Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым расплаціцца Сідорскі з Пуціным?


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

28 кастрычніка ў Маскве сустрэнуцца прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін. Заплянаваныя перамовы паміж беларускай і расейскай дэлегацыямі, а таксама паседжаньне Савету міністраў “саюзнай дзяржавы”. Якія пытаньні сёньня зьяўляюцца галоўнымі ў беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьнях? Што можа патрабаваць Масква ў адказ на эканамічныя пажаданьні Менску? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: У парадак дня паседжаньня саюзнага Саўміну ўключана каля 25 пытаньняў. На вашу думку, якія сёньня галоўныя тэмы ў эканамічных дачыненьнях Беларусі і Расеі, на якіх прэм’ерам варта было б сканцэнтравацца?

Калінкіна: Такіх тэмаў сапраўды шмат. Наступны год вельмі важны для Беларусі, бо гэта будзе год напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Як я разумею, паколькі выбары адсунутыя максымальна далёка, Аляксандар Лукашэнка за гэты час хоча, так бы мовіць, вывесьці краіну з крызісу.

Гэта азначае, што Менск спадзяецца на тое, што ажыве расейскі рынак і беларуская прадукцыя зноў будзе туды пастаўляцца, што Беларусь будзе жыць з нафтавым бюджэтам і Расея будзе заставацца нашым сыравінным прыдаткам, цэны на газ будуць заставацца таньнейшымі, чым у Эўропе, што Расея зноў дасьць Беларусі крэдыт. Такіх пытаньняў вельмі шмат, — іншая справа, ці будуць яны вырашаныя на сустрэчы 28 кастрычніка. Тут у мяне асаблівых спадзяваньняў няма.

Цыганкоў: Ці спрыяльная цяпер сытуацыя для вырашэньня хаця б некаторых з гэтым пытаньняў. Ці будзе Расея гатовая (альбо будзе вымушаная) пайсьці насустрач Беларусі ў тых
Ідэалёгія перамоваў такая — “у вас ёсьць чым расплачвацца, у вас ёсьць прадпрыемствы”.
пажаданьнях, пра якіх вы казалі?

Калінкіна: Як мне здаецца, цяпер усе перамовы з Расеяй пайшлі па ня вельмі прыемным для Беларусі сцэнары. На мінулай сустрэчы Сідорскага і Пуціна новым было тое, што Беларусь прапанавала Расеі сьпіс прадпрыемстваў энэргетычнага комплексу, якія Менск зьбіраецца, як было сказана, “рэфармаваць”.

Я думаю, у гэтым кірунку і ідуць перамовы. Проста так, як я разумею, Расея грошы ўжо не дае і нейкіх асабліва спрыяльных эканамічных умоваў не прадстаўляе. Ідэалёгія перамоваў такая — “у вас ёсьць чым расплачвацца, у вас ёсьць прадпрыемствы”. Як мне здаецца, на сустрэчы Пуціна і Сідорскага будзе прысутнічаць вялікае кола чыноўнікаў, якія адказваюць менавіта за гэтыя пытаньні. Беларусь назвала прадпрыемствы, якімі яна гатовая падзяліцца. На якіх умовах гэта будзе зроблена, ці задаволіць гэта Расею — ад гэтага і будзе залежыць лёс перамоваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG