Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіўся Сідорскі ў Маскве?


Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі, архіўнае фота.

Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі, архіўнае фота.

У Маскве адбыліся перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Уладзімера Пуціна, а таксама пасяджэньне Савета міністраў гэтак званай “саюзнай дзяржавы”.

Афіцыйныя крыніцы не паведамляюць, ці вырашылі Сяргей Сідорскі і Уладзімер Пуцін асноўныя пытаньні. Нічога не паведамляецца пра лёс расейскага крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў, на які разьлічвае афіцыйны Менск, і ні слова не падаецца пра тое, ці ўдасца Беларусі захаваць льготныя цэны на газ у наступным годзе. Таксама невядома ці абмяркоўваліся пытаньні паставак нафты.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін сказаў, што зь Сяргеем Сідорскім адзін на адзін абмеркаваны найбольш актуальныя пытаньні беларуска-расейскага партнэрства. А пасяджэньне саўміну было прысьвечанае пераважна эканамічным пытаньням. Таксама Пуцін спадзяецца, што запуск Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану ў 2010 годзе будзе стымуляваць разьвіцьцё эканомік гэтых дзяржаў. Вынікае, што адзіная канкрэтная дамоўленасьць палягае ў тым, што бакі дамовіліся захаваць аб’ём унёскаў у саюзны бюджэт на цяперашнім узроўні.

Сяргей Сідорскі заявіў у Маскве, што гэты год “стаў сур’ёзным выпрабаваньнем для расейска-беларускіх гандлёва-эканамічных стасункаў, бо “не ўдалося стрымаць тэмпы гандлю, якія былі дагэтуль цягам пяці гадоў”. І “Менску хацелася б, каб сытуацыя ў двухбаковых стасунках была лепшай”.

Уладзімер Пуцін адзначыў, што, нягледзячы на крызіс, двухбаковыя стасункі разьвіваюцца, а доля Беларусі ў зьнешнегандлёвым абароце Расеі за апошні час павялічылася.

Камэнтуючы вынікі перамоваў кіраўнік цэнтра Мізэсу Яраслаў Раманчук адзначыў:

Я, шчыра кажучы, ня ведаю, навошта ім сустракацца.
“Я, шчыра кажучы, ня ведаю, навошта ім сустракацца, бо бакі цьвёрда стаяць кожны пры сваім. І ад таго, што нават будуць спатканьні на ўзроўні Пуцін — Лукашэнка, нічога не зьменіцца, пакуль адзін з бакоў не зьменіць сваю пазыцыю. Паколькі час на баку Расеі, то Расея будзе чакаць пакуль Беларусь пачне больш гнуткую палітыку, і пачне здаваць альбо эканамічныя актывы, альбо палітычны сувэрэнітэт”.

Адносна спадзяваньняў на Мытны саюз спадар Раманчук сказаў:

“Мытны саюз запускаецца, як запускаецца нейкая дрэнная машына. Кожны з аўтараў якой ня ведае як яна далей паедзе. Нічога не памяняецца, бо ў год прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі адчыняць свой унутраны рынак Лукашэнка не зьбіраецца. Як і Расея не зьбіраецца адыходзіць ад прынцыпаў гандлю энэрганосьбітамі”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў тлумачыць безвыніковасьць візытаў Сідорскага ў Расею:

“Трэба выконваць фарматныя ўмовы. Фарматныя ўмовы не выконваюцца, значыць ніякіх кантактаў ня будзе. Я разумею, што цяжкая сытуацыя ў спадара Сідорскага. Яго проста стала пасылаюць у Маскву: ідзі і прасі. Ён езьдзіць, а далей што? Ён нічога не атрымае”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што ў беларускай эканоміцы вельмі напружанае становішча, таму і не спыняюцца візыты ў Расею:

“Не хапае валюты. Сродкі МВФ і нават калі Расея выдасьць гэтую апошнюю траншу ў паўмільярда даляраў, усё роўна гэта мала. І неяк трэба вырашаць гэтыя пытаньні, дзе яшчэ пазычыць валюты і як меней заплаціць Расеі за энэрганосьбіты. Гэтае напружаньне і штурхае туды-сюды езьдзіць”.

XS
SM
MD
LG