Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы скардзяцца ў ААН на беларускую міліцыю


Разгон акцыі салідарнасьці 16 кастрычніка

Разгон акцыі салідарнасьці 16 кастрычніка

Праваабарончы цэнтар “Вясна” сумесна зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека накіраваў у ААН справаздачу, у якой менскі АМАП і супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Менску абвінавачваюцца ў катаваньні ўдзельнікаў вулічных акцый апазыцыі.

Справаздача накіраваная Манфрэду Новаку, адмысловаму дакладчыку камітэту ААН па катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня. У дакумэнце ідзе гаворка пра верасьнёўскія разгоны акцый апазыцыі ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — дакладна гэта было 9-га і 16-га верасьня.

9-га верасьня апазыцыянэры пратэставалі супроць будучых вайсковых манэўраў, дзеля якіх у Беларусь уводзіліся некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў. Тады былі затрыманы і зьбіты дзясяткі актывістаў.

Праз тыдзень адбылася акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі і ахвярамі палітычных рэпрэсій. Зноў пацярпелі дзясяткі людзей, якія проста выйшлі на плошчу з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў. Нематываваны гвалт ужываўся супроць іх як амапаўцамі падчас затрыманьня, гэтак і ў райаддзеле міліцыі, мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
“Судова-мэдыцынская экспэртыза праводзілася адносна некаторых пацярпелых. Вызначана, што яны атрымалі цялесныя пашкоджаньні. Але ёсьць факты і ўвогуле пра бесчалавечнае абыходжаньне. Прыкладам, аднаму з затрыманых супрацоўнікі міліцыі абрэзалі ў пастарунку валасы. Дзяўчат ня толькі абражалі, але некаторыя выказваньні ў іх бок можна расцэньваць як сэксуальныя дамаганьні.

Пра ўсё гэта мы паведамілі ў скаргах, прыклалі сьведчаньні. Бо калі пракуратура ня хоча рэагаваць на такія факты, тады хай МЗС дае адказы, чаму нічога ня робіцца дзеля забесьпячэньня правоў пацярпелых”.

Валянцін Стэфановіч нагадаў, што катаваньні забароненыя шматлікімі міжнароднымі дакумэнтамі, падпісанымі беларускім урадам, у тым ліку Пактам аб палітычных і грамадзянскіх правах. Раней праваабарончы цэнтар “Вясна” двойчы накіроўваў у ААН справаздачы пра сытуацыю з катаваньнямі, што выклікала асабліва пільную ўвагу з боку ААН да гэтай праблемы ў Беларусі.

Нядаўна пракуратура адрэагавала на заявы пацярпелых пра тое, што ў Цэнтральным РАУС Менску зь іх зьдзекаваліся і зьбівалі іх пасьля затрыманьняў на Кастрычніцкай плошчы 9 і 16 верасьня. У пракуратуры палічылі, што “затрыманьні былі праведзеныя абгрунтавана”, а вось факты зьбіцьця нібыта “не пацьвердзіліся”.

“Пацьвердзіць альбо абвергнуць вашы заявы аб ужываньні фізычнай сілы супрацоўнікамі міліцыі ў межах службовай праверкі не было магчымасьці”, — працытаваў Валянцін Стэфановіч ліст з пракуратуры.

XS
SM
MD
LG