Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер у вёсцы конь лепей, чым машына і чым карова”


Новы плот на галоўнай вуліцы ў вёсцы Чамярысы

Новы плот на галоўнай вуліцы ў вёсцы Чамярысы

Пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы паўднёвыя раёны Гомельшчыны, нягледзячы на шматлікія рэабілітацыйныя праграмы, ня могуць існаваць безь дзяржаўных датацыяў.

Сельская гаспадарка ня ў стане замяніць адсутнасьць разнастайных прамысловых прадпрыемстваў, здольных папаўняць бюджэт і даваць працу мясцовым жыхарам.

Сёньняшні расповед у чарговым фотарэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, зарганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, прысьвечаны эканамічнаму становішчу чарнобыльскіх раёнаў і іх жыхароў.


Пасьля Чарнобылю колькасьць насельніцтва ў Брагінскім раёне зьменшылася больш як напалову. Пакінулі раён 24 тысячы чалавек з колішніх 40 тысяч. Закрыліся маслазавод, хлебазавод, зьліквідаваны шэраг гаспадарак.

На пачатку дзьвюхтысячнага году Нацыянальны банк меўся адрадзіць эканоміку раёну паводле адмысловай праграмы. Але намеры ня спраўдзіліся.

Гаворыць намесьнік старшыні райвыканкаму ў чарнобыльскіх пытаньнях Валянцін Гануш:

Была прыгожая праграма, але нічога ня даў
“Была прыгожая праграма, але яна не даведзеная да канца — банк нічога ня даў. Пасьля ўжо Ўсясьветны банк нібыта меўся прафінансаваць газыфікацыю раёну. Яшчэ два гады таму праводзілі дасьледаваньне жылых дамоў у населеных пунктах — у Мікулічах, іншых вёсках. Людзі былі задаволеныя… А пасьля зноў ніхто нічога ня даў”.

Цяпер, як кажа намесьнік старшыні райвыканкаму, у Брагіне спадзяюцца найперш на адкрыцьцё прыватных прадпрыемстваў:

“Зараз пакрысе падцягваем камэрсантаў. Лес ёсьць у раёне. Зьбіраемся адкрываць вытворчасьць клеенага бруса й рабіць зь яго дамы. Дарэчы, праз амбасаду Беларусі ёсьць заяўка з Каралеўства Швэцыі на клеены брус. Ну й, вядома, будзем спрабаваць адкрываць і іншыя вытворчасьці. Але пакуль гэта вельмі й вельмі цяжка”.

Аснову раёну складаюць сельгаспрадпрыемствы. Аднак іхні эканамічны стан незайздросны. Вяскоўцы ўкладаюць багата дадатковых сродкаў, каб атрымаць на заражаных радыяцыяй палетках нарматыўна чыстую прадукцыю. У выніку нават мацнейшыя гаспадаркі, як, напрыклад, КСУП “Чамярыскі”, закрэдытаваныя.

Пра фінансавы стан гаспадаркі апавядае яе галоўны эканаміст Сьвятлана Краўчанка:

На аднаго чалавека прыпадае даўгоў — 8 мільёнаў 764 рублі.
“У нас на сёньня кароткатэрміновых крэдытаў 1 мільярд 621 мільён, доўгатэрміновых — 3 мільярды 686 мільёнаў. На аднаго чалавека прыпадае даўгоў — 8 мільёнаў 764 рублі. Хачу сказаць, што гэта ня самая вялікая запазычанасьць. У нас у раёне ёсьць гаспадаркі, дзе на аднаго працаўніка прыпадае й 17 мільёнаў рублёў доўгу, і 11 мільёнаў. Мы як бы ў залатой сярэдзінцы”.

Вяскоўцы тым часам спадзяюцца на ўласныя сілы й уласную гаспадарку як аснову свайго дабрабыту.

Гаворыць жыхарка вёскі Дублін Брагінскага раёну спадарыня Валянціна:

“Бог яго ведае, на што спадзявацца. Кабан вунь у хляве, бульба свая. Конь е, а кароўкі няма. Кароўку цяпер вельмі цяжка трымаць. Каровак мала ў людзей, а каня трымае амаль праз двор кожны. Канём і ўзарэш — усё абробіш на гародзе канём. Цяпер у вёсцы конь лепей, чым машына і чым карова. Малака можна купіць і ў краме, а без каня наагул нельга жыць”.

У Дубліне без каня ня выжыць.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG