Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замак да Дажынак


Адноўленыя вежа і сьцяна Лідзкага замку.

Адноўленыя вежа і сьцяна Лідзкага замку.

Улады загаварылі пра рэканструкцыю — поўную або частковую — большасьці замкаў Гарадзеншчыны. Тут іх восем. Наколькі рэалістычна гэта выглядае? Якія абарончыя пабудовы маюць больш шанцаў на аднаўленьне?

Рэканструкцыя Мірскага замку згодна з плянам мае скончыцца ў наступным годзе. Але цяпер загаварылі пра рашэньне заняцца перш Наваградзкім, а таксама Гальшанскім і Крэўскім замкамі, хоць насамрэч гэта — разваліны, руіны. Кіраўнік упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Лойка патлумачыў:

Ахоўная шыльда на Лідзкім замку
“Такім чынам, спынілася на Наваградзкім, але гэта ня значыць, што будзе адноўлены ўвесь замак. Хутчэй за ўсё, будуць адноўленыя дзьве вежы, у тым ліку “касьцельная”, якая ўжо нахілілася ў другі бок”.

Трыццаць тры гады цягнецца рэканструкцыя Лідзкага замку, але ёсьць падставы спадзявацца, што ў наступным годзе за яго возьмуцца ўсур’ёз.

Лойка: “І яшчэ варыянт — гэта Ліда, таму што ў Лідзе, хіба, будуць “Дажынкі”. Таму, незалежна ад іншых, у Лідзе замак будзе будавацца, там заканчваецца праца над праектам, месяцы праз два скончаць, яго робіць “Мінскпраект”.

Ці дапамогуць “Дажынкі” Лідзкаму замку? Меркаваньне краязнаўца, выдаўца часопіса “Лідзкі летапісец” Станіслава Судніка:

Станіслаў Суднік
“Давайце ня будзем блытаць божы дар зь яечняй. Фінансаваньне замка праходзіць як асобны артыкул бюджэту і ніяк на “Дажынкі” не павінна завязвацца. Будуць “Дажынкі” ці не, ад гэтага залежыць толькі тое, як гэтыя грошы на замак паступяць — адразу ўсе цяпер ці цягам наступных гадоў. Далей, ніхто не зьбіраецца ў сувязі з “Дажынкамі” імгненна завяршаць рэканструкцыю замка. Стаіць задача ўзьняць другую вежу і сьцены прывесьці ў парадак, а ўсё астатняе аздабленьне да “Дажынак” ніхто гнаць ня будзе”.

Спэцыяліст па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама замках, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч лічыць, што аднаго жаданьня ўладаў замала, каб як мае быць аднавіць замкі Гарадзеншчыны:

Алесь Краўцэвіч
“Я маю пра гэта вельмі канкрэтнае меркаваньне, таму што я працаваў шмат гадоў у сыстэме рэстаўрацыі, бачыў многія аб’екты па ўсёй Беларусі. Магу сказаць, што гэта пляны абсалютна пражэктэрскія. Нават калі яны пачнуць нешта рабіць, гэта будзе рабіцца вельмі некваліфікавана, будуць рабіць не прафэсіяналы, а будаўнічыя трэсты, будуць рабіць замкі з сылікатнай цэглы. Яны будуць як дзіцячыя замкі зь пяску, аналягічна. Карацей, улада чарговы раз дэманструе сваю некампэтэнтнасьць. Намі кіруюць кухарчыны сыны, яны не разумеюць элемэнтарнага: перад тым як пачынаць праграму рэстаўрацыі, трэба стварыць сыстэму рэстаўрацыі, навучыць спэцыялістаў, якія змогуць яе рабіць, трэба стварыць матэрыяльную базу для рэстаўрацыі, хаця б невялікі цагляны заводзік, які мог бы рабіць цэглу гістарычную, вялікапамерную гатычную, дахоўку, а не ляпіць з сылікату макеты гэтых замкаў абы-як”.

А якое меркаваньне Алеся Краўцэвіча пра Лідзкі замак, у якім адноўлена адна зь дзьвюх вежаў і дзьве сьцяны?

Краўцэвіч: “Паглядзіце на Лідзкі замак — як там зроблена, увайдзіце ў вежу: бэтонныя перакрыцьці ступенчатыя. А хто можа рабіць нэрвюрныя перакрыцьці? Гэтаму трэба вучыць. На працягу ўсёй гісторыі БССР шмат крычалі, гаварылі пра рэстаўрацыю, але не змаглі зрабіць цагельні для вырабу гістарычнай цэглы, а маленькая Літва зрабіла, і мы ў савецкія часы куплялі за страшэнныя грошы ў Шаўляі рэшткі іхняй цэглы”.

Лідзкі замак аднаўлялі так нядбайна, што адна сьцяна там двойчы падала. Пад ёй ляжыць цяпер крушня з камянёў. Гэтую сьцяну таксама часткова мусілі наўмысна разбурыць, бо яна пагражала людзям. Другую, недабудаваную, вежу таксама спачатку часткова зруйнуюць, каб змураваць яе больш якасна.
XS
SM
MD
LG