Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч абяцае “прырасьціць” ВУП на 11-12%


Пятро Пракаповіч
Пятро Пракаповіч

Сёньня старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч расказаў пра сваю паездку ў складзе беларускай урадавай дэлегацыі ў Маскву на паседжаньне так званага саюзнага Саўміну.

Пацьверджаньнем плённасьці візыту спадар Пракаповіч назваў практычна падпісаную дамову з расейскім “Сбербанком” пра акцыянаваньне дзяржаўнага “Белпрамбудбанку”. А вось пытаньне крэдытных траншаў для Беларусі, абяцаных Крамлём яшчэ год таму, па-ранейшаму застаецца адкрытым.

Пётар Пракаповіч традыцыйна зараджае слухачоў аптымізмам. Так, паводле яго разьлікаў, рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі ў наступным годзе складзе 11-12% — насуперак яшчэ нядаўнім прагнозам, якія казалі пра 2-3%. Заявы экспэртаў пра непазьбежную дэвальвацыю беларускага рубля на 10% банкір называе лухтой, а адпусканьне ў вольнае плаваньне коштаў абяцае кампэнсаваць апераджальным ростам заробкаў. Паводле Пракаповіча, будзе працягнутая палітыка на дэдалярызацыю як усёй беларускай эканомікі, так і банкаўскай сфэры ў прыватнасьці. Сярод іншага ён сказаў, што абмежаваньні на крэдытаваньне фізычных асобаў у замежнай валюце будуць дзейнічаць пастаянна.

Адрозна ад іншых дзяржаўных чыноўнікаў, якія ўжо прызвычаіліся да думкі пра існаваньне ва ўмовах эканамічнага крызісу, Пракаповіч і тут трымаецца іншага погляду. Паводле яго словаў, крызіс пануе не ў Беларусі, а ў тых краінах, якія страцілі сваю платаздольнасьць. А ўжо гэта, паводле фінансіста, наўпрост паўплывала на скарачэньне беларускага экспарту. Маўляў, Беларусі прадаць ёсьць што, а вось у колішніх партнэраў няма грошай, каб набыць беларускія тавары. І праілюстраваў сваю перакананасьць посьпехамі ў будаўнічай галіне:

Крызіс, які ёсьць ва ўсім сьвеце, ён ня тычыцца Рэспублікі Беларусь.
“Крызіс, які ёсьць ва ўсім сьвеце, ён ня тычыцца Рэспублікі Беларусь. У нас будаўніцтва жыльля ня толькі не скарачаецца, а нарошчваецца. А гэта — як лякмусавая паперка вызначэньня таго, дзе пануе крызіс. Бо крызіс там, дзе стаяць вежавыя краны. Паглядзелі ў нейкай краіне, што не працуюць будаўнічыя краны, — вось там сапраўды крызіс. У нас усё працуе. Таму з гледзішча ўнутранай неабходнасьці, з пазыцыі ўнутранага попыту ў нас няма крызісу. У нас крызіс у зьнешнеэканамічных адносінах. Крызіс у тым, што мы рэзка скарацілі экспарт нашай прадукцыі, нашых тавараў у іншыя краіны — з-за таго, што ў іх радыкальна скараціўся попыт. То бок гэта ня нашы ўнутраныя праблемы, а так склаліся зьнешнія ўмовы з улікам крызісу”.

Галоўны банкір краіны заявіў, што ад 1 студзеня 2010 году Нацбанк будзе прыпыняць ліцэнзіі тых камэрцыйных банкаў, якія не нарошчваюць свой капітал. У сваю чаргу, інвэстыцыі ў дзяржаўны банкаўскі сэктар будуць прыцягвацца выбарачна. Так, “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку” продаж не пагражае як мінімум бліжэйшыя гадоў дзесяць. Як выказаўся Пракаповіч — у мэтах гарантаваньня фінансавай бясьпекі дзяржавы. А вось некалі стратэгічнымі “Белпрамбудбанкам” і “Белінвэстбанкам” усё ж вырашана ахвяраваць. Пакупніком першага вызначаны расейскі “Сбербанк”, другі пяройдзе ў рукі “аўтарытэтнага заходняга інвэстара”, імя якога не ўдакладняецца.

Некалі стратэгічнымі “Белпрамбудбанкам” і “Белінвэстбанкам” усё ж вырашана ахвяраваць.
Заўтра на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі будуць абмяркоўвацца асноўныя напрамкі бюджэтна-грашовай палітыкі дзяржавы на 2010 год. Пётар Пракаповіч заявіў, што будзе трымацца мэтавага варыянту разьвіцьця эканомікі, які прадугледжвае ўжо згаданыя 12% росту ВУП, масавае прыцягненьне інвэстараў і мінімум 10-працэнтнае перавышэньне экспарту над імпартам. На яго перакананьне, базавы варыянт з нашмат сьціплейшымі паказьнікамі папросту не адпавядае патрабаваньням часу:

“Калі мы засядалі на прэзыдыюме Савету міністраў, разглядалі праграму, мы ж дамовіліся, што базавы варыянт — гэта для фармаваньня бюджэту. Вось у бюджэце закладзены эканамічны рост 2%. Таму што мы ня можам рызыкаваць бюджэтам, мы не павінны цягам году некалькі разоў зьмяняць бюджэт. Усё астатняе, што тычыцца не бюджэту, а разьвіцьця эканомікі, — будзе прапанавана ўсім працаваць па мэтавым варыянце. Усе магчымасьці для гэтага ёсьць — гэта ж 10% да 2009 году. Калі мы сёлета скараціла на 42% экспарт, то калі мы павялічым экспарт нават на 20%, усё роўна мы не дацягнем экспарт да ўзроўню 2008 году, калі ён быў у нас самы высокі. Таму ня трэба палохацца, што гэта вельмі вялікія лічбы. Гэта вялікія лічбы да 2008 году, але да 2009-га гэта цалкам нармальныя лічбы. Бо мы 2009 год спрацавалі па нулях, без прыросту”.

Спадар Пракаповіч выказаў задавальненьне супрацоўніцтвам зь Міжнародным валютным фондам. Паводле яго разьлікаў, да канца году Беларусь атрымае чарговы транш крэдыту па праграме stand-by. А вось у справе крэдытнага супрацоўніцтва з Расеяй нічога не праясьніў нават учорашні візыт у Маскву — абяцаная паўмільярдная пазыка так і застаецца маскоўскай абяцанкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG