Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баварская паліцыя паправіла беларускага калегу


Герб Баварыі
Герб Баварыі

Міністэрства ўнутраных спраў Баварыі абвяргае спасылкі беларускай міліцыі на нямецкі досьвед у спробах абмежаваць працу журналістаў.


На мінулым тыдні намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Палудзень паведаміў, што фармат стасункаў паміж міліцыянтамі і журналістамі будзе зьменены падчас асьвятленьня вулічных мерапрыемстваў. Ён спаслаўся на заканадаўства Нямеччыны, якое нібыта не дазваляе журналістам здымаць паліцэйскіх і ўдзельнікаў акцый буйным плянам, а толькі здалёк.

Мы адразу ж зьвязаліся з прадстаўнікамі нямецкай асацыяцыі журналістаў, і тыя сказалі што пра такія абмежаваньні ня ведаюць і што сваё заканадаўства, якое тычыцца такіх здымкаў, мае кожная з 16 фэдэральных земляў Нямеччыны.

Радыё Свабода зьвярнулася з такім пытаньнем да прэсавай службы міністэрства ўнутраных спраў Баварыі і атрымала адказ, што ні на фэдэральным, ні на ўзроўні асобных фэдэральных земляў няма законаў, якія б забаранялі прыватным асобам фатаграфаваць акцыі, дэманстрантаў і паліцыю. Калі парушаецца аўтарскае права ці наносіцца ўрон таму, каго здымаюць, пацярпелы можа апэляваць да суду. Аднак, перш чым здымкі могуць быць зьнішчаныя ці арыштаваныя апэляцыя вельмі істотна аналізуецца.

Падаем поўны тэкст афіцыйнага адказу, які падпісаў намесьнік прэсавага сакратара Міністэрства ўнутраных спраў Баварыі, доктар юрыдычных навук Райнэр Гутка:

"Няма ніякіх канкрэтных правілаў (узгадненьняў) ні ў фэдэральным, ні ў баварскім зямельным заканадаўстве, якія б забаранялі прыватным асобам фатаграфаваць буйным плянам паліцыю ці дэманстрантаў. Існуюць, аднак, агульныя прадпісаньні і прававыя нормы, якія ў асобных выпадках робяць немагчымай (непрымальнай) публікацыю фотаздымкаў. Так параграфы 22 і 23 Закону аб аўтарскім мастацкім праве забараняюць публікацыю ці публічны паказ карцін, караючы за гэта ў асобных выпадках штрафам.
Звычайны выраб здымкаў не патрапляе пад гэты закон і ніяк не рэгулюецца.

Аднак трэба ўказаць на рашэньне адміністрацыйнага суда зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг (08.05.2008 - 1 S 2914/07). У адпаведнасьці зь ім звычайны выраб фотаздымку без дазволу таго, хто сфатаграфаваны і можа ад гэтага пацярпець, можа ўяўляць сабой парушэньне агульнага права асобы (артыкул 2, пункт 1 у спалучэньні з пунктам 1 артыкулу 1 Асноўнага закону). У выпадку парушэньня гэтага права пацярпелая асоба можа ў адпаведнасьці з грамадзянскім заканадаўствам заявіць і дамагчыся зьнішчэньня фатаграфічнага матэрыялу. Аднак перадумовай заўсёды зьяўляецца ацэнка ўсіх абставінаў нейкага асобнага выпадку, і на падставе важаньня інтарэсаў і прававых пазыцыяў удзельнікаў гэта можа быць прызнана недапушчальным ўмяшаньнем у правы асобы, што іншымі словамі не з’яўляецца вартасным матывам для здымку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG