Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За беларускія фільмы будуць судзіцца ў Маскве


Уладзімер Замяталін
Уладзімер Замяталін
“Беларусьфільм” будзе судзіцца зь Дзяржтэлерадыёфондам Расеі ў справе абароны маёмасных правоў на фільмы, створаныя ў Беларусі за савецкім часам. Пра гэта ў інтэрвію “Свабодзе” заявіў кіраўнік “Беларусьфільму” Уладзімер Замяталін.

Падставай для звароту “Беларусьфільму” ў Арбітражны суд Масквы зьявілася паведамленьне пра дзеяньні Дзяржтэлерадыёфонду Расеі, сказаў кіраўнік кінастудыі Ўладзімер Замяталін.

“Беларусьфільм” цяпер атрымаў паведамленьне, што гэты фонд як сховішча, заняўся самастойным распродажам карцін, уласьнікам якіх і правы на якія ў “Беларусьфільма”.

Гаворка ідзе пра стужкі, зьнятыя на “Беларусьфільме” за савецкім часам. Тады фільмы здымаліся па замове дзьвюх арганізацый — Дзяржтэлерадыё і Дзяржкіно СССР. Там зацьвярджаліся сцэнары і рэжысэры для ўсіх кінастудый. Пасьля завяршэньня здымкаў арыгіналы кінастужак адпраўлялі на захоўваньне ў адно з трох кінасховішчаў. Для тэлефільмаў сховішчам быў Дзяржтэлерадыёфонд у Маскве. У гэтай арганізацыі захоўваецца шмат стужак, зьнятых на “Беларусьфільме” за савецкім часам. Але Дзяржтэлерадыёфонд толькі захавальнік, а не ўласьнік гэтых стужак, падкрэсьліў спадар Замяталін.

“Уласьнікам гэтых карцінаў па былых законах СССР і існуючых у цяперашніх Расейскай Фэдэрацыі і Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца “Беларусьфільм”.

Кіраўнік кінастудыі паведаміў, што Дзяржтэлерадыёфонд у сваіх цяперашніх дзеяньнях спасылаецца на рашэньне Арбітражнага суду Масквы 1998 году, паводле якога “Беларусьфільм” ня мае правоў фільмы, якія там захоўваюцца. Тады ў Беларусі на тое рашэньне ніхто не зрэагаваў, цяпер жа, кажа спадар Замяталін, “Беларусьфільм” будзе рашуча адстойваць свае правы. Гаворка ідзе найперш пра фільм “Прыгоды Бураціны”.

“Мы гэта назвалі дзяржаўным рэйдэрствам, і за гэта трэба адказваць. І мы сапраўды рыхтуем зыск у суд”.

На хуткае рашэньне справы Ўладзімер Замяталін, аднак, не разьлічвае.

Іншае пытаньне — якой велічыні далі хабар у 98-м годзе Арбітражнаму суду.
“Кожны нармальны чалавек і кіраўнік гэтага фонду цудоўна разумее, што “Беларусьфільм” зьяўляецца на ўсіх законных падставах уласьнікам гэтай карціны. Іншае пытаньне — якой велічыні далі хабар у 98-м годзе Арбітражнаму суду, і ці маюць судзьдзі патрэбную кваліфікацыю, выносячы тады падобнае рашэньне, гэтага я ня ведаю”.

Даўно трэба было адстойваць свае правы, бо старыя беларускія фільмы прыносяць пракатчыкам вялікія прыбыткі, кажа кінакрытык Андрэй Расінскі. Але прыбыткі не “Беларусьфільму”, а прадпрымальнікам іншых краінаў. Ня кажучы ўжо наогул пра страту культурных каштоўнасьцяў.

Андрэй Расінскі
“Карціны, зробленыя ў сямідзясятыя гады на “Беларусьфільме”, дзіцячыя карціны, дзіцячыя мюзыклы, пастаўленыя Нячаевым, карціны іншых рэжысэраў — гэта наша скарбонка, гэта нашы дыямэнты. І ўвогуле гэта даўно трэба было зрабіць і вельмі добра, што хоць цяпер гэта робяць, таму што гэта — безумоўная скарбонка ня толькі беларускага кіно, але і ўсёй беларускай культуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG