Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кожнага гораду — свае Курапаты


Ля Пакутнага крыжа на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы

Ля Пакутнага крыжа на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы

Сёньня гомельскія дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Першым месцам прыпынку стаў Пакутны крыж, усталяваны па левы бок Чарнігаўскай шашы. На ім прымацавана шыльда з надпісам: “Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 г.г.” Менавіта сюды й прыйшлі з чырвонымі гвазьдзікамі й вянкамі прадстаўнікі руху “За Свабоду”, АГП, БНФ, БХД, “Талакі”.

Жалобную імпрэзу адкрыў кіраўнік стваранай арганізацыі “Гомельскі дэмакратычны форум” Пятро Кузьняцоў:

“Сёньня мы тут, каб ушанаваць памяць бязьвінна загіблых грамадзянаў нашай краіны ў ліхія савецкія часы сталінскіх рэпрэсіяў. Тут было адно зь месцаў масавых расстрэлаў бязьвінных людзей. Прайшлі гады, але памяць пра гэтых людзей застаецца з намі. Рэшткі тых зьяваў, якія тады мелі месца й прывялі беларускі народ да сапраўднай трагедыі, застаюцца з намі й сёньня. Гэтая чорная хмара камуністычнай рэпрэсіўнай машыны, якая забівала людзей у тыя часы, не адышла яшчэ назусім з нашай зямлі”.

Прамоўца сказаў, што спадкаемцы былых карнікаў і зараз сочаць за актывістамі й нават здымаюць жалобную імпрэзу зь белай аўтамашыны на відэакамэру.

“Ахвярам палітычных рэпрэсіяў ад дэмакратычных арганізацыяў Гомеля”
Хвілінай маўчаньня актывісты ўшанавалі памяць нявінна загіблых грамадзянаў. Яны ўсклалі чырвоныя гвазьдзікі і вянок з надпісам: “Ахвярам палітычных рэпрэсіяў ад дэмакратычных арганізацыяў Гомеля”.

Ад крыжа жалобная працэсія выправілася ў лес за цяперашні Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека. Прыкладна за тры кілямэтры ад радыяцыйнага цэнтру ў 2007 годзе былі знойдзены парэшткі сямідзесяці расстраляных людзей.

Гаворыць рабочы аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў Васіль Пакаташкін, чый род паходзіць з суседніх зь лесам вёсак:

“На гэтым месцы пахаваныя мае землякі, якія бязьвінна загінулі ў трыццатыя гады. Энкавэдысты ўчынялі тут сваю чорную справу — забівалі людзей”.

Гэтае лясное ўрочышча, як і Шчыкатоўскі лес з правага боку Чарнігаўскай шашы, улады афіцыйна не прызналі месцам масавых расстрэлаў. Крыж, аднак, усталявалі. Сталыя жыхары навакольных вёсак сьведчаць, што менавіта тут у 30-я гады сталінскія энкавэдысты масава расстрэльвалі мірных жыхароў.

Чырвоныя гвазьдзікі й вянок да памятнага каменя у гомельскіх Курапатах.
На месцы катаваньняў гомельскія дэмакратычныя актывісты ўсталявалі памятны камень: “Тваім пакутнікам, Беларусь”. Сюды гамельчукі таксама прынесьлі сёньня жалобны вянок і чырвоныя гвазьдзікі.

Каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора:

“Мы ўжо ня першы раз прыходзім на гэтае пакутнае месца. Улады, на жаль, дзякуй ня кажуць. І мы не прырастаем новымі людзьмі, якія б прыйшлі сюды й нас падтрымалі. Працягваюцца й рэпрэсіі — няхай ня ў тым выглядзе, як былі ў 30-я гады. Аднак усё адно грамадзяне, дэмакратычныя актывісты цярпяць. Але ня сёньня дык заўтра ў Беларусь прыйдуць сапраўдныя перамены. І веру, што блізкі той час, калі на гэтым месцы будзе ляжаць ня гэты пакутны камень, ня крыж, а будзе стаяць годны помнік тым людзям, якія былі тут бязьвінна расстраляныя”.
XS
SM
MD
LG