Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах Беларусі актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў удзельнічаюць у акцыях памяці ахвяраў палітычнага тэрору. Вядзецца таксама падрыхтоўка да Дня памяці продкаў — “Дзяды”.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Сёньня рэгіянальныя актывісты наведалі Трышынскія могілкі

Адзіны ў Берасьці помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў усталяваны на закрытых для пахаваньняў Трышынскіх могілках. Як паведаміў “Свабодзе” старшыня рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Маслоўскі, тут сёньня адбылася памінальная акцыя:

“А 10-й гадзіне раніцы ля манумэнта прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый БСДП (Грамада), АГП, Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ), Беларускага Хэльсынскага камітэту ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы. Пасьля хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”.


Ігар Маслоўскі таксама паведаміў, што сёньня на берасьцейскай сядзібе партыі БСДП (Грамада) адбыўся круглы стол. Актывісты і гісторыкі ўзгадвалі пра сталінскі тэрор у 1939—1953 гады.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На Дзяды ўзгадваюць паўстанцаў 1863-га

30 кастрычніка актывісты незалежнага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс пачалі наведваць па ўсёй Гарадзеншчыне магілы, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, паўстанцы 1863 году ды іншыя патрыёты, якія сталі ахвярамі царскага ды камуністычнага рэжымаў. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць супрацоўнікі генэральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Горадні.

На могілках у Квасоўцы зьлева направа ксёндз Ян Занеўскі, польскі консул Ян Срока, адзін з кіраўнікоў Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч.

Сёньня першы прыпынак быў на могілках у вёсцы Квасоўка Гарадзенскага раёну. Там ужо чакалі мясцовыя жыхары і ксёндз Ян Занеўскі. Усе супольна ўшанавалі магілу, дзе пахаваныя войт Уладзіслаў Шота, яшчэ шэсьць палякаў і адзін беларус — солтыс Андрэй Мацько. Яны былі забітыя пасьля 17 верасьня 1939 году.

Mагіла сарака паўстанцаў 1863 г. у Мінявічах.

Далей у наднёманскай вёсцы Мінявічы былі запалены зьнічы на магіле сарака паўстанцаў 1863 году. Пасьля гэтага ў Луньне была ўшанавана безназоўная магіла жаўнераў, якія загінулі ў польска-савецкую вайну 1920 году, і магіла паўстанца 1863 году. Вось што пра іх распавёў мясцовы краязнаўца Лявон Карповіч:

“Мы цяпер былі каля магілы невядомага жаўнера. Дарэчы, у Войску Польскім таксама было многа беларусаў. Жыхары Лунна ў 1928 годзе пазьбіралі парэшткі, якія былі параскіданыя на месцы баёў, і зьнесьлі сюды. На жаль, невядома, хто там быў пахаваны, імёны невядомыя. І вось зрабілі гэты сьціплы помнічак, ён захаваўся. Тут адбываецца ўрачыстасьць штогод на дзень Усіх Сьвятых. А зараз мы ідзем да магілы паўстанца 1863 году, ён быў цывільным кіраўніком Луньненскай акругі, гэта шляхціц зь Мінявічаў, у яго маёнтку зьбіралася зброя, косы перакоўваліся для касінераў. Гэта — Ян Каменскі, ён добры сябра Элізы Ажэшкі, яна апісала яго ў сваім рамане “Над Нёманам” пад імем Андрэя Карчынскага”.

Магіла паўстанца Яна Каменскага і Леоніі Каменскай у Лунне.

Затым ушанаваньне магілаў адбылося ў Мастах, Слоніме, Зэльве, Ваўкавыску.

У Лідзе, Ваўкавыску, Мастах і Смаргоні ўшануюць памяць нацыянальных герояў

У Лідзкім раёне захаваліся магілы паўстанцаў 1863 году. На Дзяды гэтыя месцы зноў будуць добраўпарадкаваны і ўшанаваны.

Пра пляны актывістаў распавёў сёньня “Свабодзе” Станіслаў Суднік:

“Будзе праезд да магілаў паўстанцаў. Мы іх загадзя ўпарадкуем, ускладзём кветкі, а таксама запалім зьнічы. Гэта будзе каля Малога Воджава, дзе пахаваныя Фалькоўскі і Цехановіч, а таксама ў Лідзкім раёне ўшануем памяць Баляслава Колышкі. Ён кіраваў паўстаньнем у Жмудзі, а сам родам з нашага раёну. Яго павесілі на Лукішках”.

Спадар Суднік таксама дадае, што ў нядзелю ў іх адбудзецца канцэрт беларускіх бардаў з удзелам Алеся Камоцкага. Улады ўжо далі на гэта дазвол.

У Ваўкавыску мясцовыя актывісты зьбіраюцца ўскласьці кветкі да крыжа, які тры гады таму быў усталяваны на месцы былой вуніяцкай царквы. Кажа Мікола Кавальчук:

“Шмат людзей ідуць у нас на могілкі да сваякоў, і так на Гарадзеншчыне паўсюль. Калі вечарам праяжджаеш недзе побач з могілкамі, то паўсюль гараць зьнічы, проста відовішча нейкае”.

Мастоўскія актывісты таксама зьбіраюцца традыцыйна ўшанаваць памяць продкаў у гэты дзень. Кажа Зьміцер Кухлей:

“Зьбіраемся, як штогод, паехаць у вёску Пацавічы Мастоўскага раёну, дзе ёсьць магілка паўстанцаў, і ўскласьці там кветкі, запаліць зьнічы...”

Спадар Кухлей кажа, што імёны пахаваных там паўстанцаў дагэтуль невядомыя.

Смаргонскія актывісты сёлета выбіраюцца наведаць Кушляны, каб ушанаваць памяць Францішка Багушэвіча. Кажа Алесь Дзергачоў:

“На сёлетнія Дзяды мы маем намер наведаць Кушляны і Жупраны, ускласьці кветкі слыннаму нашаму земляку — Францішку Багушэвічу. А таксама запалім зьнічы каля помніка, які сёлета быў усталяваны ў Смаргоні”.

Новы помнік Францішку Багушэвічу ў Смаргоні.


ВІЦЕБШЧЫНА


Акцыі адбудуцца ў віцебскіх і полацкіх “Курапатах”

На Віцебшчыне жалобныя імпрэзы пройдуць ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай і каля вёскі Бельчыцы пад Полацкам.

Сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юры Конышка распавёў, што сёлета аршанскія дэмакратычныя актывісты вырашылі ўсе разам ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У бліжэйшую нядзелю яны зьбяруцца на Кабыляцкай гары, каб спачатку прыбраць месца масавых расстрэлаў, а потым правесьці жалобную імпрэзу:

“Аршанская суполка КХП БНФ заўсёды зьбіраецца падчас Дзядоў на Кабыляцкай гары. Мы садзілі тут кветкі, ускладалі вянкі. Сюды прыяжджалі й тыя, у каго тут расстралялі сваякоў. Да прыкладу, спадар Рылько з Талачына, у яго тут расстралялі бацьку, іншыя людзі прыходзілі з кветкамі ды вянкамі. А сёлета наша партыя, Партыя БНФ, “маладафронтаўцы”, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый вырашылі разам правесьці імпрэзу ў памяць пра расстраляных тут ахвяраў”.

Урочышча Кабыляцкая гара пад Воршай — гэта другое пасьля менскіх Курапатаў прызнанае на афіцыйным узроўні месца масавых расстрэлаў. І ў 1990-я гады ў прысутнасьці мясцовых уладаў тут быў адчынены помнік-камень. Аднак невядомыя вандалы некалькі разоў нішчылі прымацаваную на ім памятную шыльду. Цяпер, калі прадстаўнікі ўладнай вэртыкалі ўжо больш за 10 год тут не зьяўляюцца, на месцы загубы некалькіх соцень людзей пачалі зьяўляцца крыжы: адзін зь іх усталявалі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, іншыя — сваякі расстраляных тут людзей.

Вялікі крыж у памяць ахвяраў сталінізму з ініцыятывы мясцовых сябраў КХП БНФ быў усталяваны і пад Полацкам , каля вёскі Бельчыцы. Тут таксама расстрэльвалі мясцовых жыхароў, але самога пахаваньня не засталося — зямлю разам з чалавечымі косткамі адсюль бралі на будоўлю дарогі Полацак — Менск, кажа сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Мікола Шарах:

“Гэта “полацкія Курапаты”, хаця парэшткаў расстраляных тут ужо няма. Але ў Бельчыцах ёсьць крыж, на ім шыльда са словамі “Ахвярам генацыду ад нашчадкаў, ня страціўшых памяць”. Апякуецца гэтым крыжам полацкая грэка-каталіцкая парафія, тут на Дзяды бывае паніхіда па ахвярах і малітва за Беларусь”.

Сёлетняя сустрэча каля бельчыцкага крыжа мае адбыцца 2-га лістапада а 6-й вечара. Дарэчы, гэта ўжо ня першы крыж, які актывісты ўсталявалі ў гэтых мясьцінах — драўляныя крыжы час ад часу нішчылі вандалы, і цяпер на месцы трагедыі пастаўлены трывалейшы, жалезны крыж.

Адразу пяць крыжоў усталявалі ўчора каля вёскі Паляі пад Віцебскам тамтэйшыя дэмакратычныя актывісты. Традыцыя ўсталёўваць крыжы ў “віцебскіх Курапатах” распачалася больш як 10 год таму, аднак сёлета ў верасьні нехта зьнішчыў тры памятныя сымбалі, а ў кастрычніку зьнік яшчэ адзін. Міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу па фактах вандалізму.

Пра ўсталяваньне пяці крыжоў старшыня суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў паведаміў мясцовым уладам — каб сельсавет таксама падзяліў адказнасьць за захаваньне памяці.

2-га верасьня разам зь сябрамі ў гэтыя мясьціны мае выправіцца віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён распавёў, што мяркуе наведаць таксама магілу свайго сябра Ўладзімера Плешчанкі, былога старшыні абласной суполкі КХП БНФ.
XS
SM
MD
LG