Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гародня, вуліца Дзяржынскага, 1, Гарадзкі дом культуры


Адна кніга памяняла сьветапогляд аднаго чалавека, а вынікам стала вялікая справа…



Шыльда свабоды

Гародня, вуліца Дзяржынскага, 1, Гарадзкі дом культуры

У гэтым будынку з 1986 да 2005 году адбываліся паседжаньні Гарадзенскага гарадзкога гісторыка-культурнага аб’яднаньня “Паходня”, якое пашырае веды пра Беларусь, бароніць помнікі гісторыі і культуры, актыўна ўдзельнічае ў працэсах дэмакратызацыі грамадзтва. Да 1989 году прэзыдэнтам клюбу быў выдатны навуковец і палітычны дзеяч Міхась Ткачоў.

У сярэдзіне 1980-х гадоў у Гародні супрацоўнік Інстытуту біяхіміі АН БССР Мікола Таранда з парады сяброў прачытаў кнігу Кастуся Тарасава “Памяць пра легенды”. Уражаньне ад велічнай гісторыі Беларусі было такім моцным, што ўзьнікла ідэя арганізаваць клюб, каб сустракацца з такімі людзьмі, як той жа Тарасаў, вывучаць і прапагандаваць гісторыю і культуру краю. На першае паседжаньне сабраліся 19 чалавек. Пастанавілі самім размаўляць па-беларуску. На дыспуты, вечарыны, сустрэчы з зоркамі беларускай літаратуры, навукі, культуры, якія лічылі за гонар прыехаць у Гародню і выступіць перад “Паходняй”, прыходзілі пазьней сотні людзей. Дыскусіі неўзабаве пачалі набываць і палітычны характар.

Найважнейшай справай лічылі абарону старажытнага гораду ад руйнаваньня. Удалося зьберагчы шэраг будынкаў XVІІІ стагодзьдзя на плошчы Леніна, хаця з гэтага мелі непрыемнасьці. А вось спроба ўратаваць будынак вакзалу мела адваротны вынік — нават паскорыла яго знос.

На трэцяе паседжаньне клюбу прыйшоў ужо знакаміты гісторык Міхась Ткачоў. Ён спачатку не хацеў быць ганаровым прэзыдэнтам клюбу, але, — кажа нязьменны старшыня клюбу Мікола Таранда, — “калі за нас узяліся, пасьля таго як у Менску адбыўся разгон “Гуканьня вясны”, пасьля таго як мы выступілі ў абарону будынкаў на плошчы Леніна, ён сказаў: “Так і быць, я згодны быць прэзыдэнтам “Паходні”, магчыма, мой аўтарытэт дапаможа захаваць клюб”. Пасьля гэтага мне адзін работнік культуры сказаў: “Мы табе так давяралі, але як ты мог паставіць на чале “Паходні” такога антысаветчыка, як Ткачоў?!”

Веды і красамоўства прафэсара Ткачова зрабілі паседжаньні і акцыі “Паходні” надзвычай папулярнымі. Дзейнасьць клюбу апынулася пад пільным вокам КДБ. Усе “шышкі” валіліся на Ткачова, хоць ён часам нават стрымліваў актыўнасьць сяброў клюбу. І пасьля пераезду Міхася Ткачова ў Менск клюб працягваў і працягвае працаваць, нягледзячы на перасьлед з боку ўладаў. Супраць “Паходні” выкарыстоўваюць звыклы спосаб пазбаўленьня памяшканьня, які цягне за сабой страту юрыдычнага адрасу. Але Мікола Таранда рознымі спосабамі ўратоўвае клюб, а месцаў, дзе можна сабрацца, у Гародні хапае. Прытуліць аўтарытэтную “Паходню” ёсьць каму, — кажа Мікола Таранда:

“Самае галоўнае, што ў нас выхаваліся людзі. І кожны мае сваю арганізацыю, ці гістарычную, ці нейкі хор. Практычна ўсімі гарадзенскімі арганізацыямі кіруюць тыя, хто калісьці быў у “Паходні”.

“Паходня” працягвае гарэць.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG