Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Беларушчына ў польскім Падляшшы — гэта сапраўдны цуд. Цуд захаваньня сваёй нацыянальнай тоеснасьці ў асяродзьдзі іншай, паноўнай культуры. Але ж цудаў не бывае. Ёсьць штодзённая, карпатлівая праца сотняў неабыякавых людзей.

Вёска Студзіводы ўжо даўно павінна была б стаць звычайным бельскім прадмесьцем. Бо ўвайшла ў склад Бельску, бо сюды ходзіць гарадзкі аўтобус. І сымбаль сёньняшніх Студзіводаў — пачарнелая старая хата са спадарожнікавай талеркай па-над гонтавым старадаўнім дахам. Але менавіта Студзіводам выпала стаць адным з агмянёў беларушчыны. І, як гэта найчасьцей бывае, дзякуючы аднаму чалавеку. Этнографу Дарафею Фіёніку. Гэты саракагадовы апантаны родным фальклёрам чалавек арганізаваў у Студзіводах этнаграфічны музэй. Дзе ня толькі выстаўляюцца старыя калаўроты і студзіводзкія валёнкі — валяньне было калісьці асноўным промыслам Студзіводаў. Музэй тут жывы, ці, як кажуць, інтэрактыўны. Тут ладзяцца і выставы майстроў зь Беларусі. Тут займаюцца лепкай з гліны і мастацкім разьбярствам па дрэве навакольныя дзеці. І ня ўсе яны беларусы.

Карэспандэнт: “Студзіводы мяняюцца, вы кажаце. А да лепшага мяняюцца ці не?”

Дарафей: “Асфальты, тратуары, каналізацыя. Гэта вялікі цывілізацыйны скок. Напэўна, тыя Студзіводы майго дзяцінства, маладосьці адышлі. Сябры павыяжджалі. Хто ў сам Бельск, хто далей. Але я сам спакойны за Студзіводы. Бо дзякуючы дзеяньням нашага музэя Студзіводы ня будуць ужо нейкім ананімным прадмесьцем Бельску. Нейкай спальняй граду, як гэта бывае”.

Карэспандэнт: “І тут яшчэ не далі забыцца нейкаму старажытнаму абраду?”

Дарафей: “Фэстываль “Там, па маёвуй росі”. Фэстываль аўтэнтычнага фальклёру. Песьні перадусім. Але таксама і вясельныя абрады. Тут зьяжджаюцца да нас два разы ў год, у траўні і ў ліпені носьбіты аўтэнтычнага фальклёру з Падляшша. І вось на некалькі дзён тут усё бурліць аўтэнтыкай”.

Студзіводзкі настаўнік і мастак Мікалай Якабюк выкладаў у многіх вёсках Падляшша. І з настальгіяй згадвае часы, калі навучаньне вялося на роднай мове.

Карэспандэнт: “У вясковых школах Падляшша дзеці на якой мове размаўлялі?”

Мікалай: “Гаварылі па-свойму. Мясцовая гаворка была. Тут няма беларускага “дзеканьня”. Усе прадметы былі на беларускай мове. Я і матэматыку мусіў па-беларуску выкладаць. І геаграфію па-беларуску. А потым зьліквідавалі гэтыя беларускія школы і ўвялі беларускую мову як дадатковы прадмет”.

Карэспандэнт: “Пра гэта варта шкадаваць ці гэта аб’ектыўны працэс?”

Мікалай: “Гэта мусіла наступіць”.

Карэспандэнт: “А ёсьць шанец у беларушчыны застацца жыць на Падляшшы? Калі ня дзякуючы школе, дык дзякуючы чаму беларушчына тут можа захавацца?

Мікалай: “Розныя таварыствы. Хто ўтрымлівае нашу мову, нашу традыцыю. І толькі гэта можа ўтрымаць. Бо працэс такі, што будзе зьнікаць беларушчына. На вёсцы яна будзе даўжэй, пакуль ня вымруць старыя”.

Карэспандэнт: “А ці былі канфлікты паміж беларусамі і палякамі?”

Мікалай: “Беларус, як перайшоў на каталіцызм, дык дастаў добрую работу. А калі ў прыватным жыцьці, дык ніхто нічога да нікога ня меў. У часе вайны, акупацыі нямецкай, усе баяліся немцаў. Ужо па вайне, у 45-м годзе паўсталі банды. Цяпер называюцца яны іначай. Змагары за незалежнасьць Польшчы. Некаторых называлі кажушнікамі. Змагацца з уладай — гэта што рабіць? Ішлі і грабілі”.

Карэспандэнт: “А рабавалі каго? Праваслаўныя вёскі ці ўсіх?”

Мікалай: “Праваслаўных. Але быў выпадак вельмі страшны. Пра вазакоў, якія загінулі. Трыццаць вазакоў”.

Карэспандэнт: “А што гэта за гісторыя?”

Мікалай: “Гэта вельмі цікавая гісторыя. Прыйшла банда да вёскі. Каб іх адвезьлі кудысьці. Уночы. Павыбіралі добрых коней, добрых вазакоў і павезьлі. І загінулі. З коньмі, з вазамі. Потым дазналіся, што яны ўсе былі памардаваныя”.

Карэспандэнт: “Яны былі расстраляныя?”

Мікалай: “Расстраляныя. У супольнай магіле. Гэта было па вайне. 47-мы год. Хто іх ведае, хто там быў. У тых бандах…”

Тыя жахі саракавых гадоў, якімі надоўга магло быць атручана суседзтва двух народаў, пакрысе забываюцца. І вось беларускую мову гатовыя вучыць самі юныя палякі. Дамо слове жонцы Дарафея Фіёніка Альжбеце, якая вядзе тэатральную студыю ў бельскім Доме культуры.

Альжбета: “З польскіх каталіцкіх сем’яў — дзеці сьвядомыя. Хочуць гаварыць на беларускай мове, хочуць прыняць удзел у конкурсах. Хочуць, каб я іх навучыла дэклямаваць па-беларуску. І яны самі гавораць, што нашы настаўнікі, нашы бацькі абмежаваныя. Яны ня хочуць ведаць, што ёсьць беларусы, што ёсьць праваслаўныя ў Бельску і ваколіцах. А нам гэта падабаецца. Гэта такі станоўчы вынік узьдзеяньня глябалізацыі. Ці нават эўразьвязаўскага ўзьдзеяньня. Таму што адкрываецца Эўропа, адкрываецца сьвет. Можна езьдзіць. І ўсякая культура ёсьць цікавая, калі толькі яе пазнаць. Не зачыняцца ў сваіх рамках, а пазнаваць свайго суседа. Штораз больш такіх дзяцей, такой моладзі, што можа і засароміць нашых беларусаў”.

Памятаеце модную прымаўку, што жыцьцё пачынаецца пасьля сарака? Найстарэйшы жыхар Студзіводаў, Уладзімір Гулевіч, пачынае новае жыцьцё пасьля… Зрэшты, паслухайце.



Карэспандэнт: “Спадар Уладзімір, вам колькі гадоў?”

Уладзімір: “Ужо сотка. У тым годзе ўсё ўжо прадаў. Меў двое коней, трактара. Але зьліквідаваў. А то яшчэ араў і сеяў усё”.

Карэспандэнт: “І двое коней трымалі?”

Уладзімір: “І двое коней”.

Уладзімір: “Калісьці мала хто па-польску і гаварыў. І палякі, і мы, усе па-нашаму. А цяпер ужо пераламалі. Менш гавораць па-нашаму. Памірае, памірае…”

Карэспандэнт: “А за гэтыя сто гадоў — што ўспамінаецца часьцей? Добрае — ці ўспамінаецца злое, кепскае?”

Уладзімір: “Вячоркі ўспамінаюцца”.

Карэспандэнт: “Былі тут музыкі свае?”

Уладзімір: “О-го! Бубен, скрыпка, танцы. Забавы рабілі штонядзелю. Сцэну зробім, прадстаўленьне якоесь. Вершы. Забавы па білетах”.

Карэспандэнт: “Прадавалі білеты?”

Уладзімір: “Музыкантам трэба заплаціць, вячэру трэба, паўлітра паставіць і закускі…”

Вось так. За стогадовае жыцьцё, зь цяжкай працай, з жахамі акупацыі, са страхам паваеннай пары, перш-наперш узгадваюцца вячоркі. З музыкамі і дэклямаваньнем вершаў. Таму невыпадкова, што менавіта ў Студзіводах ёсьць каму працягваць даўнюю сьпеўную традыцыю.

Дарафей: “Калі будзе спакой, калі ня будзе моцных патрасеньняў, якія перажылі семдзесят гадоў таму… Маладое пакаленьне, ужо выхаванае беларусамі праз сваіх бацькоў, альбо якое само даходзіць да сваёй тоеснасьці, яно надалей будзе працягваць. Усё гэта жыве, ажывае, пашыраецца…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG