Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кары Тапіёла — у атачэньні прафсаюзных апанэнтаў


У Менску з працоўным візытам знаходзіцца Кары Тапіёла — выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы, аднаго з вышэйшых органаў кіраваньня Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Напярэдадні спадар Тапіёла сустрэўся са старшынёй Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком. Сёньня ж ён правёў перамовы паасобку з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзных арганізацый і кіраўніцтвам афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама з зацікаўленымі асобамі іншых дзяржаўных ведамстваў.

Сёньняшні дзень для Кары Тапіёлы пачаўся сустрэчамі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Патупчыкам. Па словах Патупчыка, ідзе нармальны працэс узаемадзеяньня міжнароднай арганізацыі, беларускага ўраду, наймальнікаў і прафсаюзаў. Таксама спадар Тапіёла наведаў офіс Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На сайце арганізацыі адзначаецца: сустрэча зь Леанідам Козікам доўжылася блізу дзьвюх гадзінаў. Кіраўнік ФПБ расказваў, як арганізацыя падтрымлівае працоўных:

Леанід Козік
“Што тычыцца аптымізму, то ён грунтуецца на адзінай мэце, якая ў мяне была і застаецца — нельга дапусьціць страты ў заробнай плаце ў людзей у рамках разьмеркаваньня прыбытку пры выкананьні калектыўнай дамовы і г.д. Мы, у прыватнасьці, дамагліся таго, каб мінімальны заробак быў роўны памеру бюджэту пражытковага мінімуму. Апроч таго, ФПБ запатрабавала ад ураду ў выпадку падвышэньня тарыфаў нейкім чынам кампэнсаваць гэта насельніцтву. І вось мы бачым, што падвышаюцца працоўныя пэнсіі, на чарзе работнікі іншых сфэраў”.

У якасьці істотнага прарыву ён таксама назваў тое, што нарэшце закрытая тэма кантрактнай формы найму, на чым, кажучы словамі Леаніда Козіка, любілі “спэкуляваць” прафсаюзы, якія не ўваходзяць у склад ФПБ. Паводле ягоных слоў, ва ўрадзе створаная працоўная група, якая займаецца гэтым пытаньнем.

У сваю чаргу, прадстаўнікі незалежных прафсаюзных аб’яднаньняў ня бачаць канструктыўнай пазыцыі з боку афіцыйных прафсаюзаў. Так, старшыня БКДП Аляксандар Ярашук па выніках перамоваў з Кары Тапіёлам адзначыў, што суразмоўцы прыйшлі да агульнай высновы: прагрэсу ў дыялёгу паміж Менскам і Міжнароднай арганізацыяй працы, па сутнасьці, няма. Дэкляраваная лібэралізацыя ў стасунках з Эўразьвязам, на думку спадара Ярашука, прывяла да сытуацыі, калі беларускія ўлады палічылі “справай тэхнікі” аднаўленьне прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўропай. Аднак такая пазыцыя, на думку суразмоўцы, ніяк не падмацаваная рэальнымі справамі:

Аляксандар Ярашук
“Зразумела, што ўлады выключна цікавіць тэма эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках таго ж “Усходняга партнэрства”. Але гаворка пра тое, што ўлады катэгарычна адмаўляюць усялякую спробу паставіць рубам сур’ёзныя пытаньні, які да сёньня нікуды не падзеліся — нягледзячы на тое, што ідзе спроба дыялёгу аб правах працоўных, аб свабодзе СМІ, аб свабодных выбарах, аб тым, каб уносіліся адпаведныя зьмены ў заканадаўства па выбарах. Насамрэч можна казаць, што ўлады сёньня рухаюцца сваім курсам, а дэмакратычная супольнасьць — дзесьці паралельна. І пры гэтым іх інтарэсы наогул не перакрыжоўваюцца. Але што б ні адбывалася, абсалютна адказна можна сьведчыць: ліміт часу, калі можна было дэкляраваныя намеры выдаваць за жаданьне, а працэс — за вынік, вось гэты час непазьбежна скарачаецца і, пэўна, неўзабаве наперадзе нас чакае нейкі момант ісьціны”.

Раніцай у чацьвер у Кары Тапіёлы заплянаваная сустрэча яшчэ з адным прафсаюзным лідэрам — кіраўніком Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзем Фядынічам. Па словах Фядыніча, будзе абмеркаваная сытуацыя з рэальным выкананьнем беларускімі ўладамі ранейшых рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы, якія цяпер, па сутнасьці, “замарожаныя”.

Нагадаем, што яшчэ ў 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пачала расьсьледаваньне аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў зьвязку са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках разбору Беларусь некалькі разоў уносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюць правы прафсаюзаў. У чэрвені 2007 году гэта стала падставай, для выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу. Каб вярнуцца да ранейшай схемы, беларускі ўрад павінен выканаць 12 рэкамэндацый МАП: даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць першасныя арганізацыі, даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць перасьлед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасьці, забясьпечыць усім прафсаюзным аб’яднаньням права ўдзелу ў вырашэньні важных сацыяльных праблем краіны і г.д.

Паводле ўдакладненьня Аляксандра Ярашука, Кары Тапіёла прыбыў у Беларусь якраз дзеля таго, каб атрымаць інфармацыю наконт рэальнай сытуацыі з захаваньнем правоў прафсаюзаў у Беларусі. І хоць высновы спадара Тапіёлы непасрэдна не ўплываюць на вяртаньне прэфэрэнцый у гандлі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, але да дакладу будуць прыслухоўвацца структуры, якія адказваюць за падаўжэньне альбо скасаваньне санкцый.
XS
SM
MD
LG