Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэтлікі ў крамах яшчэ не перапісваюць


Ад 29 кастрычніка ў Беларусі адменена абмежаваньне гандлёвых надбавак на большасьць тавараў. Раней агульная надбаўка не павінна была перавышаць 30 працэнтаў да ўзроўню коштаў вытворцы. А цяпер гэты ўзровень скасаваны нават на імпартныя тавары. І дзяржаўны, і прыватны гандаль атрымаў права самастойна вызначаць рост надбавак ці іх зьніжэньне.


Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды” высьвятлялі, ці выклікала пастанова Мінэканомікі № 141 якія-небудзь зьмены на спажывецкім рынку?

МЕНШЧЫНА


Прадпрымальнік Віктар Крываль утрымлівае ў райцэнтры Ўзда сваю прыватную харчовую краму. Сёньня ён патлумачыў “Свабодзе”, што так званая лібэралізацыя цэнаў не паўплывае на ягоны бізнэс:
Прыватны прадпрымальнік забясьпечвае райцэнтар таньнейшымі харчамі.


“Я якраз асабіста прадаю сацыяльна значныя тавары і лічу, што кошты на іх надалей будуць яшчэ зьмяншацца, бо ў людзей няма грошай”.

Віктар Крываль завозіць у райцэнтар хлеб са сталіцы, а таксама муку, макароны, цукар, соль. На гэтыя тавары, а таксама субпрадукты з курэй, вараныя каўбасы, сьвежых карпаў, салёную рыбу і яшчэ больш як 40 найменьняў харчоў гандлёвыя надбаўкі засталіся ранейшымі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Не мянялі сёньня цэтлікі і ў магілёўскіх крамах. Гандляры цьвердзяць, што падвышаць цэны немэтазгодна, бо з-за крызісу значна ўпала
W“Стрымаць кошты магла б канкурэнцыя, але ўмоваў для роўнасьці няма”.
пакупніцкая здольнасьць насельніцтва.

Пытаньне павышэньня цэнаў, як сьцьвярджаюць гандляры, нават не разглядаецца.

“Крызіс, беспрацоўе ёсьць, і частка прадпрыемстваў працуе ў няпоўную сілу, таму сэнсу вялікага павышаць цэны няма. Мы тады наагул адаб’ем пакупніка. Асноўныя ж тавары ўсё адно засталіся пад рэгуляваньнем дзяржавы, гэтак званы сацыяльны кошык. А дарагія тавары не заўжды даступныя для простага пакупніка”, — паведамілі ў кіраўніцтве адной з магілёўскіх гандлёвых сетак.

У магілёўскай арганізацыі таварыства спажыўцоў ня надта вераць у шчырасьць гандляроў:


“Хаця й заклікаюць усіх, каб не накручвалі цэны, але ж я ўпэўнены, што цэны падскочаць. На многія тавары цэны й так ужо падрасьлі з-за крызісу. Лядоўня расейская каштавала мільён, а цяпер — мільён чатырыста. Пральныя машыны таксама падаражэлі працэнтаў на трыццаць ужо сёлета. Калі цэны пусьцяць у свабоднае плаваньне, то, канечне, перагібы будуць”, — зазначае кіраўнік арганізацыі Васіль Чорны.

У магілёўскім прадпрымальніцкім асяродзьдзі скасаваньне надбаўкі пакуль камэнтуюць стрымана. Прагназаваць рост цэнаў не бяруцца. Спадзяюцца, што стрымаць іх дапаможа канкурэнцыя, аднак прызнаюць, што ўмоваў для яе роўнасьці няма. Гаворыць прадпрымальнік Алег:

“Як мы гандлюем не харчовымі таварамі, то ў нас ёсьць канкурэнцыя. Натуральна, што ў нас цэны — “плывуны”. Для пакупніка гэта добра. Але, хутчэй за ўсё, канкурэнцыя не спрацуе, прынамсі напачатку. У змовы будуць уступаць, не бяз гэтага ж, вядома. У нас жа не заўжды крамы згаджаюцца прымаць прадукцыю з другой вобласьці, таму канкурэнцыя — ня думаю, што будзе такой, якой хацелася б”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Прыватныя прадпрымальнікі і працаўнікі дзяржаўнага гандлю на Гарадзеншчыне сёньня практычна ніякім чынам не адрэагавалі на тое, што цэны ў краіне сталі вольнымі. Тлумачыць Міхал Карневіч.

У гарадзенскай краме бытавой тэхнікі дзень пачаўся як звычайна. Пытаюся ў прадавачкі, ці не павысіліся кошты на пральныя машыны.

Спадарыня: “А хто вам сказаў, што кошты падвышаюцца? Я нічога ня чула”.
“Ня будзем падвышаць кошты, гандаль прасоўваецца вельмі цяжка”.


Цікаўлюся ў іншай краме: ці не зьмяніліся кошты на кампутары, ноўтбукі, аксэсуары для іх?

Спадарыня: “Не, я ня ў курсе, першы раз ад вас чую пра гэта”.

У адной з найбуйнейшых будаўнічых крамаў дырэктар ведае пра зьмены з цэнамі, але рэагуе на гэта абыякава. Вось што кажа спадар Валеры:

“Не, мы ня будзем больш павышаць кошты, бо і так слабыя продажы. Мы нічога кардынальна не зьмяняем, у нас нізкія цэны, і яны пакуль такімі застаюцца”.

У мэблевай краме дырэктарка Ірына кажа, што пакуль на адмену памеру надбавак тут ніяк не адрэагавалі.

Спадарыня: “Нічога мы не падвышаем, усё стаіць як ёсьць, сядзім, чытаем пастанову. У нас нармальныя цэны, трэба толькі, каб людзі прыходзілі і куплялі. А кошты трэба было рабіць вольнымі раней, цяпер трэба толькі апускаць кошты”.

Спадарыня Ірына распавядае, што з увядзеньнем новага ўказу аб арэндзе ім давядзецца плаціць больш грошай, што значна адаб’ецца на продажах. Другая праблема — дарагоўля ў беларускіх вытворцаў.

Спадарыня: “Беларускі тавар, на жаль ня так купляюць, як імпартовы. Толькі падушкі, коўдры ды яшчэ прадукцыю шклозавода “Нёман”, бо яна танная. А ўсё астатняе... Людзі хочуць якасны тавар. А ў нас кошты на беларускія тавары даражэйшыя, чым на імпартныя”.

На рынку “Карона” нешматлюдна, дзе-нідзе ходзяць пакупнікі. Спадар, які гандлюе адзеньнем, кажа, што наагул невядома, што будзе
Гандаль ідзе вельмі слаба. Відаць, што ў людзей няма грошай.
далей з коштамі.

Спадар: “Цэны пакуль засталіся тыя самыя. Гандаль ідзе вельмі слаба. Відаць, што ў людзей няма грошай. Мне здаецца, што падымаць іх ужо няма куды, і апускаць не выходзіць, паколькі збанкрутуюць вытворцы”.

Гэты крок да лібэралізацыі не настолькі значны й упэўнены, як гэта прапагандуюць беларускія чыноўнікі.

Па камэнтар “Свабода” зьвярнулася да Віктара Гарбачова — старшыні грамадзкага аб'яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, якое зарэгістравана ва Ўкраіне. Суразмоўца лічыць, што цяперашняя частковая лібэралізацыя мусіць набываць працяг:

Віктар Гарбачоў
“Зараз трошкі адпадуць штрафныя санкцыі. Раней прадпрымальнікаў штрафавалі на мільёны рублёў з-за таго, што надбаўка на тавары іншы раз перавышала 30-працэнтны бар'ер.

Увогуле, крок наперад зроблены. Аднак гэты крок не настолькі значны і ўпэўнены, як гэта прапагандуюць чыноўнікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG