Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усяго толькі год таму беларусы былі пэўныя ў тым, што, як бадзёра сьпяваў Андрэй Жыгалковіч: "Абароніць бульба нас ад усякай атыпічнай трасцы!"




І гэта цалкам натуральна, бо тады мы яшчэ жылі ва ўмовах "апошняй дыктатуры ў Эўропе", у грамадзтве закрытага тыпу, на выспачцы непахіснай стабільнасьці ў віруючым моры хаосу. Пасьля таго, як у краіне была абвешчаная лібэралізацыя, крышталёвая судзіна, імя якой – Беларусь, дала расколіну: беларускае грамадзтва адкрылася ўсім лютым вятрам і нягодам сьвету. Інфляцыя, дэвальвацыя, паўпэрызацыя... Нават самалёты, якія да таго ўпэўнена баразьнілі нябёсныя прасторы, пачалі падаць адзін за адным.

Калі б заставаўся жывы французскі філёзаф Жан Бадрыяр, ён канчаткова пераканаўся б у сваёй тэзе, што лібэралізацыя найперш забясьпечвае і гарантуе галоўнае права чалавека – права на катастрофу. У працы пад назвай "Празрыстасьць зла" Бадрыяр пісаў:

"Няма ніякіх сумневаў у тым, што СССР зрабіў вялізны крок на шляху захаваньня правоў чалавека... дзякуючы Чарнобылю, землятрусу ў Армэніі і пагібелі атамнай падлодкі: гэты крок ёсьць правам на катастрофу. Галоўныя, асноўныя правы - права на нешчасьлівае здарэньне, права на злачынства, права на памылку, права на найгоршае, а ня толькі на найлепшае: і гэта ў значна большай ступені, чым права на шчасьце, робіць вас чалавекам, годным гэтага званьня".

Невядома, што чакае нас наперадзе. А пакуль што, разам з усім цывілізаваным сьветам, Беларусь на роўных церпіць ад сьвінога грыпу.

СЬВІНЫ ГРЫП І СЬВІНСКІ МІНЗДРАЎ


У беларускім сеціве зьяўляецца ўсё болей сьведчаньняў пра лятальныя зыходы ад сьвінога грыпу, пра якія, паводле сеціўных сьведкаў, улады "ўтойваюць інфармацыю". Гэтак, блогерка czy сьцьвярджае, абапіраючыся на словы знаёмых лекараў (чые імёны яна ня можа назваць па вядомых прычынах):

"У Менску зафіксаваныя першыя лятальныя выпадкі ў выніку заражэньня вірусам A/H1N1 ("сьвінога грыпу"). На сёньняшні дзень:

1 чалавек ў 2-ім шпіталі г. Менска – дыягназ пацьверджаны.
У дзіцячым інфэкцыйным шпіталі– хлопец 17 гадоў – дыягназ пацьверджаны.
Тамсама памёр яшчэ адзін чалавек – чакаюць на пацьвярджэньне дыягназу.
У 10-м шпіталі памерла цяжарная жанчына, у 5-ым – мужчыны 30 і 37 гадоў – таксама чакаюць на пацьвярджэньне/абвяржэньне дыягназу.
У 5-м шпіталі 7 чалавек ляжаць на апаратах, у 6-м – чатыры.

Агульны сымптом – вірусная пнэўманія як ускладненьне грыпу.

Усе аддзяленьні заваленыя хворымі на грып.

Тымчасам Мінздраў Беларусі заняты... пошукам рэаніматоляга з 5-га шпіталю г. Менску, які дапусьціў "уцечку" інфармацыі пра двух памерлых пацыентаў.

Не раўнуючы, як у 1986-м. Вядома ж, катастрофа не нагэтулькі маштабная, але сьвінства чыноўнікаў засталося ў ранейшых маштабах"
.

Паведамленьне справакавала актыўную дыскусію. На гэты момант колькасьць камэнтароў сягнула да 160. Але блогеры – народ недаверлівы, яны насьцярожана ставяцца ня толькі да паведамленьняў традыцыйных СМІ, але і да інфармацыі ад сваіх калегаў.

"Ці гатовыя вы адказаць за ўласныя словы? Банальна прыйсьці па позве ў сувязі з распаўсюдам чутак і адказаць на пытаньні сьледчых. Вельмі спадзяюся, што адпаведныя органы чытаюць ЖЖ і возьмуць вас за адно месца, калі прыйдзе час," – піша mojo_fm.

Вы лічыце свае паводзіны прыгожымі? Выдаеце інфармацыю, спасылаючыся на міфічных знаёмых, адмаўляецеся ад пацьвярджэньня. Тут ужо, ці бачыце, –- або грамадзянскі абавязак патрабуе сарваць покрыва і не баяцца наступстваў, таму што "доўг перадусім", або "няхай і не зусім так, затое я герой дня, толькі тсссс..." – дадае nikita_syskov.

Аднак большасьць камэнтатараў згадзілася з тым, што гэтымі месяцамі хворых наўкола вельмі шмат. Блогер veter_r_r лічыць, нібыта "сьвіны грып" тут ні пры чым, а падвышаная колькасьць захворваньняў выкліканая кепскім надвор'ем:

"У параўнаньні зь мінулым годам сёлетняя восень значна больш халодная і мокрая... але ж гэта ніяк ня можа быць зьвязана, вядома. А ўлады ўтойваюць! У гэтым прычына :)"

Яму запярэчыла dolka777, спаслаўшыся на дадзеныя Гідрамэтцэнтру, згодна зь якімі апошні верасень у Беларусі наадварот быў надзвычай цёплы: "Сярэдняя тэмпэратура паветра склала +13..+15°C, што на 1-3° вышэй кліматычнай нормы. Такі цёплы верасень бывае прыкладна раз у 10 гадоў". Што да кастрычніцкага надвор'я, яно заставалася ў межах нормы.

Таксама блогерка распавяла, што тыдзень таму ейны сын трапіў у рэанімацыю з дыягназам "вірусная двухбаковая пнэўманія". Але ў шпіталі адмовіліся зрабіць аналіз на сьвіны грып, аб чым яна прасіла. Матывуючы адмову тым, што калі сын ня езьдзіў за мяжу, дык сьвінога грыпу ў яго быць ня можа. Гэта рудымэнты старога мысьленьня, што не пасьпела за зьменамі ў грамадзкім жыцьці, якое будуецца на ўпэўненасьці, быццам усё кепскае атабарылася па-за межамі Беларусі, а яна сама поўнасьцю абароненая ў сваёй крышталёвай капсуле.

ПАНІКЁРСТВА ЯК АСАБЛІВАСЬЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ХАРАКТАРУ


Назіраючы за тым, як панічныя настроі пакрысе ахопліваюць беларускую блогасфэру, блогер head_of_babulka абвінаваціў агулам усіх беларусаў у схільнасьці кіравацца "статкавым інстынктам", няўменьні думаць і крытычна ставіцца да чутак.

"Ад году ў год, без выключэньняў, нашае грамадзтва ня можа абыйсьціся без таго, каб масава не паддацца паніцы бяз дай прычыны. Дайшло да таго, што гэта зрабілася яшчэ адной выразнай нацыянальнай рысай, у дадатак да слыннай талерантнасьці. Калі да нас прыляцяць іншаплянэтныя госьці і пачнуць шчыльна вывучаць нашу культуру, звычаі і асаблівасьці, я пэўны, у канчатковым выданьні міжплянэтнай энцыкляпэдыі расаў сусьвету насупраць графы зь беларусамі зьявіцца кароткае і ёмістае: "бяздумныя панікёры".

Дзесяць гадоў таму бяздумная, статкавая паніка на Нямізе забрала жыцьці 53 чалавек. Паўсотні чалавек загінула праз тое, што некалькі індывідаў запанікавалі, спужаўшыся дажджу, і пасеялі паніку сярод астатніх, што ў выніку пераўтварыла натоўп у бяздумны статак, якое таптала слабых і ня бачыла перад сабой нічога. Здавалася б, пасьля такога жудаснага здарэньня, у масавай сьвядомасьці беларусаў павінна было нешта зьмяніцца: нейкія зрухі ў бок нармальнасьці, а можа нават першыя парасткі лёгікі і вырашаць праблемы самастойна. Але не. Ледзьве ня кожны красавік натоўпы беларусаў зьмяталі ёд, паддаўшыся чарговым чуткам пра тое, што ў Чарнобылі або ў Смаленску або яшчэ дзе-небудзь паблізу ізноў нешта выбухнула.


Улічваючы тое, чаго каштаваў беларусам Чарнобыль, інфармацыю пра які доўга спрабавалі ўтойваць, тут няма нічога дзіўнага. На што зьвярнулі ўвагу некаторыя камэнтатары:

"Панікёрства ўласьцівае любой дзяржаве, дзе інфармацыя пад замком". (bialuha)

"Гэта не панікёрства, а недавер уладам". (e2k-4d-x-ussr)

"Мяркую, справа не ў нацыянальным характары, а ў тым, што беларусаў прывучылі да таго, што "улады нешта ўтойваюць і замоўчваюць праўду". Тым больш, што сапраўды: утойваюць і замоўчваюць.

Інфармацыйны вакум заўжды запаўняецца плёткамі, чуткамі і, у асобных выпадках, панічнымі крыкамі. Ізноў-ткі, татальная закрытасьць улады прымушае людзей жыць у пастаянным чаканьні капца і любое адхіленьне ад стоадсоткавай стабільнасьці ўспрыемаецца як яго прадвесьнік".
(nektotigra)

ПАНІКА НЯ ТОЛЬКІ ШКОДНАЯ, АЛЕ І КАРЫСНАЯ


Да таго ж, як зазначыла частка блогераў, паніка можа мець станоўчыя аспэкты:

"Я згодны з тым, што паніка – гэта добра. Таму што ў нас няма ніякай культуры хварэньня". (veter_r_r)

"Тыповае сьвінства ўладаў - засоўваць галаву ў пясок. Каб не ствараць "паніку" і ня траціцца на дарагія лекі). І каб замежнікі ў казіно прыляталі. Галоўнае, што мы можаш зараз зрабіць – панікаваць і інфармаваць усіх, асабліва тых, хто толькі што захварэў.

Хворы можа заразіць сваім чыхам у супэрмаркеце 1000 чалавек. Тэарэтычна 10 зь іх могуць памерці. Такім чынам, калі вы з сымптомамі вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыі працягваеце хадзіць на працу – вы не ГЕРОЙ КАПІТАЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ, а ЗАБОЙЦА І НЯГОДНІК.
Прыпыніць эпідэмію можна толькі тады, калі тыя, хто захварэў, застануцца дома. Або прынамсі апрануць маску, што паменшыць верагоднасьць заразіць іншых.

Улады, якія ўтойваюць праўду, - забойцы і нягоднікі таксама".
(dolka777)

Таму крыху панікі нам не зашкодзіць, спадарове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG