Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебская абласная пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу па факце знаходкі чалавечых парэштак у сутарэньні глыбоцкага сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы. Паводле пракурорскай пастановы, ніякіх адзнак гвалтоўнай сьмерці падчас праверкі знойдзена не было.

Як паведаміў журналістам старшы сьледчы па найважнейшых справах віцебскай абласной пракуратуры Дзьмітры Януш, былі праведзены шматлікія экспэртызы знойдзеных 14 ліпеня парэштак. Паводле пракурорскага работніка, высновы экспэртаў гэткія: гэта парэшткі ня менш як 54 чалавек, 12 зь якіх – гэта дзеці. Узрост пахаваньня, выпадкова знойдзенага валянтэрамі праваслаўнага летніку пад лесьвіцай у сутарэньні – ад 80 да 100 гадоў. Сьлядоў гвалтоўнай сьмерці няма, і хаця разам з парэшткамі было знойдзена шмат гільзаў ад рознай зброі, ніякага дачыненьня да прычынаў сьмерці невядомых асобаў яны ня маюць.
Вэрсіяў, якім чынам загінулі гэтыя некалькі дзесяткаў людзей, пракуратура не выказвае.

На думку глыбоцкага краязнаўцы Уладзімера Скрабатуна, зь меркаваньнямі пракуратуры на гэты конт якраз было б цікава пазнаёміцца. Бо ўзьнікае дужа шмат пытаньняў: да прыкладу, адкуль у агульным пахаваньні парэшткі дзяцей, якія нібыта загінулі негвалтоўнай сьмерцю? Ці не былі знойдзеныя парэшткі цэлых сем'яў? Як даўно наступіла сьмерць невядомых, бо адрэзак у 20 гадоў – гэта занадта агульна, калі гаворка ідзе пра парэшткі больш як 50 асобаў?

Супярэчлівым, на думку краязнаўцы, выглядае меркаваньне пракуратуры пра тое, што ў сутарэньні сабору на працягу дзясяткаў гадоў жыхары Глыбокага зносілі і складалі нейкія “косткі, знойдзеныя навокал”. У 1960-я гады ў царкоўным сутарэньні працаваў кансэрвавы завод, і наўрад ці нехта зносіў бы парэшткі або трупы ў цэхі, або пагадзіўся б працаваць на гэткіх “стыхійных могілках”.

Спадар Скрабатун згадвае, што страшная знаходка адразу выклікала цікаўнасьць мясцовых жыхароў. Яны выказвалі вэрсіі пра тое, што ў глыбоцкім саборы маглі загінуць габрэйскія сем’і, якія хаваліся ў сутарэньнях падчас другой сусьветнай вайны. Альбо парэшткі могуць належаць удзельнікам падзеяў усталяваньня савецкай улады ў Глыбокім у 1939 годзе, бо якраз побач з саборам месьціцца будынак, дзе на той час знаходзілася польская ўправа. Потым стала відавочна, што і пракурорскія работнікі і мясцовыя ўлады імкнуцца абмежаваць увагу глыбачан да гісторыі знаходкі парэшткаў і ейнага працягу. Ці не таму перапахаваньне парэштак, забраных на экспэртызу і прывезеных назад у Глыбокае ў пачатку верасьня, адбылося амаль цішком: іх зноў пахавалі ў тым самым сутарэньні, толькі ўжо не пад лесьвіцай, а ў паўднёвай галерэі – у старой крыпце, дзе некалі былі пахаваныя манахі.

Такім чынам, загадка парэштак так і засталася неразгаданай.
XS
SM
MD
LG