Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малады чалавек адмаўляецца ісьці ў войска з рэлігійных перакананьняў. Ён гатовы прайсьці альтэрнатыўную службу, але мэханізмы яе праходжаньня не распрацаваныя.

Зьміцер Смык — сябра рэлігійнай арганізацыі “Сьведкі Еговы”. Ён імкнецца жыць адпаведна з прынцыпамі сумленьня, выкладзенымі ў Бібліі:

“Там чорным па белым напісана, як Бог ставіцца да ўдзелу ў вайне і ва ўсіх арганізацыях, якія яе датычаць. Мноства прыкладаў. І там зразумела, што ня тое што ваяваць, але і вучыцца гэтаму — непрымальна для хрысьціян. Я ўжо даўно вырашыў жыць паводле Бібліі і таму прыняў для сябе такое рашэньне. Я разумею і прызнаю, што павінен аддаць свой абавязак дзяржаве. Але ж дзяржава прапануе як быццам два варыянты — ці тэрміновая служба, ці альтэрнатыўная”.

Закон пра альтэрнатыўную службу ня могуць распрацаваць ужо 10 гадоў.
Сапраўды, пра альтэрнатыўную службу гаворыцца ў Канстытуцыі і ў Законе “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе”. Але адмысловы Закон аб альтэрнатыўнай службе не распрацаваны, хаця размова пра яго ідзе ўжо дзесяць гадоў, распавядае Міхась Пашкевіч, кіраўнік кампаніі “За альтэрнатыўную службу”:

“У 1999 годзе Канстытуцыйны суд разглядаў пытаньне аб артыкуле 57 Канстытуцыі, дзе было сказана пра магчымасьць праходжаньня альтэрнатыўнай службы, і прыйшоў да высновы, што насамрэч Канстытуцыя не падыходзіць да вайсковай тэрміновай службы як да адзінага варыянту выкананьня абавязку перад Радзімай: там утрымліваюцца радкі пра альтэрнатыўную службу. І тады Канстытуцыйны суд пад старшынствам Рыгора Васілевіча прыйшоў да высновы, што ў самы бліжэйшы час парлямэнтам павінен быць распрацаваны і прыняты адпаведны закон. Дзеля выкананьня канстытуцыйнага права грамадзян. Але цягам гэтых 10 гадоў нічога прынята не было”.

Заўтрашняе паседжаньне — трэцяе ў згаданай справе. На мінулым паседжаньні па просьбе пракурора суд абвясьціў перапынак да 29 кастрычніка.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG