Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шпіталі № 5 не пацьвярджаюць сьмерць ад сьвінога грыпу


5-я гарадзкая клінічная бальніца Менску.

5-я гарадзкая клінічная бальніца Менску.

У інтэрнэт-суполцы minsk_by зьявілася паведамленьне, што ў менскім шпіталі № 5 памерлі два чалавекі, хворыя на сьвіны грып. Каб спраўдзіць ці абвергнуць чуткі, у шпіталі пабывала Галіна Абакунчык.

Хворыя, мэдычны, дапаможны і тэхнічны пэрсанал шпіталя амаль у поўным складзе носяць адмысловыя павязкі на твар. Чаму гэтак арганізавана і зь якой прычыны, супрацоўнікі камэнтуюць ня вельмі ахвотна:

Карэспандэнтка: “Бачу, што ўсе ў павязках: што здарылася, чаму?”

Ахоўніцы: “Гэта не да нас”.

Хворая: “Як чаму? Шпіталь, эпідэмія вакол”.

Мэдсястра: “Чаму — ня ведаю, але сказалі насіць павязкі, таму і носім”.

Карэспандэнтка: “Ходзяць чуткі, што тут, у вашым шпіталі, памерлі людзі ад сьвінога грыпу”.

Мэдсястра: “Я ж ня лекар, ня ведаю”.


Узяць камэнтар у галоўнага ўрача, яго намесьніка ці галоўнай мэдычнай сястры не ўдалося: як паведамілі ў прыёмных, кіраўніцтва працуе ў аддзяленьнях. Адказаць на некалькі пытаньняў не адмовіўся эпідэміёляг шпіталя Ўладзімер Адаеў:

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, што адбываецца: чаму ўсе людзі ў павязках?”

Адаеў: “Чаму? Таму што ідзе сэзонны ўздым грыпу, Але ў нас у шпіталі — не. Каб не захварэлі супрацоўнікі шпіталя, мы прынялі такое рашэньне. Пакуль ніякай панікі падымаць ня трэба: мы ў масках ходзім, каб не захварэў мэдычны пэрсанал. Грыпу ў нас у шпіталі няма”.

Карэспандэнтка: “Зараз ходзяць чуткі, што ў пятым шпіталі памерлі людзі ад сьвінога грыпу”.

Мы ўзялі шэсьць аналізаў. Вынікі пакуль адмоўныя.
Адаеў: “Няма, няма. Ніхто ня ведае. Дыягназ “грып” ставіцца на падставе лябараторных дасьледаваньняў. Гэтых вынікаў мы пакуль не атрымалі”.

Карэспандэнтка: “Значыць, вы іх зараз правяраеце?”

Адаеў: “Так. І сёньня мы ўзялі шэсьць аналізаў. Пакуль адмоўныя”.

Карэспандэнтка: “А якія падазрэньні? Ад чаго людзі памерлі?”

Адаеў: “Рэч такая, што пра грып жа дакладна ня скажаш, пакуль не пацьверджаны дыягназ. Трэба, каб было пацьверджана лябараторна. Але я лічу, што гэта звычайны восеньскі ўздым захворваньня. Канчатковы дыягназ будзе за лябараторыяй”.



У Міністэрстве аховы здароўя і ў іншых зацікаўленых установах на пытаньні пра сьвіны грып адказваць адмаўляюцца. Заўтра прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя даюць прэсавую канфэрэнцыю. Тым часам у інтэрнэце працягваюць зьяўляцца зьвесткі пра факты сьмерці людзей ад сьвінога грыпу ў некалькіх іншых шпіталях Менску.
XS
SM
MD
LG