Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі стартуе праграма падтрымкі вязьняў сумленьня


Сёньня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. 30 кастрычніка 1974 году на ініцыятыву ўдзельніка праваабарончага руху ў СССР, палітвязьня Краніда Любарскага ды іншых вязьняў мардоўскіх і пермскіх лягераў упершыню быў адзначаны “Дзень палітвязьня”. Яго адзначылі сумеснай галадоўкай і запальваньнем сьвечак у памяць пра бязьвінна загіблых. Пасьля гэтага штогод 30 кастрычніка адбываліся галадоўкі палітвязьняў. У Беларусі да адзначэньня гэтага дня далучыліся некалькі гадоў таму.

Пытаньне, што лічыць палітычнымі рэпрэсіямі, каго лічыць ахвярамі гэтых рэпрэсіяў апошнім часам шырока абмяркоўваецца ў беларускім інтэрнэце.

Кіраўнік кампаніі “За альтэрнатыўную службу” Міхась Пашкевіч — колішні фігурант так званай “справы 14-ці” – лічыць, што падставаў для такіх дыскусіяў няма. Палітычныя рэпрэсіі, кажа ён, — беларуская рэчаіснасьць, проста іх спрабуюць замаскаваць пад нешта іншае:

“Безумоўна, цяпер гэткія прозьвішчы, як Бандарэнка, Аўтуховіч, Дубскі, — гэта ня проста прозьвішчы палітрэпрэсаваных, але палітвязьняў. Таму што іх справы былі сфабрыкаваныя, разгледжаныя без усялякага кантролю з боку грамадзкасьці, у “закрытым” рэжыме, паводле прынцыпу “быў бы чалавек, а справа знойдзецца”. І пакуль у нашай краіне будуць гучаць гэткія прозьвішчы ў зьвязку з гэткімі справамі, паняцьце палітычных рэпрэсіяў будзе нашай рэчаіснасьцю. Сёньня гэта Бандарэнка, пазаўчора гэта быў Шыгалаў, дзе таксама справа была, у сутнасьці, палітычная. І хто будзе наступным — пытаньне часу, але не пытаньне прынцыповае”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўвагу грамадзтва да праблемы палітычных рэпрэсіяў пераацаніць складана. Незарэгістраваная праваабарончая арганізацыя “Вясна” рознабакова дапамагае палітрэпрэсаваным:

“Мы займаемся ня толькі маральнай падтрымкай. У бліжэйшым часе ў кантакце зь “Міжнароднай амністыяй” стартуе праграма падтрымкі вязьняў сумленьня. Найперш Дубскага, які цяпер за кратамі. Людзі з усяго сьвету будуць ліставацца зь ім, дасылаць паштоўкі. Гэткіх акцыяў было некалькі, у тым ліку ў дачыненьні да Дашкевіча. Тады па ўсім сьвеце неабыякавыя да лёсу вязьняў сумленьня людзі рабілі арыгамі ў выглядзе бусьлікаў і дасылалі. На мэце паставілі даслаць сто тысяч: маўляў, калі будзе 100 тысяч бусьлікаў падтрымкі — яго вызваляць. Цікава, што фактычна так і атрымалася — як у казцы”.

Калі чалавек за кратамі атрымлівае паштоўкі, лісты, арыгамі дзясяткамі на дзень, гэта моцна дапамагае яму. Калі гэтыя лісты — ад незнаёмых, але неабыякавых людзей з усяго сьвету — гэта прыемна і дае сілы трымацца. Але ж, падкрэсьлівае Валянцін Стэфановіч, было б няблага, каб такіх неабыякавых людзей большала і ўласна ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG