Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод масавых забойцаў: тытунь, тлушч, сэкс, алькаголь


Штогод на сьвеце заўчасна памірае 60 мільёнаў людзей. Гэтак вынікае з апублікаванага 27 кастрычніка досьледу Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя пры Арганізацыі аб’яднаных нацый, які называецца „Рызыкі ўсясьветнаму здароўю”.


Да найчасьцейшых прычынаў заўчаснай сьмерці Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя залічвае высокі ціск крыві і каранарную хваробу сэрца, ужываньне тытунёвых вырабаў, цукровую хваробу, недахоп фізычнай актыўнасьці, залішнюю вагу і атлусьцеласьць, высокі ўзровень халестэрыну ў крыві, сэкс без прэзэрватыву (заражэньне СНІД-ам), спажываньне алькаголю.

Агулам, даклад апісвае і аналізуе 24 чыньнікі, якія вядуць да заўчаснае сьмерці і падзяляюцца на тры групы рызыкі павышанай сьмяротнасьці, зьвязаныя з асяродзьдзем жыцьця чалавека (прыкладам, забруджаньне паветра), з чалавечымі навыкамі і паводзінамі (прыкладам, курэньне тытуню) і з фізыялёгіяй (прыкладам, недаяданьне і благое харчаваньне).

Паводле экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, калі б урады змаглі сур’ёзна абмежаваць толькі пяць чыньнікаў рызыкі сусьветнаму здароўю — недаяданьне ў дзяцінстве, сэкс без прэзэрватыву, спажываньне алькаголю, недахоп здаровай вады і належнай гігіены, высокі ціск крыві — сярэдняя працягласьць жыцьця чалавека на нашай плянэце ўзрасла б на 5 гадоў.

У табліцы паказана, як Усясьветная арганізацыя аховы здароўя бачыць уплыў 10 самых істотных чыньнікаў рызыкі сусьветнаму здароўю на заўчасную сьмяротнасьць людзей. Дадзеныя паходзяць з 2004 году — гэта на сёньня самыя сьвежыя дадзеныя па сьмяротнасьці ў сусьветным маштабе.

фактар рызыкі здароўюпрацэнт ад усіх сьмерцяўколькасьць заўчасных сьмерцяў (у мільёнах)
высокі ціск7,512,8
тытунь5,18,7
цукровая хвароба3,45,8
недахоп актыўнасьці3,2 5,5
атлусьцеласьць2,84,8
высокі халестэрын2,64,5
сэкс без прэзэрватыву2,44,0
алькаголь2,3 3,8
недаяданьне2,2 3,8
забруджанае паветра2,0 3,3




XS
SM
MD
LG