Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка сёньня абвясьціў 2010 год “этапам узнаўленьня хуткага эканамічнага росту”.


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў на нарадзе, дзе падводзяцца вынікі працы першых трох кварталаў, а таксама разглядаецца праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2010 год.

Лукашэнка заявіў, што ацэнка працы ўраду, Нацыянальнага банку і ўсіх органаў улады будзе зробленая па выніках году.

“Цяпер мне патрэбныя не апраўданьні і самасправаздачы,— заявіў кіраўнік дзяржавы. — Якая сытуацыя — ведаюць усе. Ёсьць пэўная статыстыка. Мне патрэбны адказы на выклікі, якія выявіў усясьветны крызіс. Мне патрэбныя адказы на пытаньні па паказчыках эфэктыўнасьці працы тых ці іншых ведамстваў і прадпрыемстваў, і што мы будзем рабіць”, — прыводзіць ягоныя словы агенцыя БелТА.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, аб'ём ВУП за першыя 9 месяцаў сёлета склаў толькі 99,7% да ўзроўню адпаведнага пэрыяду летась. А прагнозны паказчык на 2009 год складае 10—12%.
XS
SM
MD
LG