Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штогадовай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб сытуацыі з свабодаю веравызнаньня ў сьвеце Беларусь залічаная да краінаў, у якіх няма поўнай рэлігійнай свабоды для ўсіх веравызнаньняў. Ці пагаджаюцца з гэтымі высновамі ў Беларусі?

Прадстаўніца апарату ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Марына Цьвілік адзначыла, што гэты дакумэнт Дзярждэпартамэнту афіцыйна пакуль у апарат не паступаў:

“У нас ёсьць правілы, яны ёсьць у кожнай краіне. І калі рэлігійныя суполкі згодныя выконваць гэтыя правілы, яны практычна ўсе магчымасьці маюць для таго, каб рэалізоўваць свае правы”.

Паводле стваральніцы парталу “Царква” Наталкі Васілевіч, амэрыканскае ўяўленьне пра свабоду веравызнаньня зьяўляецца досыць спэцыфічным, бо там усе рэлігійныя арганізацыі маюць права на існаваньне. А для эўрапейскай практыкі характэрная большая ступень рэгуляваньня:

Наталка Васілевіч
“Таму я ня думаю, што аналіз Дзярждэпартамэнту ЗША можа быць рэфэрэнтным для нашай сытуацыі. Хутчэй, трэба зьвяртаць увагу на тыя заявы, якія прымае Эўразьвяз. Аднак я лічу, што пералічаныя пункты сьведчаць пра тое, што насамрэч рэлігійная свабода ў нашай краіне абмежаваная. І Беларусь сярод эўрапейскіх краінаў зьяўляецца адной з самых жорсткіх на заканадаўчым узроўні і што да практыкі ўжываньня права”.

Адзін з стваральнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін адзначае, што заходнія хрысьціянскія цэрквы ў Беларусі найбольш падпадаюць пад перасьлед. Гэта тычыцца як прадстаўнікоў пратэстанцкіх цэркваў, так і каталіцкага касьцёлу:

Аляксей Шэін
“Безумоўна, закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў у Беларусі зьяўляецца найбольш рэпрэсіўным рэлігійным законам у Эўропе. Тое, што адзначана ў дакладзе Дзярждэпартамэнту, базуецца на рэальных фактах, і беларускія грамадзяне-вернікі могуць быць сьведкамі розных фактаў уціску вернікаў розных канфэсіяў. І, вядома ж, калі ацэньваць сёньняшні стан з свабодаю рэлігіі ў Беларусі, то ён застаецца такім жа кепскім, як і быў. І мы ня бачым тут прагрэсу ніякага ў лепшы бок. Ніякая лібэралізацыя на рэлігійныя правы і свабоды ніякім чынам не паўплывала”.

Алесь Анціпенка
Філёзаф Алесь Анціпенка пагаджаецца, што ў Беларусі не існуе поўнай свабоды для ўсіх веравызнаньняў. Да апошняга часу для праваслаўнай царквы ствараўся спрыяльны рэжым, і толькі зусім нядаўна ўлада стала больш адкрытая для беларускага каталіцкага касьцёлу. Спадар Анціпенка нагадвае, што шэраг праблемаў у дзейнасьці зазнаюць пратэстанты:

“Але я спадзяюся на зьяўленьне ў краіне больш шырокіх мажлівасьцяў для іншых рэлігійных супольнасьцяў, апроч праваслаўных. Гэта зьвязана з двума фактарамі. Па першае, з банкруцтвам ідэі “саюзнай дзяржавы”: цяпер афіцыйны Менск ня мае ніякай патрэбы дэманстраваць сваю ляяльнасьць Крамлю праз адмысловую падтрымку праваслаўнай царквы. І другі фактар — гэта паступовае пашырэньне стасункаў з Эўропай. І калі гэтыя стасункі будуць пашырацца, то будуць паўставаць і новыя мажлівасьці для іншых канфэсіяў, якія дасюль не былі ў фаворы ва ўлады”.

XS
SM
MD
LG