Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абмяркоўвае запуск Мытнага саюзу


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін выказаў спадзяваньне, што запуск Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану ў 2010 годзе будзе стымуляваць разьвіцьцё эканомік гэтых дзяржаў.

Падчас выступу на пасяджэньні савета міністраў “саюзнай дзяржавы” ён палічыў важным паглядзець наколькі якасна і вынікова выконваецца плян сумесных дзеяньняў па мінімізацыі наступстваў фінансава-эканамічнага крызісу, перадае Інтэрфакс.

Паводле Пуціна, яго рэалізацыя “ужо дае пазытыўны эфэкт для эканомік абедзьвюх краін, стымулюе ўзаемны гандаль”. Але яшчэ многа рэзэрваў і неабходна максымальна выкарыстаць перавагі інтэграцыі на этапе посткрызіснага росту. Паводле Пуціна, гэтай мэце будзе садзейнічаць і запуск Мытнага саюзу з 1 студзеня 2010 года.

Са свайго боку Сяргей Сідорскі прапанаваў на пасяджэньні саюзнага савета міністраў абмеркаваць праграму сумесных дзеяньняў у галіне зьнешняй палітыкі, абсталяваньне зьнешніх межаў, а таксама прыняць рашэньне па эфэктыўным функцыянаваньні рэгіянальнай групоўкі сілаў Беларусі і Расеі з улікам указаньняў кіраўнікоў абедзьвюх краін на вучэньнях “Захад-2009”. Паводле Сідорскага, 2009 год “стаў сур’ёзным выпрабаваньнем для расейска-беларускіх гандлёва-эканамічных стасункаў”. Маўляў, нягледзячы на намаганьні, “не ўдалося стрымаць тэмпы ў гандлі, якія былі дагэтуль цягам пяці гадоў”.

У парадку дня саюзнага Савета міністраў больш за 20 тэмаў. Сярод іх пытаньні забесьпячэньня сацыяльных гарантый грамадзянаў дзьвюх краін. Таксама гаворка пойдзе аб парамэтрах саюзнага бюджэту і ўзаемадзеяньні праваахоўных органаў Беларусі і Расеі.
XS
SM
MD
LG