Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 38 выпадкаў “сьвінога" грыпу


У Беларусі ўпершыню афіцыйна абвешчана пра факты захворваньня на сьвіны грып. На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя паведамілі пра 38 выпадкаў хваробы.


З 38 чалавек, якія захварэлі на сьвіны грып, толькі трое працягваюць лячэньне. 35 цалкам выздаравелі і выпісаныя са шпіталяў. Аднак лябараторныя дасьледаваньні працягваюцца, таму могуць зьявіцца новыя выпадкі, паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Робэрт Часнойць. На пытаньне, чаму пра гэта абвешчана толькі сёньня, спадар Часнойць адказаў:

“Я думаю, што інфармацыя — яна заўсёды даступная. Вы ў нас сёньня спыталіся, мы вам адказалі”.

Аднак нават у прэс-рэлізах для журналістаў, распаўсюджаных перад сустрэчай з чыноўнікамі, пра сьвіны грып не паведамлялася. На сёньня няма адпаведнай інфармацыі і на афіцыйным інтэрнэт-сайце міністэрства ды іншых структураў сыстэмы аховы здароўя. Адмаўлялі гэтыя факты і лекары шпіталяў. Тым часам у інтэрнэт-прасторы працягваецца абмеркаваньне чутак пра нібыта сьмерць людзей ад сьвінога грыпу. Робэрт Часнойць зьняпраўдзіў гэтыя чуткі, заявіўшы, што 4 чалавекі памерлі ад пнэўманіі:

“Хачу падкрэсьліць і запэўніць усіх, што сёньня сьмерці ад грыпу, ад сьвінога грыпу тым больш, няма ў Рэспубліцы Беларусь. Так, былі і ёсьць, і сёньня мы назіраем выпадкі, у параўнаньні зь мінулым годам, выпадкі сьмерці ад пнэўманіі. Разьдзяляюцца паняткі — ад пнэўманіі і ад грыпу”.

"Невядома, як зь ім змагаюцца"


Паводле чыноўнікаў міністэрства, на сёньня ў Беларусі на прастуду і грып захварэлі 65 тысяч чалавек. Гэта на 20% больш, чым летась. Найбольш хварэюць дзеці — 60% ад агульнай колькасьці. Перадусім у Менску, Пінску, Салігорску, Маладэчне, Барысаве і іншых гарадах. Якія сымптомы мае сьвіны грып, паведамляе кіраўніца аддзелу міністэрства Людміла Жылевіч:

“Сьвіны грып мае тую ж сымптаматыку, што і звычайны грып: падвышэньне тэмпэратуры, галаўны боль, стомленасьць, боль у вачах, можа быць задышка. А тое, што гэта чалавеку можа пагражаць ускладненьнямі, то гэта заўсёды было і заўсёды будзе”.

Што ведаюць пра сьвіны грып менчукі і як ад яго бароняцца, цікаўлюся ў людзей на вуліцах гораду:

Карэспандэнтка: “Ці чулі што-небудзь пра сьвіны грып, ці не баіцеся захварэць і як бароніцеся?”

Юнак: “Чуў, але не асьцерагаюся надта. Бо ня чуў, каб нехта хварэў”.

Спадарыня: “Канечне, баюся, бо невядома, як зь ім змагаюцца, з чым нават змагацца, бо мы ня ведаем сутнасьці гэтага грыпу, ягонага паходжаньня. Таму, канечне, страшна, асабліва за дзяцей.

Юнак: “Ад грыпу п’ю вітаміны”.

Спадарыня: “Чула, але ніяк не баранюся — што будзе, тое і будзе. Бо я лічу, што ад сьвінога грыпу памірае ня больш людзей, чым ад звычайнага. Проста няма гэтай інфармацыі пра сьвіны грып”.

ТАКСАМА ПА ТЭМЕ:

Расея абяцала вакцыну ад сьвінога грыпу, але не дала

На мяжы -- узмоцнены рэжым з-за сьвінога грыпу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG