Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе МАП размаўляць з афіцыйнымі прафсаюзамі?


У Менску з трохдзённым працоўным візытам знаходзіцца Кары Тапіёла, кіраўнік Міжнароднага бюро працы — кіроўнага органу Міжнароднай арганізацыі працы. Ён праводзіць кансультацыі ў справе выкананьня Беларусьсю рэкамэндацыяў МАП.

Сам Тапіёла паведаміў, што галоўная мэта ягонага візыту — “атрыманьне інфармацыі пра сытуацыю з выкананьнем правоў прафсаюзаў у Беларусі”.

27 кастрычніка Кары Тапіёла сустрэўся са старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком. На думку Ярашука, сустрэчы з афіцыйнымі прадстаўнікамі прафсаюзаў немэтазгодныя:

“Арганізацыя, якая пэўны сумнеў выклікае з пункту гледжаньня самастойнасьці, з пункту гледжаньня таго, што гэта сапраўды прафсаюз… Таму які сэнс сустракацца і чуць, што ў нас усё выдатна, што ў нас галоўны абаронца – прэзыдэнт… Каму гэта цікава”?

Ці будзе кіраўнік Міжнароднага бюро працы сустракацца з прадстаўнікамі афіцыйных прафсаюзаў, пакуль невядома. Пра праграму візыту Тапіёлы не распаўсюджваюцца ані ў Міністэрстве замежных спраў, ані ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, якое курыруе пытаньні супрацоўніцтва ўраду з прафсаюзамі.

У прэсавай службе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі наконт перамоваў з Кары Тапіёлам падрабязнасьцяў таксама нічога цямнага не паведамілі:

“Мы паглядзім, як будуць абстаяць справы ў сераду, бо ён толькі ў аўторак прыехаў у Беларусь”.

********************

У 2003 годзе Адміністрацыйны савет Міжнароднай арганізацыі працы пачаў расьсьледаваньне парушэньняў правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. У выніку Беларусь пяць разоў уносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюць правы прафсаюзаў.

Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэньня Беларусі ў чэрвені 2007 году з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

Каб прэфэрэнцыі вярнулі, урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамэндацый МАП. У прыватнасьці: даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць першасныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць перасьлед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасьці; забясьпечыць усім прафсаюзным аб'яднаньням права ўдзелу ў вырашэньні важных сацыяльных праблем краіны.

У студзені 2009 году ў Беларусі знаходзілася група экспэртаў Міжнароднага бюро працы на чале з Кары Тапіёлам і генэральным сакратаром Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Гаем Райдэрам. Яны ўдзельнічалі ў сэмінары па выкананьні беларускім урадам рэкамэндацыяў МАП. Экспэрты таксама бралі ўдзел у распрацоўцы пляну дзеяньняў па далейшым выкананьні ўрадам рэкамэндацыяў МАП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG