай перамогі праз губкі. Ну і надакучылі! Хопіць ужо цярпець іх!”

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Некалі Лукашэнка казаў, што галасаваньне — гэта ёсьць сьвята. Сьвяты бываюць толькі адзін дзень. Таму папярэдняе галасаваньне — сьвята для фальшаваньня выбараў”.

У своеасаблівы ідэалягічны блёк званкоў уваходзіць і тэма стаўленьня ў грамадзтве да беларускай мовы. Вось што палічыла неабходным сказаць з гэтай нагоды спадарыня Белановіч:

“Каб першая асоба рэспублікі гаварыла на мове свайго народу — гэта значыць па-беларуску, — усьлед за ёй, без аніякай прынукі, па-беларуску загаварылі б і міністры, і наша чынавенства. На жаль, сытуацыя на сёньня адваротная”.

Аднак ня ўсе слухачы пагаджаюцца з такой пастаноўкай праблемы:

Асоба Лукашэнкі выклікае падсьвядомы супраціў ягоным ініцыятывам.
Cпадар: “Грамадзтва загаворыць па-беларуску, калі на мове будзе гаварыць першая асоба”, — кажа яна. Адно невялікае, але істотнае ўдакладненьне: гэтай асобай павінен быць не Лукашэнка, таму што асоба Лукашэнкі выклікае падсьвядомы супраціў ягоным ініцыятывам і нейкую пагарду да тых, хто яму служыць. Як бы ні пнуўся Лукашэнка насіць дарагія строі і гадзіньнікі, ён усё адно застанецца калгасьнікам. Усё, што для яго робіцца, — паказное, у тым ліку і беларусізацыя будзе такой сама паказухай. Мова — гэта мур, і калі будаваць яго разам з Лукашэнкам, шкоды будзе болей, чым ад ягонай русыфікацыі”.

Цікавы погляд на моўную сытуацыю — у наступным тэлефанаваньні ад спадара Мікалая.

Спадар Мікалай: “Многія адказваюць, што адвыклі ад роднай мовы, але ў гісторыі Беларусі ёсьць цікавы прыклад. У 1941 годзе адразу ўсе забыліся на расейскую і вельмі добра загаварылі на роднай мове. І расейскамоўных раптам зусім не аказалася. З павагай, Мікалай”.

Ніводнага дня на гэтым тыдні не было без таго, каб вы, шаноўныя слухачы, не адгукнуліся на так званае падвышэньне пэнсій. Выбіраю такую фармулёўку, бо ці ня ўсе абураліся новай сумай… Вось і сёньня мы пачулі наступны водгук.

Спадарыня: “Сёлета інфляцыя была 22 адсоткі. Дадалі за ўвесь год толькі 9,5 адсотка пэнсіі. Гэта што такое? Гэта сьмешна. А чыноўнікі выступаюць лукашэнкаўскія, кажуць, што тры разы дабавілі. Гэта тры разы дадалі ў Расеі і будуць у студзені яшчэ дадаваць. А нам — не. Пэнсіянэраў пакінулі ў галечы. Дык што гэта такое?”

І яшчэ адно слухацкае назіраньне:

Ларыса, Менск: “Атрымліваюць шмат якія людзі пэнсію і ледзь зводзяць канцы з канцамі. Яны каля прылаўкаў збольшага нюхаюць і прыглядаюцца, дзе што таньнейшае, а тое, што таньнейшае, вельмі няякаснае. Тыя, хто хоча прэтэндаваць на ролю кіраўніка краіны, хай паназіраюць за тымі, хто з кійком у руках зазірае ў урну: ці няма там кінутай бутэлькі? Гэта дадатковы прыбытак да пэнсіі — сорам дый годзе!”

Хоць гэткія думкі — тыповыя, зусім ня ўсе іх прытрымліваюцца. Іншыя нават спрабуюць давесьці адваротнае. Прычым у вельмі экспрэсіўнай форме. Слухаем.

Спадарыня: “Пэнсія ў мужыка — 270 тысяч, ён, бачыце, скардзіцца… Чаму ж ты не працаваў як сьлед? У мяне, у бабы, пэнсія 470, я ж рабіла! А ты, мужык! І жанчына званіла, у яе 250, цяперака бядуе… Дык чаго ж вы гулялі? І так колькі разоў дадавалі малазабясьпечаным пэнсіянэрам, што нас, добра забясьпечаных, злуе. Выбачайце, трэба было працаваць, мае птушачкі!”

Аўтару гэтага званка дастаецца, як кажуць, на гарэхі і па сёньня.

Cпадарыня: “Па голасе чую, што баявая цётка! Ведаем, як зараблялі пэнсіі гэтыя “баявыя”… Зранку ўстануць, аблятуць гэтыя тры работы, па кабінэце начальству памыюць і ў 12 ужо ідуць на базар. А цяпер ганарацца!”

У мяне шмат было працадзён: і свае, і маміны. І што — за такую пэнсію я на небе жыву?
Cпадарыня: “Я рабіла зь дзяцінства, працавалі на зямлі, а потым выгналі ў горад — і там працавала! І мая мама на мяне пісала ўсе працадні свае… У мяне шмат было працадзён: і свае, і маміны. І што — за такую пэнсію я на небе жыву? Прыйшоў Лукаш, далі толькі сваім пэнсію добрую, а нам малую. Вось, хто працаваў, той не атрымлівае. Вось так, гаспадыня, паслухай: ты не працавала, а атрымліваеш”.

Тэме пэнсій пасуюць і званкі зь меркаваньнямі нашых слухачоў як пра стан эканомікі краіны ў цэлым, так і пра іх пэрсанальныя побытавыя клопаты.

Спадар: “Нашай канторы далі плян па здачы мэталалому. Аніякага дачыненьня да мэталаапрацоўкі мы ня маем. Купілі на баку некалькі соцень кіляграмаў, здалі. Але ж самае сьмешнае ня гэта, а тое, што Белдругчармэт адмаўляецца аплочваць нават гэтую суму, хоць цана значна меншая за рэальную. Прапануюць замест грошай усялякія электроды, рыдлёўкі, малаткі, дзякуй Богу, што не сярпы і молаты. Я б прапанаваў нашаму галоўнаму хакеісту, а па сумяшчальніцтве эканамісту і юрысту наступнае: давайце ўвогуле адменім у Беларусі грошы. Раз на год можна выдаваць па адным гарнітуры ад Камінтэрну, раз на 10 гадоў — тэлевізар, а да паўналецьця — па адным трактары на сяле і па адным аўтамабілі МАЗ. І ня будзе аніякіх праблем, будзе новая квітнеючая эканоміка…”

А вось сёньняшні званок ад спадарыні Ларысы:

Спадарыня: “Цэны адпусьцілі. Так пачалася лібэралізацыя. Іх адпусьцілі ня сёньня, а ўжо даўно. Мы гэта адчуваем на сваёй кішэні. Нашы кіраўнікі кажуць, што крызісу няма. Але калі яго няма, дык чаму мы езьдзім і просім крэдыты? Багата набралі ды яшчэ просім”.

Слухачоў абурае рэакцыя вэртыкальнікаў на ўмовы народнага жыцьця:

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “У мяне якая справа, даражэнькія. Язва трафічная на назе села, мазі вельмі дарагія, ужо грошы няма адкуль узяць. Да таго ж яны нічога не дапамагаюць… Такое адчуваньне, што на нашых заводах яны зробленыя абы-як, можа, скралі, можа, прадалі, перапрадалі, пракруцілі, прапілі, як у нас заўсёды робіцца… Я ў такім адчаі — ня ведаю, што рабіць!”

Грамадзкі рэдактар тыдня, лекарка з Жыткавічаў Ірына Цішкоўская праводзіць паралелі паміж беларускімі й нямецкімі рэаліямі:

Ірына Цішкоўская
“Маёй маці 70 гадоў, і нядаўна мы зь ёй зьезьдзілі ў Нямеччыну на 10 дзён. Матуля — звычайная вясковая жанчына: нідзе ніколі не была, усё жыцьцё працуе, не падымаючы галавы… Убачанае яе літаральна шакавала, і на другі дзень сказала: “Ой, а мы ж думалі, што — жывём… Не, нават і не існуем у параўнаньні зь імі…” Хоць пасьля вайны звычайныя немцы таксама галадалі і елі гнілую бульбу. І вось — такая розьніца! Нямецкі знаёмец майго ўзросту калі расказвае, дзе ён пабыў, то прасьцей на мапе пазначыць куткі, куды яшчэ не дабраўся. Дарэчы, калі яшчэ адзін наш немец-знаёмец патрапіў упершыню да нас, то доўга сядзеў на вясковай лаўцы, назіраў і нарэшце прамовіў: “Шчасьлівыя людзі — ня ведаеце іншага жыцьця…” Так што проста ўсё трэба параўноўваць. І вельмі шкада назіраць, колькі шанцаў на годнае жыцьцё мы губляем…”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG