Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канкурэнцыю — абмежавалі, цэны — адпускаюць


Уладзімер Патупчык
Уладзімер Патупчык

Беларускія ўлады заклікаюць не баяцца свабоднай канкурэнцыі на спажывецкія тавары і прадукты харчаваньня.

Такую пазыцыю ўраду сёньня агучыў віцэ-прэ’мер Уладзімер Патупчык, адказваючы на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу. Ён паабяцаў падвышэньне заробкаў, але не назваў канкрэтнай даты, калі яны вырастуць.

Дэпутата Ігара Карпенку хвалюе заплянаванае ад заўтрашняга дня скасаваньне абмежаваньняў на гандлёвыя надбаўкі на тавары ў крамах. Як гэта адаб’ецца на бюджэтніках, напрыклад, на выхавацельках дзіцячых садкоў зь іх мізэрнымі заробкамі? — спытаўся ён у намесьніка кіраўніка ўраду.

Уладзімер Патупчык супакойваў:

“Ва ўмовах канкурэнцыі гэтага проста ня трэба баяцца. Мы бачым, што ва ўмовах свабоднага коштаўтварэньня, там, дзе дзяржава вельмі сур’ёзна займаецца антыманапольным рэгуляваньнем, сур’ёзных перакосаў не ўзьнікае. Я думаю, што ў нас дастаткова сілаў, каб не дапусьціць змовы гандлёвых сетак на манапольнае ўсталяваньне коштаў на асобныя тавары.

Гэты шлях мы павінны былі прайсьці, як усе цывілізаваныя краіны. І на дадзеным этапе разьвіцьця нашай эканомікі, нашай дзяржавы, я думаю, гэта будзе карысным рашэньнем. Для бізнэсу, для дзяржавы. І для нашых людзей — таксама”.

Эканаміст Леў Марголін кажа: калі абстрагавацца ад цяперашніх умоў, то гэта шлях у рынкавым кірунку:

Леў Марголін
“Але ж вядома, што д’ябал хаваецца ў дэталях. А дэталі ў нас такія: на жаль, няма яшчэ сфармаванай антыманапольнай службы, як, напрыклад, у Расеі. І другая акалічнасьць — у нас цяпер вядзецца барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць зь імпартам. Тут і сэртыфікацыя ўскладняецца, і яшчэ шмат чаго ёсьць. А гэта найперш скарачае канкурэнцыю паміж вытворцамі. І вось у гэтых канкрэтных абставінах я не выключаю таго, што прынятая пастанова можа выклікаць рост цэнаў на некаторыя тавары”.

Віцэ-прэм’ер Патупчык шмат казаў пра намер ураду захаваць пакупніцкую здольнасьць заробкаў:

“Нашы разьлікі паказваюць, што для таго, каб гэта адбылося, трэба тарыфную стаўку першага разраду падвысіць з 77 да 81 тысячы рублёў. Калі і наколькі адбудзецца павышэньне, будзе залежаць ад таго, наколькі органы дзяржаўнага кіраваньня змогуць узгадніць гэтыя падыходы”.

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што віцэ-прэм’ер таму не назваў дату падвышэньня заробкаў, што яшчэ сам ня ўпэўнены, ці адбудзецца гэта наагул:

“Тая лічба, якую назваў Патупчык, гэта рост прыкладна на 5% ад тарыфнай стаўкі. Але ж мы ведаем і іншую лічбу — паводле самых сьціплых падлікаў, інфляцыя сёлета будзе ня меншая за 12%. І гэта калі браць па ўсім пераліку тавараў. А калі браць тавары першай неабходнасьці, то тут лічба можа дасягнуць і 20%. Таму такое падвышэньне тарыфнай стаўкі наўрад ці зможа захаваць пакупніцкую здольнасьць заробкаў, перадусім бюджэтнікаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG