Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cэнат ЭГУ лічыць працэдуру кадравых прызначэньняў дэмакратычнай


Сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта адмовіўся стварыць пагадняльную камісію дзеля вырашэньня канфлікту з выкладчыкамі-страйкоўцамі з дэпартамэнту палітычных навук. АБНОЎЛЕНА

Паводле прэс-службы ЭГУ, сэнат разгледзеў заяву ад былога выкладчыка Андрэя Казакевіча (з указаньнем прозьвішчаў Андрэя Ягорава, Сяргея Богдана, Тацяны Вадалажскай ды іншых). Заява тычылася кадравых прызначэньняў у дэпартамэнце палітычных навук, зь якімі былі ня згодныя выкладчыкі-страйкоўцы. Сэнат спаслаўся на Статут і пастанавіў лічыць кадравыя прызначэньні ў дэпартамэнце палітычных навук слушнымі.

Сэнат ЭГУ выказаў шкадаваньне пра тое, што заяўнікі не скарысталіся “існуючымі ва ўнівэрсытэце дэмакратычнымі сродкамі вырашэньня працэдурных пытаньняў. Сэнатары адзначылі, што прадстаўляючы сытуацыю, якая склалася ў ЭГУ ў СМІ, заяўнікі парушылі нормы прафэсійнай акадэмічнай этыкі”.

“У часе абмеркаваньня дадзенага пытаньня, — сьведчыць прэс-рэліз, — было таксама адзначана, што на дадзены момант ва ўнівэрсытэце працягваецца працэс рэарганізацыі сыстэмы кіраваньня і перабудовы навучальных праграм, якія пачаўся ў студзені 2009 году”.

Адзін са страйкоўцаў-выкладчыкаў палітоляг Андрэй Ягораў ня згодны, што заяўнікі праігнаравалі якія-небудзь дэмакратычныя сродкі вырашэньня падобных канфліктаў:

Мы на сёньняшні дзень ня ведаем тых мэханізмаў, якія б дазволілі вырашыць гэты канфлікт.
“Менавіта практыка гэтага канфлікту і паказала, што згаданыя дэмакратычныя працэдуры фактычна не задзейнічаныя. Мы на сёньняшні дзень ня ведаем тых мэханізмаў, якія б дазволілі вырашыць гэты канфлікт. Замест вырашэньня канфлікту адміністрацыя ЭГУ і Сэнат проста адмаўляюць шэрагу выкладчыкаў у прыналежнасьці да акадэмічнай супольнасьці і адпаведна ў праве карыстацца мэханізмамі вырашэньня такіх канфліктаў.

Рэзюмэ застаецца ранейшым: прызначэньне кіраўніцтва дэпартамэнту не адбываецца дэмакратычным і празрыстым шляхам. Гэта і стала прычынай таму, што выкладчыкі адмовіліся працаваць да таго, як пытаньні прызначэньня кіраўніцтва дэпартамэнтам ня будуць прыведзеныя у адпаведнасьць з нормамі дэмакратыі і акадэмічнага самакіраваньня”.

Што да згаданых у прэс-рэлізе рэарганізацыі сыстэмы ўпраўленьня, то яна наўрад прывядзе да падвышэньня дэмакратычнасьці, адкрытасьці і ўзмацненьня ролі акадэмічнага самакіраваньня ў жыцьці унівэрсытэту”, — адзначыў Андрэй Ягораў.

На думку Дзяніса Мельянцова, варта адзначыць, як вызначалі на паседжаньні статус заяўнікаў:

“Перад разглядам гэтага пытаньня ў некаторых сябраў Сэнату ўзьнікла пытаньне, ці варта наагул гэта разглядаць, бо, маўляў, “хто ўсе гэтыя людзі — бо не было сказана, што гэта выкладчыкі, — “сем пэрсон”.

Працяг разгляду праблемы магчымы на ўзроўні студэнцкага самакіраваньня, мяркуе Дзяніс Мельянцоў:

“Для студэнтаў гэты канфлікт ёсьць пэўнай стратай, бо яны ня могуць атрымліваць адукацыю на ранейшым узроўні, бо шмат якія курсы альбо не чытаюцца наагул, альбо адміністрацыя запрасіла іх чытаць выкладчыкаў, якія не зьяўляюцца адмыслоўцамі ў гэтых галінах наагул. І пра гэта выкладчыкі студэнтам сказалі наўпрост, — маўляў, папрасілі чытаць, бо “гараць” некаторыя дысцыпліны”.

На дадзены момант выкладчыкі-страйкоўцы мяркуюць як мага больш інфармаваць грамадзкасьць пра замоўчваньне канфлікту, а таксама правесьці экспэртны круглы стол па пытаньнях вышэйшай адукацыі, дзе была б таксама закранутая тэма трансфармацыі ЭГУ і яе пэрспэктывы.

“Нават калі абстрагавацца ад згаданага канфлікту, то цяпер даволі цікавыя працэсы ўнутры ЭГУ праходзяць. Ён зьбіраецца стаць рэгіянальным Усходнеэўрапэйскім унівэрсытэтам. А некаторыя кажуць, што гэта павінен быць беларускі ўнівэрсытэт. І пакуль што шляхі яго разьвіцьця — цьмяныя”, кажа Дзяніс Мельянцоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG