Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня сельсавету пагражае судом за ўсталяваньне крыжоў


У “віцебскіх Курапатах” — у лесе каля вёскі Паляі, дзе ў 1930-1950-я гады праводзіліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў, мясцовыя дэмакратычныя актывісты ўстанавілі пяць драўляных крыжоў.



Крыжы чырвонага колеру, усталяваныя сёньня, добра відаць з дарогі Віцебск — Лёзна. Жыхары Паляёў ды суседніх вёсак лічаць гэтае месца жалобным і памятаюць, што ў гады сталінізму там расстрэльвалі людзей.

Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў узьняў сьцяг над памятнымі крыжамі.

Традыцыйна напярэдадні Дзядоў у гэтыя мясьціны прыяжджаюць віцебскія дэмакратычныя актывісты. Сёньня там ізноў сабраліся каля двух дзясяткаў чалавек. Яны запалілі сьвечкі, памаліліся за супакой душ загубленых у гэтым лесе нявінных ахвяраў, ушанавалі іхную памяць хвілінай маўчаньня.

Хвіліна маўчаньня.

Каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў (справа) і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.

Паводле старшыні суполкі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, новыя крыжы невыпадкова пафарбаваныя ў чырвоны колер:

“Гэтыя пяць крыжоў паўсталі на месцы будучага мэмарыялу ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтыя крыжы — знак эпохі, якая ўжо адышла назаўсёды. І яны чырвоныя таму, што гэтая эпоха прайшла пад чырвоным сьцягам. А па-другое, так яны добра глядзяцца на фоне зялёнага або белага лесу, і яны добра відаць з дарогі, якая праходзіць побач”.

Кастусь Смолікаў
Кастусь Смолікаў кажа, што віцебскія актывісты маюць намер зьвярнуцца ў Міністэрства культуры з просьбай надаць гэтым мясьцінам статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці і зрабіць там мэмарыял.

Але яшчэ да таго, адразу пасьля жалобнай імпрэзы, спадар Смолікаў ды іншыя актывісты заехалі ў Варонаўскі сельскі выканкам, каб папярэдзіць пра ўсталяваньне крыжоў мясцовыя ўлады.

Патрэба ў гэтым была выкліканая нядаўнім інцыдэнтам: 25-га верасьня сёлета стала вядома, што нехта зьнішчыў тры драўляныя крыжы, якія актывісты ўстанаўлялі цягам апошніх гадоў. Ацалеў толькі вялікі жалезны крыж, пастаўлены тут некалі праваслаўнымі сьвятарамі.

Каардынатарка стваранай Партыі БХД Тацяна Севярынец, абураная вандалізмам, напісала заяву ў аддзел міліцыі Віцебскага раёну. І якраз сёньня атрымала адказ, што крымінальнай справы супраць злачынцаў распачынаць ня будуць, бо падазраваных на сёньня няма, а сума зьнішчанае маёмасьці невялікая, усяго 132 тысячы 450 рублёў — столькі, паводле даведкі Віцебскага спэцкамбінату, каштуюць тры звычайныя надмагільныя крыжы. Абмежаваўшыся праверкай, міліцыянты больш шукаць вандалаў не зьбіраюцца, мяркуе спадарыня Севярынец:

“Я думаю, для іх крыжы ня маюць таго кошту, як для нас. Таму яны афіцыйна адмовіліся заводзіць справу, а толькі зрабілі выгляд, што кагось шукалі. Насамрэч ім усё адно. Тыя крыжы калісь даводзілася ўсталёўваць таксама пад наглядам міліцыянтаў, яны неяк спрабавалі нам замінаць. Так што стаўленьне супрацоўнікаў міліцыі вядомае”.

Бывала, што жалобныя імпрэзы ў Паляях праходзілі пад міліцэйскім наглядам. А ў 2007-м годзе міліцыянты затрымалі каля вёскі цэлы аўтобус актывістаў, якія вырашылі адзначыць Дзяды ўскладаньнем кветак. Сёньня міліцыянтаў не было, затое старшыня Варонаўскага выканкаму Юры Восіпаў адразу пачаў пагражаць актывістам судом за самаўпраўства.

Не засьпеўшы старшыні на працоўным месцы, Кастусь Смолікаў патэлефанаваў яму і папрасіў, каб мясцовыя ўлады не пакідалі новых мэмарыяльных крыжоў без увагі — каб тыя ня сталі чарговай ахвярай вандалаў. Спадар Восіпаў кінуў слухаўку, заявіўшы, што ў актывістаў няма дазволу на ўшанаваньне памяці землякоў і ён іх прыцягне да адказнасьці за самаўпраўства.

Пазыцыя адказнага работніка зьдзівіла апазыцыянэраў: усяго некалькі тыдняў таму ў сельсавеце таксама абураліся актам вандалізму. Аднак з тае пары ня толькі не знайшлі вінаватых, але й адбылося яшчэ адно таямнічае зьнікненьне: некуды прапаў першы адноўлены крыж, які зьявіўся быў пад Паляямі 20-га кастрычніка. Пра гэта дэмакратычныя актывісты даведаліся толькі сёньня, пабываўшы на жалобным месцы.

На месцы нядаўняга крыжа — толькі ямка ў зямлі.


Так жалобнае месца выглядае з шашы Віцебск — Лёзна.

Апазыцыянэры зьбіраюцца кантраляваць далейшы лёс крыжоў — адмыслова прыяжджаць у Паляі і, калі трэба, пісаць скаргі ў міліцыю ды пракуратуру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG