Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест зьнішчаных крыжоў пад Паляямі зьявіліся новыя


Віцебскія актывісты ўсталявалі пяць новых драўляных крыжоў у лесе пад вёскай Паляі. У 1930-50-я гады тут праводзіліся масавыя расстрэлы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Паводле старшыні суполкі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, новыя крыжы сымбалічна пафарбаваныя ў чырвоны колер — колер, які асацыюецца з ахвярнай крывёй і з таталітарным рэжымам савецкага часу.

Традыцыя ўсталёўваць крыжы ў лесе пад Паляямі нарадзілася ў асяродку віцебскіх апазыцыянэраў шмат гадоў таму. Сёлета ў верасьні невядомыя зьнішчылі тры драўляныя крыжы, усталяваныя актывістамі. Райаддзел міліцыі Віцебскага раёну адмовіўся заводзіць з гэтае нагоды крымінальную справу.


Некалькі тыдняў таму адзін з крыжоў быў адноўлены. Аднак сёньня прысутныя пераканаліся, што ён зьнішчаны таксама — на ягоным месцы засталася толькі ямка ў зямлі.

Па заканчэньні жалобнай імпрэзы некалькі актывістаў заехалі ў Варонаўскі сельскі выканкам ды пакінулі заяву на імя старшыні пра тое, што яны ўшанавалі памяць загінулых і просяць мясцовыя ўлады пракантраляваць сытуацыю — каб новыя мэмарыяльныя крыжы ня сталі чарговай ахвярай невядомых вандалаў.
XS
SM
MD
LG